Categories: Падзеі

Натхняла беларуская зямля

Перада мною на стале сем зборнічкаў Яўгена Мацвеева. Сем жамчужын, нанізаных на сярэбраную павуціну часу. Невялічкія, кожны змесціцца на далоні. Сем выпушчаных на волю стрэл, кожная з якіх трапіла ў чыёсьці сэрца і разварушыла, растрывожыла нешта светлае, добрае, чалавечае. А інакш і быць не магло, бо пісаліся вершы так, як дыхалася і адчувалася, як жылося і марылася. Дзіўны чалавек, неспасцігнуты і сёння, творца і лекар, лекар цел і душ. Прарок і фантазёр, прыклад вышыні чалавечага духу і моцы.

У снежні Яўгену Мацвееву споўнілася б 80. Усяго толькі 80. А яго няма з намі ўжо дванаццаць гадоў. Няма чалавека, але засталася яго душа, чулая, светлая, сціплая, высокая. Засталася ў вершах.

Гартаю старонкі зборнікаў Яўгена Мацвеева, напісаныя па-руску. Высокай, дасканалай, адшліфаванай літаратурнай мовай. А ў радках лаўлю любоў да Беларусі, Наваельні, нашага лесу, рэчкі, народа, мовы. Жывучы шмат гадоў у Беларусі, ён пранікся яе духам, святлом, фарбамі, яе паветрам. А як бы гучалі вершы Яўгена Мацвеева па-беларуску? Ён не валодаў нашай мовай, але з вялікай павагай ставіўся да яе, запамінаў прыгожыя словы, выкарыстоўваў у сваіх вершах. Ёсць у паэта і твор, прысвечаны беларускай мове, ён змешчаны ў першым зборніку “Пакажа сэрца мне дарогу”. Захацелася перакласці яго на беларускую мову. А што атрымалася, мяркуйце самі.

Беларуская мова

Белорусский язык — “беларуская мова”,
Голас продкаў-славян я ў табе пазнаю.
Так чаруе тваё першароднае слова,
Як прарочыя гуслі пра нешта пяюць.
Можа быць, пра адвечную долю-нядолю
Ці ад слёз і крыві пачарнелы прастор.
І гарэла яна, і стагнала ад болю,
Ды жывая ізноў, усё змагла перажыць.
Захад скрозь рабаваў, лезлі орды з усходу,
Гнулі ўлады, нядоля і невуцтва груз.
Не зламаны народ — у брацтве сілы вытокі.
Быццам казачны дуб наша Белая Русь.
Дык аб чым жа сумуюць прарочыя гуслі?
Мова спеўная, у вуснах так рэдка гучыш.
Або з “аистом” разам, па-тутэйшаму з “буслам”
Паляцела ў глухмень, дзе крыніцы-ключы?
Нават дуб векавы з валатоўскай выправай
Без трывалых асноў можа бура зламаць.
Не эфірны “пясняр” мусіць пець “калыханку”,
А святы запавет — з вуснаў маці гучаць.

А. АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Вершы Яўгена Мацвеева ў перакладах Георгія Шундрыка.
***
Вясна, пара шчаслівая,
Усцеш душу маю.
Блік сонца ў каляіне я
Зноў з радасцю лаўлю.
Праменіць светла, чыстае,
У люстэрка бы глядзіць…
З дзвюх палавінак існае
Павінна, знаю, быць.
Да слоты я прывык даўно.
Я буду зноў з табой, —
Прымчыць к табе, пакліч адно,
Кахання ветразь мой.
Снег іскрамі паблісквае,
Блакіт над галавой…
Мы душамі так блізкія,
З’яднаныя з табой.

***
Гай сонцам абліты вясеннім.
Уначы — сакавіцкі мароз.
Вяснушкі-праталіны, цені
На снезе між чуйных бяроз.
Нястрымны жыццёвыя сокі
У вечным парыве сваім,
Бо прадвызначэннем высокім
Лісцём стаць, суквеццямі ім.
Падсечкаў рабіць я не буду,
К ствалу прытулюся шчакой:
Не целу уцеху здабуду –-
Душа атрымае спакой.

***
Бурліць рака, хістаецца
Ля берага лаза.
Спявай душа, канчаецца
Маркоты паласа!
Вясна гудзе напружана –-
Ўсё прыбывае сіл.
Лядку хруст у калюжынах,
Блакітны небасхіл…
На сэрцы зноўку радасна,
Зноў стома адышла.
Мабыць, крыху і жаласна
У лёса клянчу я
Зноў бэзавыя ночанькі,
Салоўкі пошчак-трэль,
Ускрай жыцця дарожанькі,
Надзей салодкі хмель.

***
Падчас журбы самотна-горкай
Успамінаю хутар свой,
Дрыготкі бляск далёкай зоркі
Над хатай дзедавай старой.

Убоства стрэх на шэрых хатах,
Лістоты прэласць у кустах,
Слязінкі на яловых лапах, —
Даўно сам плакаць перастаў.

Навалы, страты мне знаёмы,
У цярпенні, з болем век пражыў.
Не паддаюся сіле стомы
І на апошнім рубяжы.

Жыць не магу без успамінаў,
Мінулае гняце душу.
Радзіма, страціла ты сына…
О, памяць, не карай прашу.

***
Навальнічная брычка грукотная
Па нябесных імчала мастках.
А малінаўка дрогка-самотная
У лазовых прыціхла лістках.

Дождж спыніўся, і птушачка радая –-
З песняй зноў у блакіт яна мкне.
Конь нябесны — вясёлая радуга,
Нахіліўшыся, з возера п’е.

***
Згадзіцеся, расчульваюць нас дзеці:
Бязгрэшныя, ну, кожны геній з іх!
Ды ведама, што злыдні ўсе на свеце
“У гады млады” анёламі былі.

Стаць Чалавекам – гэта ўсё ж складана,
Малечы бачаць гадкасці не раз.
Дарослы свет псуе іх апантана
І робіць так падобнымі на нас.

Разумней не сюсюкаць побач з імі,
А быць людзьмі прад імі ва ўсім!
Тады мы грэх з сябе вялікі здымем,
Уратуем, дапаможам ім.

***
З пустога пагляду, каб верш нарадзіць,
Навошта бяссонныя ночы?
Каб стаць пладавітым, што трэба рабіць? —
Спыталі паэта аднойчы.

І ён, не схітрыўшы, сказаў пры ўсіх,
Што лёгкасць падманная гэта:
Так выспелы яблык падае міг,
А спее аж цэлае лета.

administrator

Recent Posts

Па 25 базавых велічыняў за няскошаную траву кожнаму

За невыкананне работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыях зямель агульнага карыстання населеных пунктаў,…

38 минут ago

Прафарыентацыя. Каму падыдзе прафесія карэспандэнта

Гэта высвятлялі выхаванцы летніка “Крута” гімназіі № 1 горада Дзятлава, наведаўшыся ў рэдакцыю раённай газеты…

47 минут ago

Канікулы-2026

Чым жыве летнік Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М.…

58 минут ago

22 июня в Дятлово состоится митинг-реквием

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

4 часа ago

С 19 июня за борщевик и золотарник на участке будет грозить штраф до 10 базовых величин

Новые нормы закреплены в Кодексе об административных правонарушениях. В первую очередь речь идёт о борщевике…

7 часов ago

«Ночь провели спокойно». Медики о состоянии пострадавших в Брянской области пациентов

Состояние всех пострадавших в Брянской области пациентов после первой проведенной в учреждениях здравоохранения Минска ночи…

7 часов ago