Нераўнадушны падыход. Дубароўшчына, дзе сустракаюцца пакаленні землякоў

Вёска – слова амаль святое для беларусаў, бо асацыіруецца з бацькоўскім домам, дзяцінствам, лепшымі сябрамі, школай, лесам, ракой, цёплым матуліным голасам.

Памятаць свае карані і шанаваць зямлю, на якой нарадзіўся, – адна з лепшых якасцяў беларускага характару, якая ўласціва многім нашым суайчыннікам. Пацвярджае гэта і пазітыўны вопыт, з якім у сваёй працоўнай практыцы сутыкнулася і падзялілася з чытачамі раённай газеты “Перамога” старшыня Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта Ала Гародка. Яна расказала, як за кошт ініцыятыў мясцовага насельніцтва добраўпарадкуецца і набывае другое жыццё вёска Дубароўшчына.

– Сёння пастаянных жыхароў гэтага населенага пункта можна пералічыць на пальцах, – зазначыла Ала Дзмітрыеўна. – Яны пераважна людзі сталага ўзросту, разам з тым, ёсць сярод ураджэнцаў Дубароўшчыны некалькі ініцыятараў, такіх як Уладзімір Танчык, Сяргей і Марыя Чудзілоўскія, Людміла Кулеш і некаторыя іншыя, станоўчыя ідэі якіх, скіраваныя на навядзенне парадку на звыклых для вяскоўцаў месцах адпачынку, арганізацыю душэўных сустрэч, шчыра падтрымліваюць іншыя землякі. Радуе, што людзі самі, дзеля ўласнага камфорту і эстэтычнага выгляду мясцін, дзе нарадзіліся, дзе жывуць або пахаваны іх продкі, косяць траву, садзяць дрэўцы, ставяць лавачкі. Толькі за апошнія гады сіламі насельніцтва ўзамен старога крыжа пры ўездзе ў населены пункт быў пастаўлены новы жалезны, заліта пад яго бетонная аснова. Вяскоўцы самі зрабілі стол і лавачкі, пасадзілі дрэвы на пляцоўцы, дзе любяць збірацца разам у добрае надвор’е. Не забываюць яны наводзіць парадак на могілках, а раз на год, праз тыдзень пасля Троіцы, сустракаюцца для асвячэння родных магіл і ўшанавання памяці бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Не застаецца без іх клапатлівай увагі мясцовае пахаванне воінаў і партызан, якое добраўпарадкавала ТАА “РоданАграПол”, людзі падтрымліваюць на ім чысціню, паставілі вазаніцы і кветкі.

Жыве ў Дубароўшчыне цудоўная традыцыя, пра якую таксама варта расказаць. Гэта штогадовыя сустрэчы землякоў, якія звычайна ладзяцца летам з удзелам прадстаўнікоў розных пакаленняў: ад мясцовых старажылаў да дзяцей, звычайна ўжо праўнукаў тых, хто калісьці жыў і працаваў на гэтай зямлі.

Як любоў да малой радзімы ператвараецца ў справы на яе карысць, пацікавіліся ў аднаго з актывістаў вёскі, жыхара горада Слоніма Уладзіміра Танчыка. Са словаў Уладзіміра Цімафеевіча стала зразумела, адкуль “вырасла” традыцыя ўшанавання продкаў, а потым і іншыя, якія практыкуюцца, множацца, пераходзяць у сучасны лічбавы фармат. Як аказалася, гадоў сорак таму ранейшыя жыхары Дубароўшчыны сталі ўкараняць асвячэнне могілак праз тыдзень пасля Троіцы, прывілі гэту традыцыю дзецям, якія яе прадаўжаюць, шануюць, падтрымліваюць.

– У былыя гады, калі старажылаў заставалася болей і актыўна збіралася маладзейшае пакаленне, я налічваў да двухсот васьмідзесяці чалавек, – расказаў Уладзімір Цімафеевіч. – Людзі ехалі з Прыбалтыкі, Украіны, Гомеля, Баранавічаў, Мінска, іншых гарадоў Беларусі, куды іх закінуў лёс. Бо нас аб’ядноўваюць адзінае мінулае, родныя карані, зямля, якая ўзрасціла і дала пуцёўку ў жыццё.

Зразумела, што менавіта любоў і павага да малой радзімы падштурхоўвае вяскоўцаў не толькі да захавання духоўных традыцый, але і да спраў на карысць Дубароўшчыны. Бо і сэрцу лягчэй, калі пры сустрэчы ў землякоў ёсць магчымасць прайсці па чыстых, пакошаных лугавінах, пасядзець на зручнай лавачцы, успомніць самыя дарагія сэрцу моманты з жыцця вёскі.

– У нас ёсць любімая лакацыя для сустрэч – былая вясковая танцпляцоўка, дзе растуць тры бярозы і столькі ж дубкоў, – расказаў Уладзімір Танчык. – Летась я пасадзіў там па тры клёны, ліпкі і японскія гінкга білоба. Сам іх паліваў, угнаіў, каб прыняліся і раслі. Дрэвы высаджаны так, што ствараюць ромб. Калі вырастуць, іх галіны павінны злучыцца, атрымаецца даволі ўтульна. Пад бярозамі мы з жыхаром Доўбневічаў Пятром Ярашам змайстравалі лавачку, Сяргей Чудзілоўскі зварыў аснову для стала, які дарабілі, усталявалі побач з лаўкай, пафарбавалі. Пад бярозавымі шатамі цяпер любяць пасядзець старажылы, бавяць час дзеці, якія прыязджаюць на канікулы. Ніхто не смеціць, усе беражліва ставяцца да добраўпарадкаванага месца адпачынку. На ўскрайку вёскі Уладзімір Гаспадарык паставіў новы жалезны крыж. Яго і той, што з супрацьлеглага ўезду ў Дубароўшчыну, з ініцыятывы Людмілы Кулеш разам упрыгожваюць вяскоўцы. Дарэчы, актыўнасць жыхароў, дзякуючы новым тэхналогіям, перайшла яшчэ і ў лічбавую прастору, дзе створана вайбер-група “Дубароўшчына”, куды Людміла Кулеш і іншыя ініцыятары змяшчаюць фотаздымкі, дзеляцца навінамі і прапановамі.

Сёлета на працягу тыдня пасля Троіцы мы зноў касілі, рыхтаваліся, наводзілі парадак у Дубароўшчыне і на мясцовых могілках. Нашы намаганні падтрымала Ала Гародка: выдзеліла работнікаў сельвыканкама для пакосу вуліц і ўзбочын дарогі. Мяне асабіста гэты год парадаваў яшчэ і прыемнай сустрэчай з аднакласнікам Аляксеем Лупачам, з якім даўно не бачыліся. У суботу зладзілі традыцыйную цёплую сустрэчу землякоў: пасядзелі за сталом, паспявалі, патанцавалі, паздымалі фота і відэа. Час прайшоў у добразычлівай сяброўскай атмасферы за ўспамінамі, звязанымі з родным краем, а ў нядзелю сабраліся на могілках для памінання продкаў і аддалі пашану тым, хто нас гадаваў, ставіў на ногі.

На пытанне, чаму трэба шанаваць і адраджаць беларускія вёскі, Уладзімір Танчык мудра адказаў:

– Бо там – наша пупавіна, жыве дух бацькоў, пануе атмасфера працавітасці, даверу, чалавечнасці – усё, што зрабіла нас годнымі людзьмі, і гэта трэба паказваць, прывіваць будучым пакаленням: як мы жылі, як з малаком маці ўпітвалі лепшыя якасці, уласцівыя беларускаму народу, каб і дзеці, унукі былі бліжэй да каранёў.   

Ірына СТЫРНІК
Фота Уладзіміра ТАНЧЫКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #НаРоднойЗемлеЖивиКакХозяин

administrator

Recent Posts

Адзіны дзень інфармавання. Памяць народа – гарантыя міру і працвітання

18 чэрвеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама…

15 часов ago

Александр Лукашенко заслушал доклад по тематике плана строительства и развития Вооруженных Сил

Президент Беларуси подчеркнул важность качественной подготовки офицеров. Президент Беларуси Александр Лукашенко заслушал доклад о предложениях…

15 часов ago

Каб унесці свой уклад у вялікую справу

На 20 чэрвеня аб’яўлены абласны суботнік, сродкі ад якога накіруюць на завяршэнне будаўніцтва Гродзенскага абласнога…

16 часов ago

У Дзятлаве пачаліся мабілізацыйныя вучэнні

У рамках праводзімых мабілізацыйных вучэнняў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ваеннаабавязаныя прыбылі на даўкамплектаванне ваеннага камісарыята…

16 часов ago

ПРО:Безопасность. Какую опасность скрывают средства персональной мобильности?

Современные средства персональной мобильности с аккумуляторными батареями – электроскутеры, электровелосипеды, гироборды и другие устройства –…

16 часов ago

Серебро и бронза Виктории Ярош на первенстве Беларуси

С 16 по 17 июня в Бресте проходило открытое первенство Республики Беларусь по легкой атлетике…

17 часов ago