У невялікай вёсачцы Явар стаіць на ўзгорку прыгожая царква ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.
І хоць прыхаджан у ёй сёння зусім няшмат, але яна жыве сваім ціхім жыццём. Жыве не на паказ, і гучыць у ёй шчырая малітва.
Першае ўпамінанне пра гэты храм было ў 1865-68 гадах. Ён быў драўляны, потым згарэў. Толькі ў 1926 годзе на яго месцы была пабудавана новая царква з цэментных блокаў і цэглы ў выглядзе крыжа, якая прабыла да пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. А з 1993 года храм быў узноўлены дзякуючы ініцыятыве аднаго чалавека па імені Канстанцін, простага шафёра ў калгасе. Сённяшняму храму ўсяго 26 гадоў, але тут захоўваецца неперадаваемая атмасфера дабрыні, спакою, святасці. А непадалёку ад храма расце дуб-волат, якому, гавораць мясцовыя жыхары, каля пяцісот гадоў. Ён нібы беражэ і ахоўвае сваю царкву.
Служыць у гэтым храме добры і шчыры святар – айцец Аляксей Лаўнік. Кожнага пастаяннага прыхаджаніна ён ведае асабіста, штораз пры сустрэчы цікавячыся яго справамі. Вельмі любіць і заўжды з усмешкай вітае ў сваім храме гасцей. Так, быў вельмі рады бацюшка, калі адным снежаньскім нядзельным ранкам прыехалі на службу ў Явар яго сябры – дзятлаўчане Мікалай Варабей і Сяргей Сташэнка. Яны прывезлі ў падарунак царкве сем вялікіх новых ікон. Для маленькага храма – вельмі важкі набытак. Гэта быў прыемны сюрпрыз як для святара, так і для прыхаджан.
– Я вельмі ўдзячны за такі добры ўчынак маім сябрам Мікалаю і Сяргею, нізкі ім паклон, – адзначыў айцец Аляксей. – Гэтыя іконы будуць знаходзіцца ў царкве столькі, колькі яна будзе існаваць, і, мабыць, не аднаму пакаленню людзей будуць дапамагаць у малітве і пакаянні. Не часта храму дораць такія падарункі. За апошнія гадоў дваццаць былі падораны толькі чатыры іконы.
Айцец Аляксей вырашыў, што тры іконы павесяць у алтары, а чатыры – у храме. А яшчэ ён адзначыў, што ў храме заўжды моляцца за тых, хто ахвяруе.
У сваёй нядзельнай пропаведзі святар скіраваў увагу на тое, што ўсё навакольнае, бывае, чакае ад нас нейкага добрага ўчынку, але многія, на жаль, адвыклі яго рабіць:
– Часам мы не звяртаем увагі, што дапамога патрэбна нашым суседзям, знаёмым, нават нейкай бяздомнай жывёліне на вуліцы. Не трэба быць раўнадушнымі, гэта вельмі дрэнна. Заўважайце, каму вакол вас неабходная дапамога, і дапамагайце, наколькі можаце. Таксама заўжды трэба памятаць, што мы на гэтай зямлі не вечныя, а калі паўстанем перад Госпадам, які мы будзем даваць яму адказ, як мы пражылі жыццё? Застаецца толькі спадзявацца на міласць Божую. Неабходна старацца жыць па сумленні і не прывязвацца да зямнога, асабліва да грошай. Калі мы душу сваю пакінем з грашыма, то мы яе згубім, а калі мы свае сілы патрацім дзеля Бога, то набудзем для сваёй душы выратаванне і Царства Нябеснае.
Мікалай Варабей расказаў, чаму менавіта гэтаму храму захацелася падарыць іконы:
– Я прыязджаў у яварскую царкву раней. Са шкадаваннем заўважаў кожны раз, што няшмат тут вялікіх ікон, якія ствараюць у храме Божым менавіта веліч, хараство. Некалькі месяцаў таму я падарыў дзве іконы, якія айцец Аляксей павесіў у алтары. І святар, і прыхаджане былі вельмі радыя такому падарунку. І ў мяне ўзнікла думка набыць некалькі вялікіх ікон. Калі падзяліўся гэтым з нашым благачынным, айцом Іаанам, ён прывёз выявы ікон. І ўжо мы з маім сябрам Сяргеем Сташэнкам заказалі ў Баранавічах рамкі і шкло для іх.
Гэты наш падарунак, як гаворыцца, зусім не для пахвалы, а проста каб паказаць, што царква жыве, хоць, на жаль, прыходзіць у яе вельмі мала людзей. Хочацца, каб людзі наведвалі храм часцей, маліліся, ачышчалі душу.
Варта спадзявацца, што кожны з нас у жыцці будзе рабіць добрыя ўчынкі. І зусім не для славы і пахвалы.
Святлана ГРЫШЫНА
Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі запрасіў гасцей раёна…
Шматлюдна, весела, актыўна на пляцоўцы “Турыстычная”. Як заўсёды, там сабраліся любіцелі паходаў, начовак у палатцы,…
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…
30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…
Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…