З рабочым візітам на Дзятлаўшчыне пабываў намеснік Міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шваюноў.

У рамках Адзінага дня інфармавання ён сустрэўся з калектывам упраўлення спецыяльных работ у горадзе Дзятлаве ААТ “Будкомплекс”. Удзел у пасяджэнні таксама прымалі генеральны дырэктар ААТ “Будкомплекс” Ігар Круглей і намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Баравік.

Паколькі будаўнічая сфера скіравана на стварэнне дабрабыту і камфорту для грамадзян, а яе развіццё напрамую залежыць ад стану эканомікі, Аляксандр Шваюноў заклікаў работнікаў быць не толькі прафесіяналамі сваёй справы, але і актыўнымі грамадзянамі – прыняць удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аддаць свае галасы за мір, стабільнасць, устойлівае развіццё.

Работнікі арганізацыі змаглі задаць намесніку міністра пытанні.

Пацікавіліся, як фарміруецца заработная плата будаўніка.

– Нормы і расцэнкі ў будаўнічай сферы аднолькавыя як для раённых цэнтраў і гарадоў, так і для мегаполісаў, не адрозніваюцца яны і па рэгіянальным прынцыпе. Па суме сярэдняя зарплата ў галіне знаходзіцца на трэцім-чацвёртым месцы ў рэспубліцы, – патлумачыў Аляксандр Шваюноў. – Ваша работа паўсюль у краіне цэніцца аднолькава, а ўмовы працы стварае наймальнік. Напрамую залежыць памер зарплаты ад аб’ёму вытворчасці, загрузкі прадпрыемства, колькасці рабочых гадзін, нарэшце, зацікаўленасці саміх працаўнікоў. Калі якасна наладжана арганізацыя працы, своечасова пастаўляюцца матэрыялы – ёсць магчымасць добра зарабіць. На сёння па рэспубліцы работы для будаўнікоў вельмі шмат, але не хапае рабочых рук.  

Зразумела, што на аб’ектах капрамонту, у адрозненні ад аб’ектаў узвядзення, могуць узнікаць розныя пытанні, якія ў тым ліку тычацца ацэнкі стану. Як паказвае практыка, у час работы могуць адкрыцца новыя хібы, спатрэбіцца дадатковы час для іх аналізу і ўхілення. Заканадаўствам у такіх выпадках прадугледжана прыпыненне работ. Разам з тым на капітальных рамонтах працаваць фінансава выгадна, а ў аб’ёме падрадных работ па краіне такія віды дзейнасці займаюць значнае месца.  

У работнікаў “Будкомплекса” намеснік міністра пацікавіўся забяспечанасцю спецадзеннем і наяўнасцю бытавых памяшканняў.

Прагучала на сустрэчы інфармацыя, што ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ёсць свой Telegram-канал, дзе можна знайсці ўсе навіны, указы, тлумачэнні, якія тычацца сферы. Каб быць больш дасведчанымі, будаўнікі могуць на яго падпісацца і атрымліваць актуальную інфармацыю.

На пытанне аб перспектывах для будаўнічай арганізацыі раёна на 2025 год адказаў Дзмітрый Баравік:

– Працэдура закупак застаецца актуальнай – удзельнічайце. У ліку аб’ектаў капрамонту будуць тры шматкватэрныя дамы: у Дзятлаве – Навагрудская, 4А (плошчай каля 4500 метраў квадратных), у гарпасёлку Казлоўшчына – Савецкая, 9 (каля 700 метраў квадратных), у Наваельні – Савецкая, 26 (аднапавярховы, каля 300 метраў квадратных). Будуць рамантавацца і дваровыя тэрыторыі.

– Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне захоўваць у раёнах будаўнічыя арганізацыі, якія могуць выконваць розныя віды работ, – падвёў вынікі размовы Аляксандр Шваюноў. – Вы мабільныя, забяспечаны неабходнай тэхнікай. Для ўсіх раёнаў арганізацыі з доляй дзяржаўнай уласнасці вышэй за 50 % больш надзейныя, бо забяспечваюць патрэбы краіны. Настройвайцеся на пазітыў: ужо зацверджаны планы на бліжэйшую пяцігодку, работы хапае, ад вас патрабуецца выкананне, а падтрымка дзяржавы гарантавана.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Президент #Выборы

Похожие публикации