У Дзятлаве прафсаюзны прававы прыём грамадзян па пытаннях тлумачэння нормаў заканадаўства, якія рэгулююць сферу працоўных і звязаных з імі праваадносінаў, правяла прававы інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Дар’я Пугач.

У раённае аб’яднанне прафсаюзаў, дзе вялі прыём яго старшыня Аляксандр Дубовік і Дар’я Генадзьеўна, з цікавым пытаннем звярнуўся жыхар раёна, пенсіянер. Арганізацыя, у якой раней працаваў мужчына, цяпер ліквідавана, а ён хоча стаць членам прафсаюза ў якой-небудзь іншай арганізацыі. Ці магчыма гэта зрабіць? Дадзенае пытанне ўзялі на кантроль.

Да прававога прыёму грамадзян у раённай бібліятэцы далучыўся пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго. Ён нагадаў аб забароне на падпіску на экстрэмісцкія сайты. На сёння па Дзятлаўскім раёне за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў па артыкуле “Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў” прыцягнута ўжо больш за дзесяць чалавек. Неабходна быць пільнымі, каб не атрымаць пакаранне. Засяродзіў увагу і на тэлефонным махлярстве, якое застаецца на кантролі праваахоўных органаў, таму што выпадкі падману людзей фіксуюцца часта. У нашым раёне таксама нядаўна некалькі чалавек з-за сваёй неабачлівасці страцілі вялікія сумы.

Пра дысцыплінарную адказнасць, яе віды, па якіх прычынах наймальнік можа прыцягнуць да такой адказнасці работніка, расказала Дар’я Пугач. Да прыкладу, бываюць выпадкі, калі чалавека караюць за тое, што не ўваходзіць у яго службовыя абавязкі, тады можна абскардзіць рашэнне кіраўніка. Разабрацца ў такіх пытаннях дапаможа прафсаюз.

Таксама Дар’я Генадзьеўна закранула тэму тыпавых штатаў і нарматываў колькасці работнікаў бібліятэк, якія нядаўна ўступілі ў сілу, абмеркавалі з прысутнымі праблемныя пытанні з улікам рэалізацыі ў практыцы гэтай пастановы Міністэрства культуры.

Яшчэ два пытанні цікавілі бібліятэкараў: ці можна працоўны водпуск падзяліць больш, чым на дзве часткі і асаблівасці указа “Аб сацыяльнай падтрымцы”, які ўступіць у сілу з новага года, на што ён скіраваны і як палепшыць сістэму дзяржаўных гарантый для беларусаў, асабліва працуючых пенсіянераў. Адказы на гэтыя пытанні атрымалі на месцы.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации