Новы перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі казлоўшчынскія медыкі. Для Дзятлаўскага раёна гэта не навінка, таму што год назад такі ж мабільны ФАП быў перададзены дзятлаўскай паліклініцы. Як паказаў час, ён стаў запатрабаваны ў сельскага насельніцтва, выкарыстоўваецца як для правядзення прыёму, так і дыспансерызацыі, вакцынацыі людзей. Графік выезду цяпер ужо двух ФАПаў, які распрацоўваецца на месяц, можна даведацца ў раённай газеце “Перамога”.



– Гэта значная падзея для нашага сельскага савета, – адзначыла старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка. – Перасоўны ФАП на сёння вельмі запатрабаваны, бо шмат вёсак маланаселеных, дзе жывуць у асноўным пажылыя людзі, у якіх не заўсёды ёсць магчымасць дабрацца ў бальніцу, а цяпер медыкі самі прыедуць да іх. Дзяржава надае вялікую ўвагу жыццю і здароўю людзей, выдаткоўваюцца значныя сродкі, каб медыцына была даступная для кожнага грамадзяніна. Няхай машына надзейна працуе і прыносіць карысць людзям.

Поспехаў у рабоце, лёгкай дарогі і ўдзячных пацыентаў пажадаў казлоўшчынскім медыкам галоўны доктар раённай цэнтральнай бальніцы Віктар Яцкевіч.

– Атрыманне новага перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта для нашага раёна аказалася вельмі дарэчы, – расказаў Віктар Казіміравіч. – На сёння ў раёне працуюць 13 стацыянарных і адзін модульны ФАП. Варта адзначыць, што такая мабільнасць уласцівая не толькі для арганізацый аховы здароўя, ідзе развіццё ўсіх установаў рознага тыпу, як, да прыкладу, шмат функцыянуе аўталавак. Наш першы перасоўны ФАП быў набыты за сродкі мясцовага бюджэту, а другі – ужо за кошт рэспубліканскага бюджэту і перададзены па лініі Міністэрства аховы здароўя. З лютага ён паедзе па маршруце і будзе абслугоўваць вёскі, замацаваныя за Казлоўшчынскай гарадской бальніцай. Так як ФАПаў цяпер два, яны будуць курсіраваць часцей, таму для сельскіх жыхароў павысіцца даступнасць аказання медыцынскай дапамогі.


Пажадаў усяму медперсаналу Божай дапамогі і сілаў у іх нялёгкай, але такой патрэбнай працы, памаліўся разам з прысутнымі і асвяціў новую тэхніку настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына протаіерэй Георгій Ярмоліч.


Даведка
Перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт цалкам аўтаномны, не патрабуе падключэння да лініі электраперадачы. На выпадак больш працяглай работы прадугледжаны бензінавы генератар. Унутры ўсталяваны дзве сістэмы ацяплення, для летняга перыяду – сістэма кандыцыянавання. Ёсць халадзільнае абсталяванне, што дазваляе захоўваць медыкаменты пры нізкіх тэмпературах, а таксама вакцыну для правядзення прышчэпак і пробы крыві, узятыя ў пацыентаў.



Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае