Ключы ад новага аўтамабіля айчыннай вытворчасці ўрачыста атрымала старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка.

Іх з найлепшымі пажаданнямі Але Дзмітрыеўне перадаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.


Пакуль што новенькі седан BELGEE S50, упрыгожаны паветранымі шарамі, красуецца на падворку сельвыканкама і прываблівае погляды вадзіцеляў, якія праязджаюць міма па дарозе. Падзівіцца і сапраўды ёсць на што. Перламутравая прыгажуня блішчыць на сонцы: адразу відаць, што яна нядаўна сышла з канвеера. Аднак орган мясцовага самакіравання набываў транспартны сродак не дзеля прыгажосці.


– За апошнія пяць гадоў гэта шосты аўтамабіль, якім папоўніўся аўтапарк сельвыканкамаў нашага раёна, – патлумачыў Аляксандр Бараноўскі. – Старшыні павінны быць мабільнымі, бо менавіта яны адказваюць за стан спраў на падведамаснай тэрыторыі. Звычайна ў невялікіх вёсках жывуць састарэлыя людзі, якія патрабуюць да сябе асаблівай увагі, і старшыня сельвыканкама кругласутачна павінен быць на сувязі з імі, вырашаць надзённыя праблемы. Сярод іх – навядзенне парадку, якасць гандлю, сустрэча са старастамі населеных пунктаў. Машына ў падобнай рабоце іграе вядучую ролю, бо дазваляе хутка і своечасова дабірацца туды, дзе патрэбна дапамога дэпутата. Зразумела, што яе спраўны тэхнічны стан пры гэтым таксама мае ключавое значэнне.

– Цяпер наш транспартны сродак не толькі новы і надзейны, але яшчэ і камфортны, больш эканомны па спажыванні паліва, а цудоўным бонусам да гэтага стала скідка, якая дзейнічала па акцыі ў час афармлення пакупкі, – не можа нарадавацца на абноўку Ала Гародка. – На набыццё былі выдзелены сродкі з раённага бюджэту ў памеры пяцідзесяці трох тысяч шасцісот рублёў. Ранейшы наш аўтамабіль “Ніва” быў выстаўлены на аўкцыён, яго набыла іншая арганізацыя. Машына была 2013 года выпуску, часта ламалася з-за значнай ступені зносу.

На сёння работа ў сельвыканкаме проста немагчымая без пераездаў. На тэрыторыі Казлоўшчынскага сельсавета знаходзяцца 32 вёскі, адлегласць паміж дальнімі кропкамі адміністрацыйнай тэрыторыі складае да 25 кіламетраў, а дабірацца да іх трэба. У сезон у нас працуюць работнікі зялёнага будаўніцтва, якіх разам з інструментам падвозім у населеныя пункты для абкошвання і добраўпарадкавання тэрыторый. Немагчыма без аўтатранспарту наведваць домаўладанні катэгарыраванай групы грамадзян, ёсць і іншыя пытанні, якія патрабуюць мабільнасці.
За тое, што ў нашым сельвыканкаме з’явілася новая машына, а гэта вельмі значная падтрымка, выказваю словы шчырай удзячнасці кіраўніцтву раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

Цяпер новая машына з утульным салонам будзе дапамагаць Але Дзмітрыеўне ў яе паўсядзённых клопатах, якіх, як мы ўпэўніліся, дастаткова ў органаў мясцовага самакіравання, а змястоўны багажнік дазволіць перавозіць рабочы інвентар да месцаў добраўпарадкавання.
Радуе, што ў пяцігодку якасці ў Беларусі камфорт працы і жыцця павышаецца як у вялікіх гарадах, так і ў сельскай мясцовасці.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае