Калі 26 красавіка 1986 года свет падзяліўся на “да” і “пасля”, медыкі апынуліся на перадавой барацьбы з невядомасцю. Іх работа патрабавала не толькі прафесіяналізму, але і выключнай мужнасці, бо вораг – радыяцыя – не меў ні паху, ні колеру.

Медыцынская сястра Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду Святлана Стэцкая – адна з многіх медыцынскіх работнікаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У 1986 годзе, калі адбылася аварыя, Святлана Пятроўна толькі завяршыла навучанне ў Гродзенскім медыцынскім вучылішчы па спецыяльнасці “дзіцячая медыцынская сястра” і разам з трыма аднагрупніцамі была накіравана на сваё першае працоўнае месца ў Віцебскую абласную дзіцячую бальніцу, дзе працавала амаль год пасля размеркавання. У 1987 годзе ў бальніцы пачалася мабілізацыя персаналу для ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў аварыі.

Як успамінае Святлана Пятроўна: “Павесткі былі дастаўлены непасрэдна ў наша аддзяленне, і там жа ў аддзяленні мне яе ўручылі. Пазней мы высветлілі, што ўсе незамужнія медыцынскія сёстры нашага аддзялення па чарзе праходзілі службу. Праз пару тыдняў мы ўжо ехалі ў Хойніцкі раён, у вёску Рудакоў, размешчаную ў зоне забруджвання. 30 кастрычніка 1987 года прыступіла да службы ў ваенным шпіталі, 222-м асобным медыцынскім батальёне. Шпіталь размяшчаўся на базе нейкага тэхнічнага вучылішча, мы нават не ўдаваліся ў падрабязнасці, што гэта было за вучылішча. Размясцілі нас у інтэрнаце гэтай навучальнай установы, там жа, разам са сваімі сяброўкамі, мы прынеслі прысягу. Да нас паступалі ліквідатары са станам рознай ступені цяжкасці – з больш лёгкімі захворваннямі праходзілі лячэнне ў нас, дзе мы іх даглядалі да поўнага выздараўлення, а цяжкіх накіроўвалі ў Гомель і Мінск. У гэтым шпіталі я знаходзілася да 22 снежня 1987 года. З моманту тых падзей прайшло ўжо амаль 40 гадоў, і мы з калегай Аленай, з якой разам былі ў чарнобыльскай зоне, часта ўспамінаем пра той перыяд. Былі маладыя, поўныя энтузіязму і бясстрашныя, не задумваючыся аб магчымых цяжкасцях. Толькі, калі мы ўпершыню накіроўваліся да месца працы, выгляд апусцелых вёсак, закінутых усяго за год пасля аварыі і зарослых быльнікам, выклікаў пачуццё трывогі. Цяжка паверыць, што столькі часу прайшло, здаецца, гэта было зусім нядаўна”.

У ходзе ліквідацыі тысячы медыкаў працавалі непасрэдна ў 30-кіламетровай зоне. Яны сачылі за дозамі, якія атрымлівалі ліквідатары, прымалі рашэнне аб іх вызваленні ад работ. Ва ўмовах хаосу прадухілялі ўспышкі інфекцыйных захворванняў, сачылі за якасцю вады і ежы, і вельмі часта менавіта медыкі станавіліся тымі, хто знаходзіў словы падтрымкі для людзей, якія ўсведамлялі маштаб катастрофы. Многія з іх самі сталі пацыентамі з-за атрыманых доз апраменьвання, але да апошняга заставаліся верныя клятве Гіпакрата. “Мы не думалі пра геройства. Мы проста рабілі тое, чаму нас вучылі – ратавалі людзей”, – так пазней успаміналі тыя падзеі ветэраны медыцынскай службы.

Валерый МАКАРЧЫК,
старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскай ЦРБ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#годбелорусскойженщины #нашелучшее #нашалепшае

Предыдущая новость

Похожие публикации