У райвыканкаме прайшла чарговая сесія Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага.

Былі разгледжаны пяць пытанняў і прыняты па іх рашэнні.




Аб турыстычным патэнцыяле Дзятлаўшчыны расказаў начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Андрэй Нікіпорчык. Ён падкрэсліў, што турызм – адзін са складальнікаў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, а Дзятлаўшчына валодае багатым прыродным, гістарычным і культурным патэнцыялам, што пры правільным падыходзе можа стаць значнай крыніцай эканамічнага росту і павышэння прывабнасці краю. Развіццё інфраструктуры, падтрымка мясцовых ініцыятыў дазваляюць распрацоўваць турыстычныя маршруты, туры і праграмы. У раёне працуе пяць калектыўных формаў размяшчэння: прыватная гасцініца, тры аграсядзібы, домік паляўнічага – усяго на 72 месцы ў 29 пакоях. Наш раён – лідар па аказанні санаторна-курортных паслуг за кошт санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”, дзе знаходзяцца 770 месцаў у 513 нумарах. Здраўніцы прадастаўляюць лячэбна-рэабілітацыйныя паслугі еўрапейскага ўзроўню.

Развіццём і папулярызацыяй турызму на Дзятлаўшчыне, рэкламай прывабнасці раёна ў інтэрнэт-прасторы займаецца турыстычны інфармацыйны цэнтр. У дзятлаўскім краі 36 гісторыка-культурных каштоўнасцяў, занесеных у рэспубліканскі спіс, распрацаваны 16 турыстычных маршрутаў, праграмы і туры выхаднога дня, у тым ліку патрыятычнай скіраванасці. Экскурсіі праводзяцца для арганізаваных груп, не выключэнне і адпачывальнікі санаторыяў. Сёлета ў дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі райцэнтра скончана абнаўленне экспазіцыі “Дзятлаўшчына са старажытных часоў да сучаснасці”. Выгаднае спалучэнне прыроднага багацця, гісторыка-культурнай спадчыны і гасціннасці жыхароў дазваляе нашаму краю заняць унікальную нішу на турыстычнай карце Беларусі.


У абмеркаванні тэмы паўдзельнічала і расказала аб турыстычнай прывабнасці Дварэцкага сельсавета дэпутат па Раготнаўскай выбарчай акрузе № 21 Вера Добыш.

Выніковымі лічбамі дакладчыкаў дапоўніла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская. Падкрэсліла, што за восем месяцаў 2026 года тэмп росту турыстычных паслуг, пераважна за кошт санаторыяў, склаў 122 %, планавыя паказчыкі выконваюцца, патэнцыял у раёна вялікі.


З дэмаграфічнай сітуацыяй, якая склалася на Дзятлаўшчыне па выніках дзевяці месяцаў 2026 года, удзельнікаў пасяджэння азнаёміла намеснік галоўнага доктара па медыцынскай частцы цэнтральнай раённай бальніцы Алена Якубоўская. Расказала, што на тэрыторыі раёна жыве 21 481 чалавек, з якіх 11 553 – гараджане, астатнія – вяскоўцы. Сёлета нарадзіліся 74 дзіцяці. Колькасць працаздольных жыхароў складае 11 320, дзяцей – 3239, пенсіянераў – 7189. За справаздачны перыяд памерлі 327 чалавек, у тым ліку 68 працаздольных грамадзян. Сярод прычын смяротнасці пераважалі хваробы кровазвароту і анкалагічныя захворванні. Ад знешніх прычын памерлі пяць чалавек. Сярэдні ўзрост памерлых па раёне – 73 гады, прычым у мужчын 66,5 года, у жанчын – 80 гадоў. Па статыстыцы, гарадское насельніцтва ў сярэднім жыве на пяць гадоў даўжэй, чым сельскае.

Сярод разгледжаных на сесіі тэмаў таксама было змяненне аднаго з ранейшых рашэнняў раённага Савета дэпутатаў, пытанні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання і змянення граніц населеных пунктаў.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga