Фотаздымкі – сведкі гісторыі чалавека, калектыву, арганізацыі, эпохі. Праз гады і дзесяцігоддзі яны даюць магчымасць ратаўнікам узгадаць самыя яркія моманты, падзеі, эмоцыі, саслужыўцаў і тое, як развівалася, мадэрнізавалася пажарная служба Дзятлаўшчыны, заснаваная на прынцыпах мужнасці, братэрства і ўзаемнай падтрымкі.

Завяршыць праект хацелася б не архіўным, а сучасным фота, якое ў будучым стане гісторыяй пажарнай службы Дзятлаўскага раёна. На ім – супрацоўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 гарпасёлка Казлоўшчына. За плячыма кожнага з іх – каля 20 гадоў службы ў МНС, а побач – плячо калегі і надзейнага сябра. Так было, ёсць і будзе. Вопытныя ратаўнікі, якія і сёння ў страі, расказалі пра сваю работу і прызванне.

– Пажарнае братэрства – гэта міф ці рэальнасць?

Аляксандр Гародка, вадзіцель, прапаршчык:

– Братэрства, чалавечнасць, узаемная падтрымка – гэта тое, што ёсць і павінна быць не толькі ў пажарнай службе, а ва ўсіх арганізацыях. Так было ў ПМК, дзе працаваў вадзіцелем самазвала, гэтак жа склалася і тут. Я не схлушу, калі скажу, што ўсе, хто служыць на ПАВП № 11, як адна вялікая сям’я, якую адрознівае згуртаванасць, узаемная дапамога як на рабоце, так і па-за ёю. Для маладых, якія робяць першыя крокі ў прафесіі, вельмі важная падтрымка таварышаў, я таксама яе атрымліваў, а цяпер дапамагаю малодшаму пакаленню. Служба ў МНС нялёгкая і не рамантычная, як можа здацца. Але кожны, хто прысвяціў сваё жыццё выратаванню людзей, працуе ў камандзе і ведае, што братэрства – наша рэальнасць.

– Узгадайце самы запамінальны момант за два дзесяцігоддзі службы ў МНС.

Уладзімір Зарэцкі, старшы інструктар-ратаўнік, старшы прапаршчык:

– Мабыць, не толькі для мяне самым памятным стаў першы выезд на пажар – у Рудзе Яварскай гарэў жылы дом. Я быў малады, нявопытны, тады яшчэ не ведаў раёна выезду. Мы былі першым падраздзяленнем, якое прыбыло на месца здарэння, знайшлі там загінулага, было страшна даставаць яго з дома. Аднак старэйшы таварыш Валянцін Сіняк і мой равеснік Дзмітрый Плюснін не далі разгубіцца, падтрымалі і зарыентавалі на месцы. Ужо колькі гадоў мінула, розныя сітуацыі былі, нават больш складаныя, толькі на маім асабістым рахунку трое выратаваных на пажары. Аднак той выпадак не забуду ніколі.

– Быць ратаўніком – ваша мара дзяцінства ці свядомы выбар?

Алег Грышук, вадзіцель, прапаршчык:

– З дзяцінства марыў быць героем, чамусьці, калі чытаў кніжкі ў пачатковай школе, уяўляў сябе лётчыкам. Рады, што выбраў не менш адказную і высакародную прафесію, прадоўжыў дынастыю. У МНС знайшоў дружны калектыў, надзейных сяброў, адказную, важную работу з дастойнай аплатай працы. Нядаўна пайшоў на пенсію мой камандзір Аляксандр Трайнель, з якім разам служылі 20 гадоў у адным каравуле, моцна паважаю яго, мы сябруем дагэтуль. Сям’я падтрымлівае, ганарыцца татам-ратаўніком, што дае мне стымул. І толькі папрацаваўшы ў пажарнай службе не адзін дзясятак гадоў, я зразумеў, што пажарныя не героі, а жывыя людзі: усе мы перажылі і бачылі шмат на сваім вяку, тым не менш, ніколі не зможам спакойна рэагаваць на гібель і людское гора. Але мы можам зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб яго стала менш.

– Па-вашаму, якімі якасцямі характару павінен валодаць супрацоўнік пажарнай службы?

Дзмітрый Плюснін, старшы інструктар-ратаўнік, старшы прапаршчык:

– Як ні банальна, самае важнае ў прафесіі – устойлівая псіхіка і ўменне валодаць сабой у няштатных сітуацыях. Ад гэтага залежыць не толькі вынік работы, але і жыццё самога ратаўніка. Смеласць і адвага, але зноў-такі, падмацаваная аб’ектыўнай ацэнкай сітуацыі. У кожнага з нас ёсць страх, і гэта нармальна, яго можна назваць асцярожнасцю і трансфармаваць на карысць справы. Правіла нумар адзін у рабоце пажарнага: сям’я павінна дачакацца вас з дзяжурства жывога і здаровага. Яшчэ адна немалаважная рыса характару – уменне давяраць і спадзявацца адзін на аднаго, таму мы не толькі сапраўдная каманда, але і сябры, нават дзяцей адзін у аднаго хрысцілі, а з тым, хто выйшаў на пенсію, таксама не губляем сувязі.

– Чым адрозніваецца работа вадзіцеля МНС ад “грамадзянскай”?

Андрэй Антончык, вадзіцель, прапаршчык:

– Розніца ў абавязках і ступені адказнасці: на сваёй рабоце мне даручаны не толькі аўтамабіль, але і ўвесь асабовы састаў, які выязджае са мной на заданне, разам з таварышамі адказваю за вынік справы. Работа вадзіцеля-ратаўніка разлічана па хвілінах, ад якіх часам залежыць нечае жыццё. На пажары дапамагаю калегам, з’яўляюся паўнацэнным членам каманды, у якой усе адзін за аднаго. Працую ў змене з Аляксандрам Яфімікам і Уладзімірам Зарэцкім. Адно з галоўных адрозненняў ад грамадзянскай работы ў тым, што ў пажарнай службе – гэта не проста прафесія, а лад жыцця. Нават калі змена заканчваецца, мы ўсё адно застаёмся тымі, хто ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации