Не існуе на Зямлі адзінкі вымярэння, якой можна было б абазначыць мацярынскую любоў, бо гэта настолькі тонкая і адказная эмоцыя, якая не вымяраецца, затое правяраецца – гадамі, учынкамі, справамі.
Мацярынскія пачуцці нашай зямлячкі Людмілы Асіпук даўно прайшлі праверку на трываласць і дастойныя самай высокай ацэнкі.
Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская, Людміла Мікалаеўна з’яўляецца прыёмнай матуляй з 25-гадовым стажам прафесійнай дзейнасці. Пачаўся ён у аддзеле адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама ў лютым 2001 года, калі наша зямлячка стала прыёмнай маці, з 2007 па 2014 гады яна была матуляй-выхавальніцай дзіцячага дома сямейнага тыпу. Цяпло сямейных узаемаадносінаў дзецям, якія засталіся без падтрымкі кроўных бацькоў, прадаўжае дарыць і сёння.
За чвэрць стагоддзя з-пад цёплага і надзейнага крыла Людмілы Мікалаеўны выйшлі восем усынаўлёных і 22 прыёмныя дзіцяці. Зразумела, што гэта не проста лічба. Цудоўная, цярплівая, уважлівая жанчына змагла сагрэць параненыя рознымі жыццёвымі абставінамі сэрцы трыццаці непаўналетніх, якія дзякуючы яе намаганням атрымалі прафесіі і пуцёўку ў самастойнае жыццё.
– Мацярынскія пачуцці і прафесійная дзейнасць у Людмілы Асіпук зліліся ў адно высакароднае і значнае дасягненне – вялікую сям’ю, – зазначае дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч. – Надзвычай важна, што ў аснове сямейнага выхавання Людмілы Мікалаеўны ляжыць фарміраванне ў кожнага дзіцяці якасцяў асобы, якія дапамагаюць паспяхова вырашаць жыццёвыя задачы і прызначэнні, што сустракаюцца на шляху. Усе без выключэння яе выхаванцы атрымалі прафесіі і знайшлі сваю справу жыцця, некаторыя яшчэ вучацца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а ў сям’і на сёння гадуюцца чацвёра непаўналетніх.
Павагі заслугоўвае і яшчэ адно правіла гэтай мудрай жанчыны – выхоўваць усіх дзяцей у роўных умовах, не дзелячы іх на родных і прыёмных, а любыя непаразуменні яна заўжды імкнецца вырашаць у форме дыялогу і лічыць, што з дапамогай добрага слова, любові, пяшчоты, даверу хутчэй можна дабіцца жаданых вынікаў. Немалаважна, што пры выхаванні сыноў і дачок Людміла Мікалаеўна ўлічвае ўсе фактары і сітуацыі, у тым ліку вопыт жыцця дзіцяці ў роднай сям’і, часам, далёка не пазітыўны. Як сапраўдны прафесіянал і чулая маці, Людміла Асіпук вызначылася з найбольш значнымі якасцямі і ўменнямі, якія імкнецца сфарміраваць у дзяцей. Найперш, гэта самастойнасць, любоў да працы, павага да членаў сям’і і людзей.
За чвэрць стагоддзя шматдзетная замяшчальная сям’я Асіпукоў, як маладое дрэва, увайшла ў сілу, “прырасла” маладымі галінкамі. Асабліва гэта відаць у час святаў, калі дом Людмілы Мікалаеўны напаўняецца гасцямі: былыя выхаванцы прыходзяць ужо са сваімі сем’ямі, сярод якіх ёсць і шматдзетныя.
За поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення Людміла Асіпук неаднаразова адзначана ўзнагародамі. У яе скарбонцы – граматы аддзела адукацыі, выканаўчага камітэта, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, іншыя. А ў сакавіку 2021 года Людміле Мікалаеўне па выніках конкурсу Беларускага саюза жанчын прысвоена званне “Жанчына года-2020” у намінацыі “Мацярынская слава”.
Зразумела, што за ўсімі дасягненнямі – звычайныя будні вялікай сям’і з банальнымі гаспадарчымі справамі, пошукамі мудрых рашэнняў, поспехамі і няўдачамі, напружанымі і шчаслівымі момантамі – усё як у іншых людзей, толькі вынік заўсёды трэба памнажаць на трыццаць. Менавіта столькі лёсаў сышлося ў адным горадзе, доме, каб сагрэцца каля цёплага матчынага сэрца, расправіць крылы і, як промні вялікага і спрадвечнага сонца, разбегчыся ў розныя бакі – свяціць і надалей: працаваць, расці, гадаваць уласных дзяцей, укараняючы ўжо ў іх жыцці простыя і зразумелыя ісціны прыёмнай, але такой роднай і блізкай матулі Людмілы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Годбелорусскойженщины