Чарговым прыпынкам “аўтаклуба” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці стала вёска Харабровічы. На надворку іх ужо з нецярпеннем чакала 95-гадовая гаспадыня Марыя Лішык з дачкой і суседкай. Па добрай традыцыі артысты павіншавалі Марыю Фёдараўну, падарылі ёй невялікія сувеніры і песні. Разгаварыліся.

Юбілярка расказала, што нарадзілася ў вёсцы Харабровічы ў сялянскай сям’і і ўсё жыццё пражыла тут. Сям’я Марыі трымала вялікую гаспадарку. І калі ў бацькі былі памочнікі – тры сыны, то маці даводзілася спадзявацца толькі на дапамогу маленькай Марыі. Дзеці таго часу з ранніх гадоў прывучаліся да працы, умелі весці хатнюю гаспадарку, працаваць у полі, даглядаць свойскую жывёлу, шыць, вышываць, вязаць, ткаць. Паняцця не было марнаваць час на звычайныя дзіцячыя гульні.

Пасля школы дзяўчына, якая прывыкла да фізічнай працы, пайшла працаваць у калгас: спачатку ў паляводства, а затым і ў жывёлагадоўлю. Была цялятніцай, даяркай. Працоўны стаж Марыі Фёдараўны важкі – больш за 40 гадоў. Да любой справы заўжды адносілася старанна і адказна, таму кіраўніцтва калгаса неаднаразова адзначала яе граматамі, падзячнымі лістамі, каштоўнымі падарункамі, медалямі.
Там жа на ферме працаваў аднавясковец Мікалай Лішык. Паміж маладымі людзьмі ўзнікла сімпатыя, а затым і мацнейшыя пачуцці, хутка Марыя атрымала прапанову аб замужжы. Згулялі вясёлае вясковае вяселле, і маладая жонка пераехала ў хату мужа на правах яшчэ адной гаспадыні, дзе жыве і да гэтага часу.

У сям’і нарадзіліся сын Мікалай і дачка Міраслава. Юбілярка мае трох унукаў і трох праўнукаў. Усе родныя шануюць і клапоцяцца пра Марыю Фёдараўну, а дачка, якая сама ўжо на пенсіі, з’яўляецца пастаянным госцем у мамы – дапамагае вырашаць бытавыя праблемы, сочыць за яе здароўем, падтрымлівае маральна і фізічна роднага чалавека. Гэтай вясной, па старой звычцы, жанчыны пасадзілі вялікі агарод, каб мець экалагічна чыстыя прадукты.

– Цяпер не такое жыццё, як раней, – гаворыць Марыя Фёдараўна. – Некалі мы ў вёсцы хоць і жылі беднавата, але вельмі дружна, усе былі як адна сям’я. Калі надыходзіў сезон касавіцы ды трэба было звозіць сена па дварах, мы па чарзе дапамагалі адзін аднаму і за некалькі дзён спраўляліся з гэтай работай. Нават калі заколем кабана, то быў такі звычай запрашаць усіх вяскоўцаў на свежаніну. Святы адзначаліся так жа – усёй вясковай грамадой. Хочацца пажадаць маладому пакаленню дабрыні ў душы, дружна жыць, любіць адзін аднаго, не забываць свае карані.

Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#годбелорусскойженщины