Праект “Пажарнае братэрства. Гісторыя аднаго фота”. Праз церні да зорак

Фотаздымкі – сведкі гісторыі чалавека, калектыву, арганізацыі, эпохі. Праз гады і дзесяцігоддзі яны даюць магчымасць ратаўнікам узгадаць самыя яркія моманты, падзеі, эмоцыі, саслужыўцаў і тое, як развівалася, мадэрнізавалася пажарная служба Дзятлаўшчыны, заснаваная на прынцыпах мужнасці, братэрства і ўзаемнай падтрымкі.

– Гэта быў дзень пажарнай службы, можа, 1998 год, на той час я ўжо служыў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях каля пяці гадоў, – пачынае аповед былы інспектар пажарнага нагляду, а сёння – страхавы агент прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” па Дзятлаўскім раёне Сяргей Казак. – На фота  – увесь афіцэрскі састаў нашага аддзела.

Ужо тады з’явілася традыцыя ладзіць паказальныя выступленні супрацоўнікаў РАНС з нагоды прафесійнага свята і важных дзяржаўных падзей. Пасля ваенізацыі пажарнай службы сфарміраваўся трывалы касцяк работнікаў, аднак яшчэ заставаліся пытанні па матэрыяльным забеспячэнні.

– Гляджу на гэтае фота і ўспамінаю, што для мерапрыемства шукалі белыя кашулі, хто дзе мог. У мяне, напрыклад, армейская, якую прывёз са службы па кантракце ў авіяцыі ў Туркменістане.

Пасля распаду Савецкага  Саюза, калі кожная з былых саюзных рэспублік пачала ствараць свае Узброеныя Сілы, Сяргей Іванавіч вярнуўся на малую радзіму, дзе ў пачатку ліхіх 90-х шукаў сябе, стабільнасць і работу. Усё гэта, а яшчэ надзейных таварышаў і верных сяброў знайшоў у Дзятлаўскім РАНС. Мінулі гады, а Сяргей Казак з цеплынёй узгадвае і называе па імёнах кожнага, хто на гэтым фота. Сам ён прысвяціў рабоце ў інспекцыі дваццаць гадоў, якія сталі адной з цэнтральных старонак яго біяграфіі.

– Па гэтым фотаздымку можна зразумець, якая на той час была тэхніка, – расказвае ён. – На заднім плане – ужо легенда, пажарны аўтамабіль ЗІЛ-130. Тады на ўзбраенні ратаўнікоў раёна былі толькі ён, ЗІЛ-131 і “Урал”.

Па словах суразмоўцы, аб’ёму цыстэрны ў 2,4 тоны хапала толькі на некалькі хвілін актыўнага тушэння пажару, пасля чаго трэба было зноў набіраць яе з вадаёма. Мабыць, адтуль цягнуцца карані злога жарту пра пажарных, якія прыехалі без вады. Сёння сітуацыя кардынальна іншая: на баявым дзяжурстве – дзесяцітонныя МАЗы, якім пад сілу вырашэнне складаных задач.

Было няпроста, аднак у такіх умовах загартоўваліся характар і воля, закладваліся асновы пажарнага братэрства. Разам з фарміраваннем калектыву аддзела выпрацоўваліся і метады работы.

– Праводзілі рэйды, размаўлялі з людзьмі, выяўлялі небяспечныя ацяпляльныя прыборы, аварыйную электраправодку, размаўлялі, а калі папярэджанні не дапамагалі, прымалі меры. Працавалі дружна: кожны ведаў сваю работу, пры гэтым ніколі не адмаўляючы ў падтрымцы калегам, – расказавае Сяргей Казак. 

– Ці часта атрымлівалася сабрацца такой кампаніяй, як на фота?

– Раз на год, у Дзень пажарнай службы, сустракаліся. Гэта было сапраўднае свята, якое падтрымлівалася і заахвочвалася на раённым узроўні.

– Вы бачыце, як працуюць ратаўнікі сёння. У чым падабенства і адрозненне з часамі, калі працавалі вы?

– Пажарнае братэрства, падтрымка, надзейнае плячо таварыша – нязменныя ў нашай службе ва ўсе часы. З другога боку, за некалькі дзесяцігоддзяў істотна палепшылася матэрыяльнае забеспячэнне: сёння ў арсенале ратаўнікоў сучасныя тэхніка і інструменты, паўсядзённае і параднае абмундзіраванне, прыгожая новая часць. Усе ўмовы, толькі працуй!

– Ці шкадуеце, што ваш працоўны шлях праходзіў праз няпростыя часы станаўлення пажарнай службы, а не цяпер?

– Я толькі рады таму, што ў Беларусі з кожным годам усё больш надаецца ўвагі рабоце па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, што работа пажарных шануецца і падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні, мае свой высокі статус. Бо няма нічога больш каштоўнага за жыццё і бяспеку людзей, якія кожны дзень аберагаюць супрацоўнікі МНС.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Водные игры небезопасны

Водные игры в необорудованных и несанкционированных местах крайне опасны. Непроверенное дно, скрытые коряги, водовороты и…

2 часа ago

Прыём грамадзян

16 ліпеня з 14.30 да 16.30 у будынку Казлоўшчынскага сельвыканкама выязны прыём грамадзян правядзе начальнік…

2 часа ago

Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

9 ліпеня член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй…

16 часов ago

“Дзень свабоды і памяці”

Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы 9 ліпеня прайшоў дыялог пакаленняў, прысвечаны дню вызвалення…

17 часов ago

Якое значэнне для дзятлаўчан мае дата 9 ліпеня?

Аляксандр Бургун, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна: – У Дзень Перамогі мы ўзгадваем продкаў, якія адстаялі…

19 часов ago

Незабыўныя старонкі ваенных гадоў. Горад Дзятлава сустрэў Дзень вызвалення

9 ліпеня каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку…

19 часов ago