Тэма. Аплатныя грамадскія работы – від падтрымкі беспрацоўных

Факт

Аплатныя грамадскія работы ўяўляюць сабой агульнадаступныя віды працоўнай дзейнасці, якія, як правіла, не патрабуюць дадатковай прафесійнай падрыхтоўкі. Асноўная мэта іх арганізацыі – уключэнне ў актыўнае працоўнае жыццё беспрацоўных і іншых асоб, якія звяртаюцца па пытаннях працаўладкавання.

Даведка

Грамадскія работы – гэта сацыяльная падтрымка грамадзян, якія шукаюць работу, маюць працяглы перапынак у ёй або не маюць працоўнага вопыту наогул. Такая паслуга прадастаўляецца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама беспрацоўным грамадзянам, а таксама іншым людзям, якія зарэгістраваліся з мэтай пошуку работы.

Ажыццяўленне аплатных грамадскіх работ заключаецца ў выкананні агульнадаступных відаў працоўнай дзейнасці, якая, як правіла, не патрабуе дадатковай прафесійнай падрыхтоўкі, мае сацыяльна карысную значнасць і садзейнічае ўключэнню ў актыўнае працоўнае жыццё беспрацоўных і іншых асоб, якія звяртаюцца для працаўладкавання, у тым ліку ўладкавацца на аплатныя грамадскія работы маюць права грамадзяне, якія знаходзяцца ў водпуску без захавання заработнай платы, які быў ім прадастаўлены па ініцыятыве наймальніка.

Слова спецыяліста

Марыя Мілейка, галоўны спецыяліст аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:

– У Дзятлаўскім раёне штогод раённым выканаўчым камітэтам прымаюцца рашэнні “Аб арганізацыі аплатных грамадскіх работ” з зацвярджэннем пераліку відаў работ, іх аб’ёмаў і тэрмінаў выканання.

У 2024 годзе арганізоўваліся сельскагаспадарчыя і дапаможныя работы ў КСУП “Хвінявічы”, ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”. Гаспадаркі прапаноўвалі выконваць пераборку бульбы, уборку камянёў з палёў і агародніны.

У сельскіх выканаўчых камітэтах раёна былі арганізаваны работы па добраўпарадкаванні тэрыторый сельсаветаў, якія маюць сацыяльна карысную значнасць, з фінансаваннем расходаў на аплату працы са сродкаў дзяржаўнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Калі звяртацца да лічбаў, то часова атрымалі работу 16 чалавек, якія маюць статус беспрацоўных. Яны былі заняты на ўборцы смецця, несанкцыянаваных звалак, выкошванні травы, выдаленні каранёвых параснікаў, хмызнякоў, дрэў на тэрыторыях вёсак.

Варта ведаць

Атрымаць накіраванне на платныя грамадскія работы можна ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па адрасе: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации