На Дзятлаўскім раённым фестывалі фальклору “Вянок творчасці народнай” працавала выстава твораў рамесніцтва, якую прадставілі майстры-ўмельцы Дзятлаўшчыны. 

Яны расказвалі гасцям свята аб сваім занятку, праводзілі бяспройгрышную латарэю і нават давалі майстар-класы.

Таццяна Загорцава

Работніца Наваельнянскага дома культуры. Майстрыха займаецца вышыўкай крыжыкам, гладдзю, пляце з бісеру. Акрамя таго, захапляецца саломапляценнем і складаннем саламяных аплікацый. Жанчына кажа, што занятак вышыўкай перадаўся ёй “у спадчыну” ад мамы і сястры — з дзяцінства вышывала сурвэткі, а са старэйшых класаў — ручнікі і карціны. Саломапляценню жанчына навучылася на курсах павышэння кваліфікацыі. Новыя ідэі майстрыха бярэ з навакольнага свету, натхненне — з усяго, што заўважае вакол сябе.

 

Ганна Абрамава

Загадчыца раённага сектара рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, што размяшчаецца ў аграгарадку Гезгалы. Жанчына каля 10 гадоў займаецца вышыўкай, стварае лялькі-абярэгі з тэкстылю, робіць кветкі з фоамірану на галаўныя ўпрыгажэнні, пляце з паперы і з бісеру. Майстэрства рукадзелля ёй перадала бабуля Ганна Данілаўна Захарэвіч, астатняе — знайшла ў Інтэрнэце. Больш за ўсё майстрыха любіць ствараць кветкі з фоамірану, эскізы якіх бяруцца проста з жывой прыроды, а таксама лялькі, кожная з якіх мае свой характар, іх не бывае дзвюх аднолькавых.

Марына Лотыш

Працуе ў раённым сектары рамёстваў у Гезгалах. Галоўным яе захапленнем з’яўляецца вязанне кручком, якому жанчыну навучыла бабуля Ульяна Елісееўна Егунько. Майстрыха вяжа ажурныя сурвэткі, каўняры, падвоі на ложкі. Творчыя ідэі да яе часта прыходзяць у час прагляду кінастужак пра мінулыя часы. Тады жанчына спыняе кадр і “фатаграфуе” ўзор вязанага вырабу, які яе натхніў.

Ларыса Ненартовіч

Настаўніца выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання Гезгалаўскай сярэдняй школы і неабыякавы да беларускіх народных традыцый чалавек. Ларыса Васільеўна валодае майстэрствам ткацтва на дошчачках, якому навучылася ў курсе вышэйшай спецыяльнай адукацыі, якую атрымлівала ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка. Настаўніца вучыць ткацтву старшакласніц у Гезгалаўскай школе, і тыя з задавальненнем самі сабе плятуць дэкаратыўныя паясы і рамяні для палатняных сумак. Адзін з праектаў, які майстрыха збіраецца рэалізаваць у будучым, – стварэнне калекцыі аўтэнтычных беларускіх паясоў па старадаўніх узорах.  Праўда, па яе словах, ствараць калекцыю давядзецца не з традыцыйна беларускіх шарсцяных нітак (іх не шкадуе час і моль), а з сучасных – мулінэ, ірыс. Узоры ж застануцца традыцыйныя.

Алена Шалесная

Народны майстар па пляценні з лазы. Займаецца творчасцю не так даўно, два з паловай гады. Калісьці ўбачыла ў інтэрнэце, што можна ствараць вырабы з папяровых трубачак. Паспрабавала, атрымалася. А потым прыйшло разуменне, што хочацца працаваць менавіта з жывым прыродным матэрыялам – з лазой. Разам з мужам асвоілі новы занятак зноў жа праз Інтэрнэт па методыцы братоў Каваленкаў. Муж дапамагае майстрысе нарыхтоўваць матэрыял, удзельнічае і ў стварэнні вырабаў. Сям’я Шалесных пляце з лазы дэкаратыўныя кошыкі: на іх попыт лепшы. Але здараюцца і індывідуальныя цікавыя замовы, да прыкладу, абажуры і іншыя рэчы.

Алена Турчэнік

Педагог дадатковай адукацыі раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Жанчына не толькі стварае прыгажосць сама, але і вучыць майстэрству школьнікаў. Гурток “Выцінанка” пад яе кіраўніцтвам наведваюць вучні 1-7 класаў. Пры гэтым дзеці вучацца маляваць, самі прыдумваюць узоры будучай выцінанкі для каляндарных і абрадавых святаў. Захапленне выцінанкай для Алены Генрыхаўны пачалося з курсаў павышэння кваліфікацыі, дзе паказвалі, як перагінаць паперу і вырэзваць сіметрычныя фігуркі. Пазней гэтыя ідэі сталі абрастаць новымі вобразамі, з’явіліся цэлыя карціны і нават трыпціхі ў тэхніцы выцінанкі. Па словах Алены Генрыхаўны, сёння яны з дзецьмі ўключаюць у свае творы нават выявы людзей, хаця цэнтральным матывам застаецца традыцыйнае беларускае Дрэва жыцця.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Фота Н. АВЯРЧУК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации