Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і шчасце людзей. Пра герояў сучаснасці, якія сёння працуюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, на старонках газеты “Перамога” раскажуць тыя, хто за іх перажывае і ганарыцца імі.
– Адчуў, што змагу, што хапае сіл і энергіі несці гэту няпростую службу, дапамагаць людзям, – расказвае галоўны матыў свайго паступлення на службу ў МНС вадзіцель ПАВП-13 Дзятлаўскага РАНС Яўгеній Марчук.
Ратаўнік не імкнецца да бяздумнага геройства, з прафесіяналізмам і халоднай галавой падыходзіць да кожнага задання. Бо ніколі не забывае: дома чакаюць яго любімыя дзяўчынкі – жонка Дар’я і трохгадовая дачка Сафія. Да іх ён павінен вярнуцца жывым і здаровым.

Дар’я Марчук – першая, хто падтрымаў мужа ў выбары прафесіі. Жанчына працуе бухгалтарам, стварае ўтульнасць у сямейным куточку і выхоўвае дачушку, пакуль муж нясе адказнае дзяжурства на пасту. Яна расказала, чаму ганарыцца выбарам свайго мужчыны, і адказала на некалькі пытанняў.
– Што памянялася ў вашым жыцці, калі муж стаў працаваць у МНС?
– У першую чаргу, памяняліся да лепшага настрой і душэўны стан мужа: ён шукаў насычаную падзеямі, адказную работу, напоўненую разумнай рызыкай, бо не любіць сядзець на месцы. Заўсёды хацеў быць патрэбным людзям. Нідзе не бывае проста, але гэтыя складанасці мой Яўгеній праходзіць дастойна, ахвотна і з захапленнем расказвае нам пра сваю работу.
– Што значыць быць жонкай ратаўніка?
– Гэта ганарова і вельмі адказна: я разумею, што майго мужа чакаюць там, дзе людзі патрапілі ў бяду, спадзяюцца на яго. І калі нават у выхадны паступае званок аб тэрміновым працоўным зборы, адпускаю яго з лёгкім сэрцам. За гады нашага сямейнага жыцця ён паказаў сябе як чалавек, які ідзе да канца і адшуквае выйсце ў любых складаных сітуацыях, выконвае ўсе свае функцыі на выдатна і нават звыш таго.
– Ці моцна перажываеце, калі муж на дзяжурстве?
– Давяраю яго адказнасці, спакою, разважлівасці і аярожнасці. Таму заўсёды думаю пазітыўна і веру ў лепшае.

– Які Яўгеній у сямейным жыцці?
– Таксама ратаўнік – адказны, стопрацэнтна надзейны, клапатлівы, з выдатным пачуццём гумару. Мы з ім, як агонь і вада: у мяне выбуховы эмацыянальны характар, які ён заўсёды паспяхова тушыць і накіроўвае ў мірнае рэчышча. Таму ў нас практычна не бывае спрэчак.
– Чаго чакаеце ад будучыні?
– Радуюся, што муж знайшоў сваё прызванне, і хачу, каб ён атрымаў прафесійную адукацыю, рос прафесіянальна, дасягаў новых вышыняў. А мы яго абавязкова ў гэтым падтрымаем.
Маленькая Сафія з любоўю і захапленнем глядзіць на свайго тату ў форме МНС, утульна ўладкаваўшыся на яго руках, прымярае форменны галаўны ўбор. Шчыра прызнаецца, што марыць стаць бухгалтарам, як мама, але дакладна ведае, хто ў іх сям’і самы мужны.
– Хто такі ратаўнік? – напрыканцы нашай сустрэчы пытаюся ў Сафіі.
– Ратаўнік – гэта мой тата, – упэўнена заяўляе яна.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае