Яе добра ведаюць у Дзятлаве. Калі ідзе па вуліцы, з ёю вітаецца амаль кожны сустрэчны. А хадзіць штодзённа ў цэнтр стала правілам жыцця: прывыкла быць сярод людзей, зацікаўлена прыглядацца.
Яшчэ прывычнае – перакінуцца словам з тым, каго даўно не бачыла. Гэта арганічная патрэба душы творчага чалавека, які не можа жыць без уражанняў. У Дзятлаве пра яе кажуць: “Наша Юргілевіч”.
4 верасня гэтага года Леанарда Станіславаўна адзначае свой дзень нараджэння. Гадавіна такая дае падставу азірнуцца і згадаць з пачуццём самоты і жалю родную вёску Рагалёўшчына (Валожынскі раён), ранняе сіроцтва, калі не стала мамы, цяжкую недзіцячую працу на гаспадарцы. Затым была школа-інтэрнат у Іўі, у Свіслачы, захапленне словам і першыя літаратурныя спробы. Яны нават прывялі на абласны семінар маладых пісьменнікаў, які ладзіўся ў Гродне. Здымак з нагоды завяршэння гэтага люднага трохдзённага семінара фіксуе юную школьніцу з тоўстай касой цераз плячо, што ўпэўнена займае месца ў першым радзе, паміж Нілам Гілевічам і Піліпам Пестраком.
Пасля школы трэба было ісці працаваць. А што было ў духоўным багажы? Толькі ўменне пісаць. Так Леанарда Юргілевіч апынулася ў штаце Дзятлаўскай раённай газеты “Перамога”, якая стала для яе і школай жыцця і лабараторыяй творчасці. Тут лёс адмераў ёй дзесяцігоддзі працоўных будняў, той рэдакцыйнай цякучкі, якая вучыць нялёгкай прафесіі журналіста. Была, праўда, і завочная вучоба на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але завяршыць яе не ўдалося па прычынах вельмі сур’ёзных. Тым больш трэба было давесці і сабе, і чытачам, што яна не проста выконвае абавязкі газетчыка. Маючы бясспрэчныя літаратурныя здольнасці, яшчэ і вельмі старалася. Паступова адчула смак журналісцкай працы. Асабліва тады, калі “загаварылі” ў яе самыя розныя газетныя жанры – нарыс, артыкул, фельетон, рэпартаж, інфармацыйныя матэрыялы. Ганарыцца сваімі фельетонамі і шкадуе, што сённы гэты жанр, па сутнасці, знік са старонак прэсы. Бывала, што аўтарку фельетона, які меў моцны грамадскі рэзананс, выклікалі разам з рэдактарам “на дыван” і нават пагражалі адміністрацыйнай расправай. Але ж была яна ўжо класнай журналісткай, і ўсё абыходзілася. А колькі чарнавой газетнай работы перарабіла, колькі было паездак ды беганіны па раёне, колькі сустрэч, знаёмстваў, размоў, колькі спісана блакнотаў! Гэта сталася яе жыццём.
Непрыкметна побач з газетнымі матэрыяламі сталі з’яўляцца на свет мастацкія творы – апавяданні, гумарэскі. Ужо раннія творы атрымаліся ў яе арыгінальнымі, падказанымі ўласным жыццёвым вопытам і ўласным ладам душы. Леанарда Юргілевіч выпрацавала сваю непаўторную форму малога апавядання і заняла цалкам самастойнае месца ў беларускай літаратуры, дзе паспяхова працавалі ў гэтым жанры Янка Брыль, Фёдар Янкоўскі, Аляксей Карпюк, Лідзія Арабей. Творы Леанарды Юргілевіч – міні-сцэнкі, насычаныя дзеяннем, часцей дыялогам, вельмі каларытным. Гэта кавалачкі чалавечых лёсаў, убачаныя на нейкім нечаканым павароце, які раскрывае глыбокую маральна-псіхалагічную сутнасць чалавека. Герой пісьменніцы нешта раптам вытварае, дзівачыць, робіць нейкі неардынарны жыццёвы крок, які набліжае персанажа да чытача і прымушае яго задумацца. У гэтым сэнсе мініяцюры нашай пісьменніцы – урокі жыцця, цікавыя для кожнага. Характэрна, што аўтарка любіць сваіх герояў, абмалёўвае іх са шкадаваннем, спачуваннем, часам з прыхаваным захапленнем. Хаця гэта вельмі розныя людзі і жывуць кожны па-свойму. Адпаведна танальнасць твораў таксама розная. Можна размежаваць апавяданні на гумарыстычныя, журботна-светлыя, эпічна строгія, драматычна-балючыя.
Выдатная якасць твораў Леанарды Юргілевіч – натуральнасць інтанацый і моўна-фразеалагічных сродкаў, нязмушаны апавядальна-размоўны стыль. Пісьменніца валодае рэдкім чуццём слова, разумеючы, што ў прозе яно гутаркова-звычайнае і разам з тым багатае сэнсавымі і эмацыянальнымі адценнямі. Чытаеш яе апавяданне і ствараецца ўражанне, што гэта эпізод з рэальнага жыцця, літаральна спісаны з натуры. Гэтай ілюзіі лёгка паддаецца масавы чытач, які не сумняваецца, што Леанарда Юргілевіч апісала рэальнае здарэнне. І, каб задаволіць сваю цікаўнасць, даведацца пра новыя падрабязнасці, пра тое, што ж адбылося далей, пачынае распытваць у суседзяў, знаёмых: а дзе ж гэта было? Такі роспыт, бывала, ланцужком даходзіў да самой пісьменніцы. Вось тут і крыецца адказ на пытанне, а што ж такое – мастацтва, у чым яго глыбінны сакрэт? А гэта і ёсць здольнасць мастака слова паднесці ўласны домысел так, каб мы паверылі, што гэта жыццё, што гэта адбываецца (ці можа адбыцца) з намі і вакол нас.
Высокім літаратурным аўтарытэтам для Леанарды Юргілевіч з’яўляецца наш знакаміты празаік Вячаслаў Адамчык (1933-2001), дарэчы, нараджэнец Дзятлаўшчыны (з в. Варакомшчына). Перачытвае яго зноў і зноў. Гэта і творчая вучоба, якой, напэўна, не будзе канца. Як не будзе канца і жаданню пісаць.
Сёння Леанарда Юргілевіч па-ранейшаму актыўна працуе як пісьменніца. Рэгулярна друкуе свае творы ў Дзятлаўскай раёнцы “Перамога”. Шмат друкавалася ў часопісе “Вожык” і іншых. Выйшлі яе зборнікі прозы “Грэшная душа” (2000), “Восеньскае танга” (2003), “Доўгі калідор” (2017). Адзначана за літаратурныя дасягненні рэспубліканскай і абласной прэміямі, а таксама спецыяльным дыпломам і прэміяй Амерыканскай кампаніі “Філіп Морыс”. Была ўдзельніцай Усебеларускага фестывалю сатыры і гумару ў Аўцюках, дзе атрымала дыплом “За развіццё традыцый беларускага гумару”.
Літаратура для яе – справа жыцця. Ды ёсць у гэтым жыцці месца і для іншых каштоўнасцяў. І тут нельга абмінуць яе харошых дзяцей – сына і дачку, якіх з мужам выгадавала, вывела ў людзі. Цяпер мае пяцёра ўнукаў, якімі ганарыцца і за якіх няспынна перажывае, як толькі можа перажываць таленавітая асоба, што вельмі абвострана рэагуе на ўсё благое і добрае. А яшчэ – кветкі. Яны для Леанарды Юргілевіч – важная праява прыгажосці жыцця. Кветкі розных гатункаў і колераў растуць каля дома, дзе яна жыве. Калі ж зазірнеце ў кватэру, не зможаце не ўзрушыцца: колькі тут вазонаў, і амаль усе яны цвітуць. Ёсць тут высокія, да столі, ёсць зусім маленькія, ёсць знаёмыя па раслінна-дэкаратыўным афармленні іншых памяшканняў. Але большасць – дзівосныя экзоты, асвоеныя гаспадыняй, якая знаецца на вазонах і любоўна даглядае іх.
Кожны дзень, ва ўсякае надвор’е яна, Леанарда Юргілевіч, ідзе ў цэнтр горада. Ідзе, каб наведаць бібліятэку, ці пошту, заглянуць на рынак, каб нешта купіць ды пабачыцца з людзьмі. Часцей жа ідзе проста так, і гэта ёй падабаецца. Крочыць роўнай няспешнай хадой знаёмымі да болю вуліцамі. З выгляду гэтакая элегантная, стыльная. Быць можа, думае пра нешта сваё, творчае. Можа, раптам склалася новае апавяданне. І, здаецца, цікавае. Неўзабаве мы яго прачытаем.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#деньписьменности