У сучаснай літаратуры для падлеткаў ёсць аўтары, якія ўмеюць гаварыць з чытачом на роўных аб складаных і важных тэмах: сяброўстве, каханні, канфліктах з бацькамі і пошуку свайго месца ў жыцці.

Дзятлаўская раённая бібліятэка прапануе кнігі для чытання, якія дапамогуць дзецям паглядзець на сябе з боку вачыма аўтараў.

Ульяна Арлова Праз церні да… дома. Антон Вітаркоў жыве ў інтэрнаце, куды яго аддалі бацькі, якія паехалі на заробкі за мяжу. Хлопец моцна пакутуе ад адзіноты і пастаянных сутычак з мясцовымі хуліганамі і вырашае ўцячы ў свой родны горад. Па дарозе ён падбірае малога Слаўку, які адбіўся ад бацькоў. Разам хлопчыкі адпраўляюцца ў нялёгкі і далёкі шлях…

Дзмітрый Мікалаеў Мая сяброўка Караліна. Падлеткавы ўзрост – гэта не толькі спрэчкі з бацькамі, але і пачатак новага этапу ў жыцці. Вось і для звычайнай дзяўчынкі Нікі, галоўнай гераіні аповесці, надышоў час новых сяброў і новых адносінаў…

Валянціна БыстрымовічМалако аднарога. Галоўныя гераіні –пятнаццацігадовыя сяброўкі і аднакласніцы Янка і Галка. Яны ва ўсім падтрымліваюць адна адну і ніколі не кідаюць у бядзе. Цікавых ідэй у іх незлічонае мноства. Дзяўчынкі ідуць наперад з уласцівым іх узросту юнацкім максімалізмам, асабліва не аглядаючыся на перашкоды…

У кнігу Таццяны Шыпрошынай “Паход” увайшлі дзве аповесці – “Паход” і “Без двукоссяў”. Сяброўства, каханне, здрада. У паходзе выпрабоўваюцца не толькі моц ног і сіла рук – там правяраюцца душы. Героі аповесці “Без двукоссяў” перажываюць першае каханне. У гэтым  пачуцці галоўнае – не хлусіць. Няма нічога больш цудоўнага і больш складанага, чым пражыць сваё жыццё без двукоссяў…

Серыя “Выпускны клас” 16+

Наталля Корсакава “Вінавата таямніца”. Гісторыя пра дзяўчынку Лену, якая прыходзіць у новую школу і ў новы клас. Мама Лены – сучасная бізнесвумэн – адкрывае чарговы філіял сваёй фірмы ў невялікім мястэчку, куды яны з дачкой вымушаны пераехаць. Як прымуць Ленку ў новым калектыве?

Алена ЯКАЎЧЫК,
бібліятэкар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#библиотека #книги

Похожие публикации