Па інфармацыі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе матэрыяльны ўрон, прычынены грамадзянам, па крымінальных справах, вытворчасць якіх ужо скончана, склаў больш за 180 мільёнаў рублёў, прычым 20 % ад гэтай сумы прыпадае на махлярствы.
Колькасць асобаў, якія летась пацярпелі ад ашуканскіх дзеянняў, павялічылася ў два разы, істотны рост адбыўся за кошт пенсіянераў.
Чаму людзі прадаўжаюць верыць ашуканцам, а не інфармацыі аб “схемах” іх дзеянняў, якой даволі шмат у газетах, на афіцыйных сайтах і тэлебачанні? Хутчэй за ўсё, справа якраз у эмацыянальнай “афарбоўцы” і стрэсавасці падобных сітуацый.
Аналіз крымінальных спраў сведчыць аб тым, што значная частка махлярстваў учыняецца за кошт падману па “схеме”: “ваш сваяк трапіў у цяжкую аварыю, тэрмінова патрабуюцца грошы, інакш яго чакае сур’ёзная адказнасць”.
Пры раскрыцці падобных злачынстваў у следства ёсць аб’ектыўныя цяжкасці па ўстанаўленні арганізатараў, бо нярэдка яны знаходзяцца за мяжой, а ў нашай краіне ў злачынную дзейнасць уцягваюцца пасрэднікі-кур’еры, якім абяцаюць пэўны працэнт ад здабытых махлярскім шляхам грашовых сродкаў, якія яны павінны перавесці на электронныя кашалькі ці банкаўскія рахункі злодзеяў.
Адной з дзейсных мер па прадухіленні махлярстваў з’яўляецца менавіта інфармаванасць грамадзян.
Як дзейнічаць у падобных сітуацыях расказаў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго:
– У Беларусі ўсё часцей фіксуюцца выпадкі, калі пажылым людзям тэлефануюць ашуканцы, прадстаўляюцца сваякамі, якія трапілі ў бяду і патрабуюць буйныя сумы грошай. Ёсць некалькі парадаў, якія дапамогуць не папасці “на кручок”. Па-першае, неабходна як мага хутчэй скончыць размову і павесіць трубку. Безумоўна, зрабіць гэта ў стане стрэсу вельмі складана, але чым хутчэй вы спыніце дыялог, тым больш у вас шанцаў не паддацца на так званы “слоўны гіпноз”.
Па-другое, адразу ж трэба патэлефанаваць сваякам. Напрыклад, вам прадставіліся ўнучкай – звяжыцеся з ёю і даведайцеся, ці ўсё ў парадку. Калі не змаглі дазваніцца – набярыце яе блізкім, якія змогуць патлумачыць сітуацыю.
Па-трэцяе, калі размова з махляром усё ж адбылася, а са сваякамі звязацца вы не змаглі, то пагаварыце з суседзямі. Звычайна ашуканцы патрабуюць нікому не расказваць пра здарэнне, але на гэта не трэба “весціся”.
Па-чацвёртае, у трубцы вы хутчэй за ўсё пачуеце і мужчынскі голас, які прадставіцца следчым, супрацоўнікам ДАІ ці міліцыянерам. Ён папросіць удакладніць імя і прозвішча вашага сваяка, ад якога паступіў званок. Паспрабуйце не адказваць на такія пытанні, не называць невядомым даныя сваіх блізкіх.
Па-пятае, першая фраза махляра, якую вы пачуеце ў трубцы, як правіла, будзе прыкладна такой: “Бабуля (Дзядуля), я трапіла ў бяду! Мама ўжо на месцы і знайшла следчага, а сяброўка ў цяжкім стане. Мне патрэбна шмат грошай”. Пасля гэтага голас зменіцца на мужчынскі і ў вас папросяць вялікую суму. Пастарайцеся як мага хутчэй пакласці трубку і не ўпадайце ў паніку.
“Разумныя тэхналогіі” ўсё глыбей пранікаюць у наша жыццё. Ці гатова да гэтага чалавецтва? – пытанне хутчэй рытарычнае. Аднак трэба ўзяць для сябе за абавязковае правіла заўсёды правяраць атрыманую інфармацыю, чаго б яна ні датычылася. Таму, калі пачуеце ў трубцы з незнаёмага нумара голас блізкага чалавека і просьбу аб дапамозе, абавязкова ўспомніце парады пракурора. Калі ж зразумееце, што супраць вас спрабуюць дзейнічаць ашуканцы, не саромейцеся паведаміць пра гэта ў міліцыю, бо ваша неабыякавасць дапаможа абараніць яшчэ каго-небудзь ад падману на “круглую суму”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga