На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынята рашэнне па адміністрацыйных справах на падлетка за парушэнне ім правілаў дарожнага руху, прааналізавана сітуацыя па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у дзвюх ненадзейных сем’ях, у абодвух выпадках прыняты рашэнні аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Не даехаў да яшчэ аднаго парушэння
У гэтым годзе становіцца класікай затрыманне непаўналетніх, якія катаюцца на матацыкле без вадзіцельскага пасведчання, рэгістрацыі і страхоўкі на транспартны сродак. Другое запар падобнае парушэнне разгледжана на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. На падлетка, які ехаў купацца на рэчку, але быў затрыманы праваахоўнікамі, складзены тры адміністрацыйныя пратаколы, а транспартны сродак трапіў на штрафстаянку.
Як прызнаўся ў час камісіі хлопец, матацыкл ён узяў без дазволу, каб з’ездзіць пакупацца ў спякотнае надвор’е. Дарэчы, ехаў ён таксама не на гарадскі пляж, а ў месца, дзе заходзіць у ваду забаронена, таму яго затрыманне міліцыяй, можна сказаць, папярэдзіла яшчэ адно магчымае правапарушэнне. Маці, якая прысутнічала пры разглядзе адміністрацыйных спраў на сына, расказала, што матацыкл яму купілі загадзя, мяркуючы, што юнак хутка здасць ваджэнне і атрымае пасведчанне адпаведнага ўзору. Каб не было спакусы сесці за руль “жалезнага каня” датэрмінова, яго спецыяльна не рэгістравалі і не аплачвалі страхоўку. Як аказалася, забароны дарослых і “перастрахоўка” не дапамаглі. Юнак ведаў, што парушае, аднак спадзяваўся, што паездка застанецца для ўсіх таямніцай – не атрымалася.
У лістападзе гэтага года малады парушальнік адсвяткуе сваё паўналецце, а да гэтага часу з ім будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа і ў сям’і пройдзе сацыяльнае расследаванне. Паколькі ўласнага даходу хлопец не мае, яму вынесена афіцыйнае папярэджанне. Падлетку патлумачылі, што адсутнасць штрафных санкцый не пазбаўляе ад рэгістрацыі яго правапарушэння ў адзінай базе, таму пры дапушчэнні падобных на працягу года штраф будзе важкі.
Жыццёвы ўрок не засвоіла
Жанчына гадуе дзвюх дачок-падлеткаў, адна з якіх ужо навучэнка каледжа. Пры гэтым з-за паводзінаў маці і яе схільнасці да злоўжывання алкаголем сям’я знаходзіцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы. У 2021 годзе жанчына была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, два гады патраціла, каб стаць на шлях выпраўлення і аднавіцца ў магчымасці гадаваць сваіх дзяцей самастойна. Здавалася б, за гэты час яна ўжо павінна зрабіць для сябе пэўныя высновы, вызначыцца ў выбары, аднак урок так і застаўся нявывучаны.
Як толькі сям’ю знялі з суправаджэння і гаспадыня адчула паслабленне кантролю, яна зноў узялася за былое: сумніўныя кампаніі, спіртныя напоі. Безумоўна, такія паводзіны не засталіся сакрэтам для службаў прафілактыкі. Дзяўчынак зноў прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Нядаўна паступілі новыя “трывожныя званочкі”: у дзень нараджэння малодшай дачкі маці прывяла яе ў дом да мужчыны, дзе часта збіраюцца вясёлыя кампаніі. Імянінніцы дарослыя далі піва, а самі ў суседнім пакоі пілі больш моцнае спіртное. У выніку дзяўчынку экстранна забралі ў маці і змясцілі ў бальніцу па сацыяльных прычынах. Пакуль дачка знаходзілася пад наглядам медыкаў, п’яныя прыгоды жанчыны прадоўжыліся.
На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх яна плакала і прасіла даць апошні шанц, тлумачыла, што сама не ў сілах справіцца са згубнай залежнасцю. Пры гэтым высветлілася, што наймальнік неаднаразова прапаноўваў дапамогу ў праходжанні лячэння, аднак яго падтрымка была праігнаравана, а прагулы з-за выпіўкі прадаўжаліся.
Члены камісіі аднагалосна прынялі рашэнне аб прызнанні дзяўчынак маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а ўвагу маці звярнулі на тое, што яна знаходзіцца на ўпэўненым шляху да чарговага пазбаўлення бацькоўскіх правоў.
Павысілі градус праблемы
Паўгода прайшло, як пяцёра дзяцей былі вернуты шматдзетным бацькам пасля прызнання маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Перад гэтым дарослыя прайшлі няпросты шлях выпраўлення і лячэння ад згубных звычак. На жаль, станоўчыя змяненні аказаліся нетрывалымі.
Гаспадар яшчэ ў маі звольніўся з папярэдняга месца работы, пазней узяў накіраванне на праходжанне медыцынскага агляду ў новага наймальніка. Праўда, тэрмін мінуў дастатковы, а ён так і не прыйшоў уладкоўвацца на новую пасаду. Жыве сям’я за кошт дапамогі на дзяцей. Жанчына зноў цяжарная, яна знаходзіцца на бальнічным, рыхтуецца да родаў, аднак гэта не перашкаджае ёй разам з мужам распіваць алкагольныя напоі. У час аднаго з вячэрніх наведванняў спецыялістамі службаў прафілактыкі яны абодва былі нецвярозыя, асведчанне паказала ў маці 0,9 праміле алкаголю. Дзяцей давялося экстранна забіраць у бальніцу, гаспадыня паехала з імі, а гаспадар прадоўжыў вольнае жыццё. Ён перастаў адчыняць дзверы нават для ўчастковага інспектара міліцыі, мужчына хаваецца, тоіцца, не ідзе ўладкоўвацца на работу. Калі быў у паліклініцы, каб завяршыць праходжанне медыцынскага агляду, да дзяцей у бальніцу нават не зазірнуў.
З улікам пагаршэння сітуацыі ў сям’і члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аднагалосна прынялі рашэнне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Калі немаўля народзіцца, па ім таксама будзе прынята рашэнне аб адабранні. Дарослых папярэдзілі, што ў іх застаецца мала шанцаў на выпраўленне. Пакуль сітуацыя разгортваецца ў бок пазбаўлення правоў на дзяцей.
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
В рамках профилактической акции «Безопасные каникулы», которая продлится до конца лета, работники Дятловского райотдела по…
Комитетом государственного контроля Гродненской области осуществляется контроль за вовлечением в хозяйственный оборот неиспользуемого и неэффективно…
В Комитете государственного контроля Гродненской области на постоянном контроле находится вопрос эффективности использования бюджетных средств.…
В настоящее время сложно представить себе жизнь городов и населенных пунктов, а также промышленных предприятий…
Сяўба азімага рапсу, выкананне дзяржзаказу, вытворчасць малака, аб’езд школ, падрыхтоўка да свята “Дажынкі-2026” – на…
Ёсць людзі, чыё жыццё не адзначана гучнымі званнямі ці высокімі пасадамі. Але менавіта на іх…