У Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце адбылося пасяджэнне выніковага Савета аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама па тэме “Аб выніках работы ідэалагічнага актыву Дзятлаўскага раёна ў 2024 годзе і задачах на 2025 год”.

На пасяджэнне былі запрошаны старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце арганізацый і ўстановаў, старшыні раённых структур грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый, партый.

Напачатку падвялі вынікі электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўручылі падзячныя лісты, Ганаровыя граматы і ўзнагароды самым актыўным яе членам.

Па асноўнай тэме выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. Яна адзначыла, што ў нашым раёне арганізаваны сістэмны падбор, расстаноўка і навучанне кадраў ідэалагічнай вертыкалі, на сёння арганізацыяй яе работы заняты 24 чалавекі. Яны праводзяць сістэмную аналітычную дзейнасць, у ходзе якой пратэстнага настрою на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах не зафіксавана, адкрытых дзеянняў дэструктыўнага характару не выяўлена.

Актыўна вядзецца інфармацыйна-тлумачальная работа, якая накіравана на ўзаемадзеянне органаў улады з насельніцтвам – сустрэчы ў працоўных калектывах і з людзьмі па месцы жыхарства, адзіныя дні інфармавання, дыялогавыя пляцоўкі, прамыя лініі, работа сродкаў масавай інфармацыі.

Вольга Мікалаеўна адзначыла, што ў Дзятлаўскім раёне выпрацаваны комплексны падыход да арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне насельніцтва, грамадзянскага адзінства, паважлівых адносінаў да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.

Рознапланава і сістэмна вядзецца ў нашым раёне работа па ўвекавечанні памяці загінулых абаронцаў Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Было адзначана, што ўсе мерапрыемствы, запланаваныя ў рамках рэалізацыі падпраграмы “Моладзевая палітыка”, у 2024 годзе выкананы ў поўным аб’ёме. Напрыклад, студатрадаўскім рухам было ахоплена 188 чалавек, у сёлетніх планах – 196. Быў агучаны аналіз таго, як замацоўваюцца маладыя спецыялісты на першым працоўным рабочым месцы па выніках двух гадоў адпрацоўкі.

Вольга Мікалаеўна звярнула ўвагу, што інфармацыйнае поле Дзятлаўскага раёна прадстаўлена 44 сайтамі арганізацый, інфармацыя на іх павінна абнаўляцца не радзей за два разы на тыдзень. Таксама яна расказала аб прыярытэтных кірунках інфармацыйнай палітыкі, супрацьдзеянні фэйкавай інфармацыі, узаемадзеянні органаў улады з грамадствам і палітычнымі партыямі (у раёне 288 арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў, тры палітычныя партыі). Стабільнай і кантралюемай застаецца этнаканфесійная сітуацыя, у нас дзейнічаюць 24 рэлігійныя абшчыны чатырох канфесій.

– У цэлым, задачы, пастаўленыя перад ідэалагічным актывам раёна, выкананы. Я хачу падзякаваць усім за напружаную і зладжаную работу ў 2024 годзе, пажадаць і надалей плёну і поспехаў у нашай дзейнасці, – падрахункавала Вольга Рагачова.

Пра арганізацыю работы з моладдзю ў ААТ ”Граніт-Агра” падзялілася намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце таварыства Кацярына Дубешка.

Аб эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі Новаяльнянскага сельскага савета і з насельніцтвам па месцы жыхарства расказала старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч.

Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Валерый Макарчык паведаміў, як наладжана арганізацыя і правядзенне інфармацыйнай работы ў іх пярвічцы.

Напрыканцы сустрэчы адбылося ўзнагароджанне лепшых і адказных работнікаў. Ганаровыя граматы, падзячныя лісты атрымалі Уладзімір Мармыш, Ірына Красоўская, Фёдар Бойка, Кацярына Дубешка, Віктар Дзедуль, Лада Жуйкова, Наталля Маркава, Ірына Баравік, Валерый Макарчык.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации