Нацыянальная інфармацыйная прастора павінна максімальна аб’ектыўна адлюстроўваць дзяржаўныя задачы. Такое меркаванне сёння на IV Форуме маладых журналістаў “Агульны погляд у будучыню. Журналістыка: выбар маладых” выказала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
“У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава. Нам мала пісаць аналітычныя матэрыялы па эканоміцы. Журналістам важна паказаць, як яна працуе ў сегменце “чалавек і эканоміка”. Людзі павінны разумець эканамічныя пастулаты, якія будуць рэалізоўвацца дзяржавай, як будзе развівацца эканаміка ў будучым, якая яе канчатковая мэта. Нацыянальная інфармацыйная прастора ў першую чаргу павінна максімальна і поўна адлюстроўваць інтарэсы сваёй краіны, усе задачы, якія стаяць перад дзяржавай, а значыць перад кожным чалавекам”, – падкрэсліла Лілія Ананіч.
Паводле яе слоў, напрыклад, калі журналісты пішуць, што на прадпрыемстве ўкараняюцца новыя тэхналогіі і гэта можа выклікаць скарачэнне рабочых месц, то тады на шалі кладзецца яшчэ адзін пастулат: стварэнне новых рабочых месц. “Тады атрымаецца аб’ектыўная, усебаковая інфармацыя, якая расказвае аб працэсах, што адбываюцца ў эканоміцы”, – лічыць міністр.