Урачыстае закрыццё студатрадаўскага працоўнага семестра прайшло на Дзятлаўшчыне.

Па добрай традыцыі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык накіраваліся з салодкімі падарункамі да маладых работнікаў, падзякамі і памятнымі прызамі – да кіраўнікоў арганізацый, якія аказвалі садзейнічанне ў ажыццяўленні дзейнасці студатрадаў.


Яны ўрачыста павіншавалі навучэнцаў Хвінявіцкай, Гезгалаўскай, Дварэцкай сярэдніх школ, Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, а таксама гарадскіх школ і гімназіі.


Як расказала Кацярына Уладзіміраўна, сёлета на Дзятлаўшчыне працавалі 13 студэнцкіх атрадаў, у саставе якіх былі 196 чалавек. Атрады функцыянавалі на базе сямі арганізацый раёна: у гаспадарках “Граніт-Агра”, “Дварэц-Агра”, “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”, а таксама ў Дзятлаўскім РУП ЖКГ, цэнтральнай раённай бальніцы, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Студатрадаўцы былі заняты на такіх работах, як уборка горада, добраўпарадкаванне тэрыторый, відавая праполка зерневых і зернебабовых культур, дапамога на збожжатаках у час жніва, уборка і пераборка бульбы, праполка саджанцаў драўнінных культур. За свае намаганні школьнікі атрымалі грашовае ўзнагароджанне, не менш важнымі для іх сталі працоўны вопыт і зладжаная работа ў камандзе.




– Большасць арганізацый раёна, дзе функцыянавалі атрады, прымае непаўналетніх работнікаў не першы год, – расказала Кацярына Хілімончык. – А гэта павышаная адказнасць па забеспячэнні належных працоўных умоваў як для кіраўнікоў, так і для ідэолагаў, інжынераў па ахове працы, аграномаў, іншых спецыялістаў, якія курыруюць работу моладзі. Мы вельмі ўдзячныя ім за клопаты і падтрымку, спадзяёмся на плённае супрацоўніцтва ў наступным сезоне.



Словы ўдзячнасці за старанную працу і ўклад у агульную справу раёна моладзевы лідар у час сустрэч адрасавала юным актывістам, кіраўнікам школ, педагогам.

– Дзякуючы студатрадаўскаму руху, школьнікі разумеюць, як няпроста зарабляюцца ўласныя грошы, “выхоўваюць” у сабе працоўную дысцыпліну, вучацца падтрымліваць адзін аднаго, сябраваць, – упэўнена Кацярына Хілімончык.


Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#АПК #сельское хозяйство #нашелучшее #нашалепшае