З такім дэвізам па жыцці ідзе наша працавітая зямлячка і проста цудоўная жанчына Марыя Лаўрукевіч (у дзявоцтве Вейга), якая 23 чэрвеня сустрэла свой 90-ы дзень нараджэння.

Прыемна, што юбілей працаўніцы, захавальніцы народных традыцый супаў з Годам беларускай жанчыны. Павіншаваць імянінніцу з важкай датай завітаў творчы калектыў аддзела па культурна-забаўляльнай дзейнасці раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама старшыня раённага савета ветэранаў Генадзь Суравец і сакратар гэтай грамадскай арганізацыі Ядзвіга Гушча.

Кветкі, падарункі, шчырыя словы і яркая песенная паштоўка пакінулі Марыі Аляксандраўне шмат пазітыўных эмоцый.


Госці зычылі нашай зямлячцы моцнага здароўя, бадзёрага даўгалецця, дажыць да ста і болей, невычэрпнага аптымізму, цудоўнага настрою, спаўнення ўсіх жаданняў і цёплага клопату родных людзей. Паколькі раней работнікі культуры ўжо былі ў Марыі Аляксандраўны з фальклорнай экспедыцыяй у рамках праекта “Вяселле па беларускіх канонах” і даведаліся пра яе актыўны характар і лад жыцця, то не абышлося і без любімага танца імянінніцы – дынамічнай полькі, якую яна станцавала з Ганнай Харлінскай.

Безумоўна, прыгожая юбілейная дата заклікала яшчэ і да ўспамінаў пра мінулае. Як аказалася, на жыццёвым шляху Марыі Лаўрукевіч было нямала цяжкасцяў і выпрабаванняў, з якімі яна спраўлялася, дзякуючы аптымістычнаму настрою і няўрымсліваму характару.

Нарадзілася юбілярка ў вёсцы Янаўшчына ў небагатай сям’і Марыі і Аляксандра Вейгаў, якія былі парабкамі. У хуткім часе яны пераехалі ў вёску Дабраполь, што недалёка ад Моўчадзі, там і заспела вайна. У гады акупацыі дарослыя дапамагалі партызанам. Аднойчы матуля, Марыя Канстанцінаўна, рашылася на вельмі рызыкоўную аперацыю. Партызанам давялося пакідаць вёску праз раку, а ў населеным пункце засталіся іх коні. Каб адвесці іх назад у лес, трэба было праехаць міма бункера, дзе знаходзіўся нямецкі пост. Марыя Канстанцінаўна распарола свой пінжак, запрагла коней і паехала нібыта да партніхі – ворагі яе прапусцілі.

Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ў 1944 годзе бацька быў прызваны ў Чырвоную армію. Ён дайшоў да Прагі, дзе і сустрэў Перамогу. Пакуль ваяваў, дома нарадзілася малодшая дачка, і старэйшай Марыі давялося ўзяць на сябе многія клопаты па хатняй гаспадарцы, яна была вымушана спраўляцца з дарослай работай. Потым дамоў вярнуўся тата, худы, знясілены, з кіёчкам.

Мірнае жыццё пачыналася няпроста, аднак на вайне выжыў гаспадар (такое шчасце было не ва ўсіх). Яго выхадзілі, ён стаў моцным, здаровым. У 1949 годзе Вейгі ўжо пабудавалі ўласны дом у тады яшчэ гарадскім пасёлку Дзятлава. Тут Марыя скончыла вячэрнюю школу і адразу пайшла працаваць: 22 гады была санітаркай у дзятлаўскай бальніцы, потым яшчэ 14 – прыбіральшчыцай у райкаме, а на пенсіі аж да 75 гадоў працавала на такой жа пасадзе ў аптэцы.


Нягледзячы на складанасці лёсу, Марыя Аляксандраўна змагла знайсці сваё жаночае шчасце. З будучым мужам, Лявонам Іванавічам, дзяўчына пазнаёмілася на моладзевай танцавальнай пляцоўцы ў гарадскім парку. Ён быў завідным жаніхом (мараком), бо тры з паловай гады адслужыў у арміі ў ваенна-марскім флоце. Хлопец запрасіў яе на танец, а потым доўга не мог адшукаць сярод іншых дзяўчат, бо на пляцоўцы было цемнавата. Аднак калі людзям на нябёсах наканавана быць разам, то жыццё нібыта падштурхоўвае іх адзін да аднаго. Склалася ўсё і ў Лявона і Марыі. Разам яны пражылі 51 год, выгадавалі дачку Алену і сына Леаніда. Сёння Марыя Аляксандраўна – шчаслівая бабуля, у якой ёсць шэсць унукаў і чацвёра праўнукаў. Яна агорнута ўвагай і клопатам блізкіх, хаця і сама не скараецца гадам: як зазначаюць родныя, бабуля часта прыходзіць да іх у госці, не чакаючы, пакуль яе хто-небудзь адведае. У свае шаноўныя дзевяноста Марыя Лаўрукевіч садзіць агарод і хваліцца, што вельмі добра сёлета расце бульба, на швейнай машынцы рамантуе адзенне для ўнукаў.


– Не магу ўседзець на месцы без работы, такі ўжо характар, – прызнаецца юбілярка. – Думаю, заставацца бадзёрай мне дапамагаюць аптымізм, пазітыўныя адносіны да людзей і любоў да працы.

Дні нашай шаноўнай зямлячкі праходзяць у прыемных жыццёвых клопатах пра родных, парадак у кватэры, будучы ўраджай. З пазіцыі шматгадовага вопыту яна зазначае, што самае галоўнае для чалавека – гэта мір, а астатняе дасягаецца прыкладзенымі намаганнямі.

Маладому пакаленню дзятлаўчан Марыя Аляксандраўна пажадала моцнага здароўя, дабрабыту і любіць сваю Радзіму.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины