У сацыяльных сетках карыстальнікам нярэдка сустракаюцца прыгожыя карцінкі: бесклапотнае багатае жыццё, якога “можа дасягнуць кожны” праз лёгкі заробак.
Чым небяспечная падобная інфармацыя і што за ёю хаваецца, патлумачыла следчы раённага аддзела Следчага камітэта Вольга Жыбко:
– Абяцаць тое, што сярэднестатыстычнаму грамадзяніну вельмі хочацца мець – гэта тактыка махляроў. Яны прапануюць карыстальнікам сацыяльных сетак хуткі, лёгкі, “без асаблівых укладанняў” заробак. Самымі папулярнымі ў зламыснікаў апошнім часам з’яўляюцца прапановы аб заробку на біржах.
Як правіла, у падобных рэкламных відэароліках інфармацыя падаецца ад першай асобы. Чалавек, які нібыта ўжо атрымаў за некалькі дзён важкі даход і пры гэтым “уклаў капейкі”, расказвае, як менавіта ён гэта зрабіў, раіць такі ж спосаб іншым.
Жадаючых разбагацець грамадзян, якія становіцца на гэты шлях і не чакаюць падману, у месенджарах суправаджаюць “спецыялісты”. Яны вучаць, як праводзіць паспяховыя здзелкі.
На біржах прыбытак у навічкоў і сапраўды спачатку хутка расце, аднак потым махляры прапаноўваюць ім усё новыя і новыя ўкладанні: то трэба заплаціць стахавыя ўзносы, то падатак на прыбытак і многае іншае. Ахвяра, даверыўшыся “спецыялістам”, пераводзіць на чужыя рахункі значныя сумы ўласных грашовых сродкаў, а вывесці віртуальныя ўнушальныя даходы з біржаў не можа. У рэшце рэшт знікаюць усе ўліковыя запісы ў месенджарах, перапіскі, ды і самі кантакцёры не выходзяць на сувязь. Чалавек разумее, што яго падманулі.
Каб захаваць свае грошы і не сутыкнуцца з падобнымі непрыемнасцямі, памятайце, што наўрад ці на прасторах інтэрнэту часта сустракаюцца людзі, якія шчыра жадаюць усім дапамагчы разбагацець, а за карцінкамі аб прыгожым жыцці з вялікай верагоднасцю хаваецца “пастка”. Не давярайце такім рэкламам. Старанна правярайце надзейнасць інвестыцыйных платформаў і біржаў. Не паддавайцеся на ўгаворы, калі ад вас патрабуюць як мага хутчэй перавесці ўнушальную суму грошай. Калі ў вас ёсць сумненні, то звярніцеся па кансультацыю да рэальных спецыялістаў ці ў праваахоўныя органы.
Калі ж бяда ўжо здарылася, неадкладна тэлефануйце ў міліцыю. Зрабіце скрыншоты (здымкі экрана) перапісак са зламыснікамі, іх уліковых даных (на выпадак, калі паспрабуюць выдаліць), інвестыцыйнай платформы, дзе адлюстроўваюцца ўсе звесткі аб вашых здзелках, рахунках, з якіх і на якія паступалі грошы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga