Мужчыны не плачуць. Так звыкла кажам мы пра тых, каму было наканавана лёсам нарадзіцца надзейнымі, моцнымі, нашымі абаронцамі са сваім сталёвым стрыжнем. Але бываюць сітуацыі, калі нават воіны не могуць стрымаць скупую мужчынскую слязу. Імя адной з іх – Афганістан.

Доўгіх 36 гадоў мінула з таго часу, калі ўраджэнец вёскі Гузні нашага раёна Юрый Камінскі вярнуўся ў бацькоўскі дом з гэтай гарачай, але бязлітаснай да чужакоў краіны. Дзякаваць Богу, прыехаў жывы і на сваіх нагах. Але і сёння, узгадваючы гады службы, ён вымушаны рабіць паўзы, глытаючы цяжкі камяк болю.

Хлопцу было ўсяго 19… Як і марыў, атрымаўшы адукацыю ветэрынарнага фельчара ў Ваўкавыскім саўгастэхнікуме, у 1986 годзе вярнуўся на малую радзіму маладым спецыялістам і прыступіў да сваіх абавязкаў на першым працоўным месцы ў саўгасе “Парэчча”. Папрацаваў там адзін месяц і быў прызваны ў армію.

– Атрымаў павестку ў райваенкамат, адкуль нас адправілі ў Гродна і затым у часць у Барысаве, – расказвае мужчына. – Прыехалі “купцы” набіраць папаўненне для праходжання тэрміновай службы. Такія нязвыклыя для нас, у лёгкай паўднёвай форме. У агучаным спісе аказаўся і я.

З камандзірамі навабранцы выехалі ў Мінск, а адтуль пераправіліся ў Сярэднюю Азію, горад Кушка на мяжы з Афганістанам. Там прайшлі трохмесячныя курсы, па выніку якіх Юрый Мікалаевіч атрымаў спецыяльнасць камандзіра мінамётнай батарэі. Далей быў пералёт для праходжання далейшай  службы ў Рэспубліцы Афганістан: спачатку ў Кабул, адтуль на бронетранспарцёры – у распалажэнне палка ў горадзе Джабаль. Батальён, у якім выпала служыць маладому салдату, дыслацыраваўся на перавале Саланг: 18-я мінамётная батарэя разам з трыма вынаснымі пастамі ў гарах “Зара”, “Вышка” і “Ларэт” складалася з 40 чалавек. Разам з ім тут служылі беларусы са Шчучына, Гомельшчыны, Віцебшчыны, украінцы, армяне, грузіны, азербайджанцы і самыя шматлікія – узбекі.  Задача перад імі стаяла стратэгічна важная і няпростая: захоўваць бяспеку перамяшчэння транспартных калон на шляху з СССР на Кабул.

– Мы павінны былі адсочваць любое перамяшчэнне маджахедаў. Пры іх выяўленні каардынаты перадаваліся ў батарэю і адразу адкрываўся мінамётны агонь па гэтых квадратах. Але пры ўсёй нашай засяроджанасці і ўважлівасці прамых сутыкненняў усё адно было не пазбегнуць, – падзяліўся Юрый Камінскі.

Да аднаго з такіх нападзенняў маджахеды падышлі асабліва грунтоўна: масіраваны абстрэл вёўся адначасова па калоне тэхнікі і па заставах, з-за чаго савецкія войскі не маглі адразу даць агонь у адказ.

– Нам першым удалося сарыентавацца і агнём прыкрыць таварышаў,  якія змаглі дабрацца да зброі, адкрыць агонь па пазіцыях маджахедаў і “адціснуць” іх. Аднак страты з нашага боку былі істотныя.

Ужо пазней да незабыўных уражанняў аб гэтым баі дадалася заслужаная баявая ўзнагарода – медаль “За адвагу”. Гэта быў не адзіны абстрэл, які Юрыю Мікалаевічу і яго саслужыўцам давялося вытрымаць і даць адпор. Камандзіры прасілі іх, маладых, гарачых на рашэнні байцоў, не імкнуцца быць на вайне героямі, бо бяздумны гераізм не ўратуе жыццё. Разважлівасць, тактыка, дакладнасць і адказнасць за таварышаў – тое, чаго патрабаваў час.

– Самае цяжкае на службе – гэта не гукі выбухаў, якія па першым часе будзілі нас па начах, а потым сталі нечым зусім звыклым, – кажа Юрый Мікалаевіч. – Самае жудаснае, няправільнае і, на жаль, непапраўнае, калі на тваіх вачах гінуць людзі, з якімі яшчэ зусім нядаўна размаўлялі, дзялілі хлеб і марылі разам аб будучыні.

За два з невялікім гады, пакуль Юрый Камінскі служыў у Афганістане, у іх батарэі загінулі сем чалавек, адзінаццаць атрымалі раненні рознай ступені складанасці, два былі камісаваны.

Сам Юрый Мікалаевіч дэмабілізаваўся з арміі ў чэрвені 1988 года. Гэты дзень ён таксама ніколі не забудзе.

– Дадому! – прагучала такое чаканае аднойчы. На БТРах дабраліся да Баграма, адтуль невялікім самалётам, у якім размясціліся 15 чалавек, ляцелі ноччу без агнёў, каб не патрапіць пад абстрэл.

– Помню, кожнаму з нас выдалі парашут, хоць раней мы ніколі не вучыліся ім карыстацца. Маўляў, калі самалёт саб’юць, то будзе хоць маленькі шанц выжыць, – расказаў воін-афганец.

З Кабула ў СССР, у Ташкент, 150 чалавек адпраўляліся ўжо вялікім ваенным транспартным самалётам ІЛ-76.

– Узляталі з аэрадрома ў акружэнні верталётаў, каб, калі будзе арт-абстрэл, пілоты-верталётчыкі маглі прыняць удар на сябе і выратаваць цэлы самалёт пасажыраў, – тлумачыць Юрый Камінскі. – Але тым разам усё абышлося. А калі аб’явілі, што мы ўжо над тэрыторыяй Савецкага Саюза, не згаворваючыся, усе паўскоквалі з месцаў, абнімаліся са слязамі на вачах.

Калі салдат прыйшоў у хату, там нікога не было, але ў хуткім часе прыбеглі бабуля, з работы – маці і бацька, радуючыся, што ён прыйшоў дадому.

Не адступаючы ад намечанага шляху, Юрый Камінскі вярнуўся ў родную гаспадарку, сёння КСУП “Хвінявічы”, дзе і цяпер працуе тэхнікам па асемяненні буйной рагатай жывёлы. Таварышы-саслужыўцы, з якімі падтрымлівалі сувязь у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, цяпер пакрыху аддаліліся. Аднак успаміны аб службе ў Афганістане, як і пару архіўных фотаздымкаў тых часоў, захоўваюцца ў сям’і Камінскіх як напамін аб салдацкім братэрстве і важнай ісціне пра тое, як неабходны для людзей мір.

І кожны год як абавязковы рытуал для Юрыя Мікалаевіча лютаўская сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў: магчымасць пабачыць баявых таварышаў і нізка пакланіцца тым, каго родныя ніколі не дачакаюцца з далёкага Афганістана.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара, з архіва Юрыя КАМІНСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Следующая новость

Похожие публикации