На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама падведзены вынікі сацыяльнага расследавання ў сям’і, дзе гадуюцца двое дзяцей, яны прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы. У дзвюх сем’ях прааналізавана выкананне планаў абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, з аднымі дарослымі работа прадаўжаецца, у другіх – дакументы накіраваны ў суд на пазбаўленне бацькоўскіх правоў.

Дзеці павінны гадавацца ў бяспецы

Сацыяльнае расследаванне было праведзена ў сям’і, дзе гадуюцца двое непаўналетніх, адзін з якіх з’яўляецца інвалідам, а другая мае патрэбу ў спецыяльным лячэнні. Калі раней дзяўчынка вучылася ў санаторнай школе, дзе ёй заадно аказвалася медыцынская дапамога, то нядаўна бацькі забралі яе і перавялі ў звычайную, якую наведвае і брат. Аднак не толькі невыкананне медыцынскіх прадпісанняў стала падставай для аналізу сітуацыі ў гэтай сям’і.

У першую чаргу, педагогаў і адказныя службы насцярожыла звальненне маці з працы і прыцягненне бацькі да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што сеў за руль у стане алкагольнага ап’янення – медыцынскае асведчанне паказала два праміле алкаголю. Суседзі сямейнай пары таксама расказалі спецыялістам, што часта бачаць дарослых нецвярозымі. Зразумела, што ў сукупнасці ўсе гэтыя фактары якраз і з’яўляюцца грунтоўным сведчаннем таго, што ў сям’і маюцца паказчыкі недабрабыту.

На пытанне членаў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, чаму дазваляе сабе п’янае ваджэнне, мужчына патлумачыў, што гэта быў адзінкавы выпадак, калі ён пасварыўся з сябрамі, з якімі разам ужываў алкаголь, і паспяшаўся пакінуць кампанію.

Праўда, вярнуцца з такіх пасядзелак можна было б і пешшу або наняўшы таксі, ды і дзе гарантыі, што “пад градусам” бацька не паспрабуе зноў сесці за руль і пры гэтым у салоне аўтамабіля акажуцца дзеці ці па дарозе ён не ўчыніць аварыю, дзе будуць іншыя пацярпелыя? Безумоўна, такіх гарантый няма. Таму на пасяджэнні парушальніку далі настойлівую параду – абавязкова звярнуцца да доктара-нарколага і выбраць лячэнне. Жанчыне параілі схадзіць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а не сядзець без работы. Абодвум дарослым рэкамендавана прыслухацца да парадаў медыцынскіх работнікаў наконт лячэння дзяцей.

Непаўналетнія прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы на адзін год. Дарослым патлумачылі, пры якіх умовах сына і дачку могуць увогуле прызнаць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Час пакажа, ці здольны муж з жонкай выправіць свае паводзіны, каб іх дзеці гадаваліся ў бяспецы.

Лёс непаўналетніх вырашыць суд

Яшчэ летам трое дзяцей былі адабраны з сям’і, і ўжо прыспеў час для грунтоўнага аналізу: ці можна давяраць іх бацькам? 

Адказ на гэта пытанне шукалі члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Як было агучана, муж за перыяд прызнання непаўналетніх у дзяржаўнай абароне падаў на развод, а жонка пераехала ў іншае жылое памяшканне. Аднак і адасобленае пражыванне не абараніла жанчыну ад агрэсіі былой палавінкі, магчыма, “сямейныя” сваркі з рукапрыкладствам прадаўжаюцца з-за таго, што абодва бацькі так і не справіліся з алкагольнай залежнасцю, хаця жанчына прайшла лячэнне, а мужчына на ўліку ў доктара-нарколага не стаіць.

Чарговая п’яная разборка хатняга тырана з маці непаўналетніх прывяла яго да затрымання на 15 сутак, магчыма, пасля праведзенай праверкі ў рамках Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ будзе ўзбуджана і крымінальная справа. Жанчына таксама паспела займець некалькі адміністрацыйных пратаколаў за прагулы як абавязаная асоба і ўжо прайшла камісію для накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Зразумела, што пры такіх паводзінах дарослых вярнуць ім дзяцей без рызыкі для жыцця і здароўя непаўналетніх немагчыма. Упэўненасць у гэтым выказалі ўсе члены камісіі. Адпаведна дакументы аб пазбаўленні  бацькоўскіх правоў будуць накіраваны ў суд, які і прыме канчатковае рашэнне наконт далейшага лёсу дзвюх дзяўчынак і хлопчыка.

Хто п’е, той і адказвае

Тры месяцы таму дзяцей са шматдзетнай сям’і прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, двое з іх цяпер знаходзяцца ў доме дзіцяці, яшчэ трое – у прытулку. За гэты час бацька прайшоў лячэнне ад алкагольнай залежнасці, аднак пасля аднавіў ужыванне алкаголю, маці закадзіравалася толькі ў снежні. Дарослыя знаходзяцца на пільным кантролі спецыялістаў службаў прафілактыкі раёна, і апошнім часам сур’ёзных заўваг не атрымлівалі.

Тым не менш, калі жанчына шчыра ідзе на кантакт са спецыялістамі і прыслухоўваецца да іх рэкамендацый, то гаспадар бачыць у візітах і парадах службаў прадузятыя адносіны. На пасяджэнні камісіі яму патлумачылі, што галоўная прычына адабрання дзяцей – гэта алкагольная залежнасць. Хто п’е, той і адказвае за наступствы, таму больш мэтазгодна супрацоўнічаць са спецыялістамі, якія дапамагаюць выйсці з крызіснай сітуацыі.

Работа з дарослымі прадоўжана, іх задача – на працягу апошніх трох месяцаў уласнымі паводзінамі даказаць, што яны здольны самастойна выгадаваць дзяцей.

Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Любім і ганарымся сваімі мужчынамі!
Ведае ўчастковы. За што атрымаеце штраф на чыгунцы?
Месца сустрэчы моладзі – “Святкі.by”

Похожие публикации