Пышныя букеты, прыгожыя ўборы, святочная атмасфера з лёгкай ноткай хвалявання. 23 мая ў школах Дзятлаўшчыны прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года. Асабліва памятнымі яны сталі для 129 выпускнікоў адзінаццатых класаў раёна. Для іх апошні званок раздзяліў жыццё на дзяцінства і дарослы перыяд.

Пажадаць выпускнікам гімназіі № 1 горада Дзятлава поспехаў ва ўступнай кампаніі, астатнім навучэнцам – прыемных канікулаў прыйшлі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская.

Год беларускай жанчыны стаў для гімназіі № 1 горада Дзятлава асабліва значным: па выніках работы ў 2025 годзе ўстанова занесена на раённую Дошку гонару.

Удзельнікі лінейкі шчыра павіталі выпускнікоў-адзінаццацікласнікаў разам з іх класным кіраўніком Марыяй Пшыгоцкай, а таксама дзевяцікласнікаў з класным кіраўніком Таццянай Ясюлевіч. Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена выпускнікам 11-га класа: прызёру рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў, XVII абласнога конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў “Крыштальная альфа” Яўгеніі Радомскай і ўдзельніку знамённай групы гімназіі Ягору Дзівульскаму; падняць сцяг горада Дзятлава – Ганне Радомскай, якая ў 2026 годзе адзначана Ганаровай граматай абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “фізічная культура і здароўе”, і Максіму Дзяхцевічу – пераможцу занальнага этапу рэспубліканскага моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі”.

– Шчыра віншую ўсіх з заканчэннем навучальнага года, – павітала дырэктар гімназіі Вераніка Фабішэўская. – Ён стаў вельмі яркім, дзякуючы працы вучняў, педагогаў, работнікаў установы: выказваю вам удзячнасць. Шчыра дзякую асабіста Андрэю Садоўскаму за каласальную падтрымку, якую мы атрымалі сёлета! Пачынаецца лета, жадаю гімназістам правесці яго з карысцю, здаровымі і бадзёрымі вярнуцца за парты. Дарагія выпускнікі, для вас пачаўся самы адказны і важны этап у жыцці. Наперадзе экзамены, жадаю пацвердзіць свае адзнакі і парадаваць нас стобальнымі вынікамі, а таксама выбраць правільны шлях у жыцці, стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны і прыносіць ёй карысць. Дзякую бацькам і педагогам, што побач з выпускнікамі прайшлі доўгі, адказны шлях, на якім дапамаглі дабівацца высокіх вынікаў. Удачы!   

– Прыміце самыя шчырыя віншаванні з заканчэннем навучальнага года, – павіншаваў удзельнікаў лінейкі старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. – Асаблівы дзень сёння для нашых выпускнікоў, ён адчыняе ім дзверы ў самастойнае жыццё. Мінулы год для гімназіі быў выніковы, бо ўстанова занесена на раённую Дошку гонару. Гэта сумесны вынік: педагогаў, бацькоў, вучняў. Словы ўдзячнасці адрасую дырэктару Вераніцы Фабішэўскай, якая ўклала ў дасягненні часцінку сваёй душы, яе імя таксама занесена на раённую Дошку гонару. Наперадзе ў выпускнікоў экзамены і выбар прафесіі. Яна будзе любімай, калі вызначыце яе па душы. Выказваю ўдзячнасць педагогам за перададзеныя веды і цеплыню сэрцаў, асабліва тым, хто прадаўжае працаваць на заслужаным адпачынку і дзяліцца каштоўным вопытам яшчэ савецкай школы. Дарагія выпускнікі, поспехаў вам і ў добры шлях!

Кіраўнік раёна ўручыў дырэктару ўстановы грашовы сертыфікат на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.        

Ад імя ўсіх бацькоў быць упэўненымі ва ўласных сілах, ставіць высокія мэты і дасягаць іх, не забываць школьных сяброў і родны горад пажадаў учарашнім адзінаццацікласнікам Сяргей Шышко.

У сваю чаргу выпуск гімназіі-2026 падрыхтаваў яркую і чулую, мілагучную і запамінальную развітальную песню-пасланне, якую адзінаццацікласнікі падмацавалі шчырымі словамі ўдзячнасці ўсім, хто на працягу школьнага жыцця быў з імі побач, роднай установе.

Сімвалічным момантам святочнай праграмы стаў развітальны вальс і паветраныя шары, выпушчаныя ў неба, як самыя запаветныя і высокія мары юнакоў і дзяўчат. Кранальныя пачуцці выклікаў традыцыйны апошні званок у выкананні першакласніцы Ксеніі Мілевіч і адзінаццацікласніка Ягора Дзівульскага.

Апошнія развітальныя школьныя званкі прагучалі ва ўсіх навучальных установах Дзятлаўшчыны.

Ірына СТЫРНІК

Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ, Святланы ГРЫШЫНАЙ, Наталли АВЯРЧУК

Похожие публикации