Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці пабываў у вёсцы Нарбутавічы, каб павіншаваць выдатнага чалавека – 90-гадовага юбіляра Мечыслава Генюка.

Мужчына пражыў доўгае, насычанае, цікавае, часам вельмі цяжкае жыццё. Ён яшчэ добра памятае даваенны, ваенны і пасляваенны час. Гісторыя Мечыслава Паўлавіча, яго ўспаміны пра вайну неацэнныя, але сёння хочацца расказаць пра яго сямейнае жыццё. Мужчына з удзячнасцю і вялікай павагай гаворыць пра сваю жонку Ванду Іосіфаўну. Гэтай энергічнай, прыемнай жанчыне ў канцы снежня споўнілася 79 гадоў.

– Я ўдзячны Богу за такую цудоўную жонку. Я шукаў яе 33 гады. Яна працавітая, добрая, адказная, заўсёды мяне падтрымлівала ў цяжкія часы, а іх хапала ў маім жыцці. Неаднаразова ў мяне былі вельмі сур’ёзныя праблемы са здароўем, і яна мяне выцягвала, можна сказаць, з таго свету, – так пра сваю жонку з павагай і замілаваннем расказвае Мечыслаў Паўлавіч.
І сапраўды, Ванда Іосіфаўна выклікае вельмі прыемнае ўражанне. Яна хоць і знаходзіцца ў сталым узросце, але мае вельмі добрую фізічную форму. Энергічная, гаваркая, гасцінная жанчына падзялілася гісторыяй свайго жыцця:

– Нарадзілася я ў сялянскай сям’і. З 15-і гадоў пачала працаваць паштальёнам, абслугоўвала тры вёскі – Муляры, Ведравічы і Нарбутавічы. Потым пайшла вучыцца на тынкоўшчыка, добра асвоіла і гэту прафесію – працавала на будоўлях у Навагрудку, Іўі, Шчучыне. Аднойчы прыехала дадому на адпачынак і на танцах пазнаёмілася з вясёлым хлопцам Мечыславам. Гэтая сустрэча стала лёсавызначальнай, мы хутка зразумелі, што хочам пражыць жыццё разам. Згулялі вяселле, і засталася я жыць у вёсцы. Трымалі вялікую гаспадарку – шэсць кароў, двух коней, свіней, шмат курэй і гусей. Фізічная праца для мяне не была цяжарам, я спраўлялася з работай, а ў вольны час вязала, вышывала, гадавала дваіх сыноў і нават паспявала дапамагаць аднавяскоўцам гатаваць на вяселлях. У жыцці даводзілася вельмі шмат працаваць, але і з задавальненнем хадзіла вечарамі ў клуб, любіла спяваць.

Цяпер у нас, старых, іншае жыццё, больш павольнае, ціхае. Кошка Мурка – вось і ўся наша гаспадарка на сёння. Вядома, крыху сумуем па той пары, калі было шумна і гаманліва і ў доме, і ў двары. Але ўсяму свой час, разумеем, што сілы ўжо не тыя, таму знаходзім сабе іншыя заняткі па душы. Займаемся з Мечыславам Паўлавічам паўсядзённымі справамі, сазвоньваемся кожны дзень з сынамі, якія з сем’ямі жывуць у Дзятлаве і Лідзе, цікавімся справамі нашых трох унукаў і двух праўнукаў.
Маладому пакаленню раім жыць у ладзе і згодзе, радавацца кожнаму мірнаму дню, добрасумленна працаваць, каб потым у старасці ўспаміналіся толькі лепшыя і прыемныя старонкі жыцця.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga