Мая Дзятлаўшчына. Адкрыты новы ФАП у вёсцы Руда Яварская

Жыхары вёскі Руда Яварская атрымалі цудоўны падарунак да 7 лістапада.

Напярэдадні свята з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева і начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Людмілы Кеда тут урачыста адкрылі новы модульны фельчарска-акушэрскі пункт. Ён стаў аптымальным рашэннем для павышэння якасці медыцынскай дапамогі, якая аказваецца вяскоўцам, і стварэння сучасных зручных умоваў працы для работнікаў сферы аховы здароўя.

З’яўленне новага будынка з усім неабходным абсталяваннем стала важнай падзеяй не толькі для жыхароў гэтай вёскі: у зоне абслугоўвання сем населеных пунктаў і 221 чалавек, фельчарска-акушэрскі пункт замацаваны за Казлоўшчынскай гарпасялковай бальніцай, з якой, згодна з графікам, сюды прыязджае доктар агульнай практыкі.

– Здароўе чалавека – аснова сацыяльнай палітыкі Беларусі, – падкрэсліў у час урачыстасці старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Дзе б ні жылі людзі, на якой адлегласці ад раённага, абласнога цэнтра ні знаходзіліся, яны павінны атрымліваць якасную медыцынскую дапамогу. Дзятлаўскі раён невялікі, тым не менш ён мае складаную сістэму аховы здароўя: на 22 тысячы жыхароў даводзяцца цэнтральная раённая бальніца, дзве гарадскія бальніцы, тры амбулаторыі, 15 ФАПаў, бальніца сястрынскага догляду. Сфера патрабуе дастатковай увагі і фінансавання. У раёне мы адкрываем другі модульны ФАП, першы функцыянуе з 2024 года ў вёсцы Ахонава. Практыка паказала, што працуюць яны вынікова, гэта сучасныя запатрабаваныя аб’екты. Жадаю, каб гэты фельчарска-акушэрскі пункт стаў месцам здароўя і камфорту. Як кіраўнік раёна вельмі рады, што мы маем магчымасць нават у невялікіх вёсках ствараць якасныя ўмовы.   

– Адкрываем невялікі аб’ект, усяго толькі ФАП, аднак для вяскоўцаў ён значна палепшыць якасць жыцця, – зазначыў Юрый Караеў. – Былы драўляны будынак з пячным ацяпленнем ужо маральна састарэў. Цяпер сюды прыемна будзе заходзіць, нездарма кажуць, што і сцены лечаць, калі яны ўтульныя. Дзятлаўшчына маляўнічы, дагледжаны куток Гродзеншчыны. Малайцы, што так клапоціцеся пра малую радзіму. Да 7 лістапада ў раёне для жыхароў падрыхтаваны яшчэ адзін падарунак – адкрыццё 31-кватэрнага арэнднага дома. Нямала сацыяльна значных аб’ектаў сёлета адкрываецца і ў іншых населеных пунктах вобласці. Гэта скіравана на паляпшэнне жыцця ў Прынёманні. Віншую жыхароў вёскі Руда Яварская і суседніх, думаю, вы хутка ацэніце падарунак.

– У Беларусі шмат увагі надаецца, і ў першую чаргу кіраўніком дзяржавы, сістэме аховы здароўя, – падкрэсліла Людміла Кеда. – Асаблівы акцэнт – каб людзям, незалежна ад месца жыхарства, прадастаўлялася якасная, даступная медыцынская дапамога. У маі 2023 года Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прывесці ў адпаведнасць усе ФАПы і амбулаторыі, бо забеспячэнне першаснай медыцынскай дапамогі самае важнае. На Гродзеншчыне 198 стацыянарных ФАПаў, сярод якіх (разам з Рудаяварскім) дзесяць перанесены ў модульныя канструкцыі. Мы былі першапачаткоўцамі ў гэтым плане, што пазітыўна ацэнена насельніцтвам і медработнікамі. Ёсць яшчэ 24 мабільныя ФАПы. Работа ў гэтым кірунку прадаўжаецца. Наладжана магчымасць дастаўкі пацыентаў у міжраённыя цэнтры, якіх тры на Гродзеншчыне (у Лідзе, Ваўкавыску, Астраўцы) з высокатэхналагічным абсталяваннем, каб максімальна захаваць жыццё і здароўе кожнага.

Галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Яцкевіч пачаў сваё выступленне са словаў удзячнасці раённаму выканаўчаму камітэту і асабіста Андрэю Садоўскаму:

– Без вашай падтрымкі сённяшняй падзеі магло б і не быць. У Беларусі, нашым раёне сацыяльнай сферы і ахове здароўя надаецца шмат увагі. Так, на Дзятлаўшчыне рамантуецца і рэканструюецца шмат аб’ектаў: за апошнія два гады адкрыты два модульныя ФАПы, столькі ж набыта мабільных, праведзена значная работа па рэканструкцыі і бягучых рамонтах у райпаліклініцы, рэнтгенаўскім, стэрылізацыйным аддзяленнях, актыўна рэканструюецца Новаяльнянская паліклініка, набыта дарагое абсталяванне для эндаскапіі.

Віктар Казіміравіч пажадаў усім здароўя, яшчэ раз падзякаваў за дапамогу і ўручыў падарункі арганізацыям, што дапамагалі пры будаўніцтве. Іх атрымалі кіраўнікі ТАА “Агражалезабетон” Аляксандр Волкаў, КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі, КУП “Дзятлаўскае ПМС” Віктар Адамчык.

Новую медустанову блаславілі і асвяцілі настаяцель храма Архангела Міхаіла ў вёсцы Руда Яварская іерэй Аляксей Лаўнік і ксёндз-пробашч парафіі касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве Віталій Пяткевіч.

Даведка

Ранейшы ФАП знаходзіўся ў старым драўляным доме з пячным ацяпленнем, якое не адпавядала сучасным санітарна-гігіенічным патрабаванням і яго немагчыма было замяніць. Так было прынята рашэнне не толькі ўзвесці новы медыцынскі аб’ект, але і памяняць яго месцазнаходжанне, бо найперш улічвалі зручнасць для вяскоўцаў. Цяпер ён адчыніў свае дзверы ў самым цэнтры населенага пункта, насупраць магазіна. Побач – добраўпарадкаваная тэрыторыя з веласіпеднай паркоўкай і аўтастаянкай, зручныя дарожкі.

Новы фельчарска-акушэрскі пункт узведзены з выкарыстаннем модульнай металічнай канструкцыі, яго кошт – 125 тысяч рублёў, якія былі выдзелены з раённага бюджэту. Работы па добраўпарадкаванні і электрыфікацыі склалі 15 тысяч рублёў – гэта спонсарскія і пазабюджэтныя сродкі. ФАП забяспечаны медыцынскай інфармацыйнай сістэмай, якая дазваляе ажыццявіць запіс на прыём да спецыялістаў дзятлаўскай паліклінікі, прагледзець даныя аб выніках лабараторных даследаванняў, аглядах дактароў. На новым ФАПе ёсць усё неабходнае для аказання пярвічнай медыцынскай дапамогі, правядзення вакцынацыі, прафілактычных аглядаў, тут устаноўлена электрычнае ацяпленне, ёсць санвузел і ўмывальнікі.

Сваім меркаваннем аб падзеі падзяліліся вяскоўцы.

Алена Мацкевіч, загадчыца Рудаяварскага ФАПа:

– Цудоўная падзея, бо аказанне медыцынскай дапамогі стала бліжэй для насельніцтва зоны абслугоўвання ў прамым сэнсе слова. Як каранная жыхарка вёскі Руда Яварская, медык, які працуе на мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце з 1994 года, дзякую райвыканкаму за фінансавую дапамогу, усім, хто дапамагаў будаваць, – за работу. Істотна палепшыліся ўмовы працы: пячное ацяпленне перайшло на зручнае электрычнае. Увядзенне ў строй любога медыцынскага аб’екта, дзе б ён ні быў, – гэта клопат дзяржавы аб стане здароўя чалавека. Беражыце яго, звяртайцеся часцей для прафілактыкі на дыспансерызацыю і медыцынскае назіранне, будзьце здаровыя.

Васілій Аўсянік, вясковец:

– Цудоўна, што ФАП перанесены ў цэнтр вёскі. Цяпер дабірацца да яго стала бліжэй, што асабліва важна для хворых старых людзей. Добра, што на месцы можна будзе запісацца да дактароў-спецыялістаў.

Галіна Юшкевіч, мясцовая жыхарка:

– Рада, бо асабіста мне раней было вельмі далёка хадзіць, а цяпер па дарозе з магазіна заўжды можна зайсці праверыць ціск, расказаць нашай Алене Анатольеўне пра стан здароўя. Яна вельмі душэўны, клапатлівы чалавек. Пра нас ведае ўсё: хто на што хварэе, якія таблеткі лепш выпісаць. Мы вельмі рады і задаволены.

Марына Касач, мясцовая жыхарка:

– Выдатны сучасны будынак, зручнае месца, прыгожая дагледжаная тэрыторыя – усё падабаецца. Будзем заходзіць часцей.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае 

administrator

Recent Posts

За рулём камбайна – чалавек-эпоха

Напярэдадні свята сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграрыі і жывёлаводы Дзятлаўшчыны адправяцца ў Гродна, каб…

5 минут ago

Александр Губко: от деревни Ходевляны до вершин медицинской науки

У каждого края есть имена, которые выходят далеко за пределы родных границ, становясь предметом гордости…

27 минут ago

Cоциальные работники обеспечены теплыми жилетами со светоотражающими элементами

С наступлением осенне-зимнего периода социальные работники и помощники по уходу отделения социальной помощи на дому…

32 минуты ago

Александр Лукашенко в Могилевской области ознакомится с реализацией проектов в сфере АПК

Президент Беларуси Александр Лукашенко совершит рабочую поездку в Могилевскую область, где ознакомится с реализацией современных…

50 минут ago

Актуальны каментарый. Час перайсці ад словаў да спраў

Член Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, начальнік…

7 часов ago

Дзятлаўшчына маладая. Упэўнены старт – на малой радзіме

Ці ёсць перспектывы ў вёсцы? Аб гэтым варта спытацца ў маладых спецыялістаў раёна, якія прыходзяць…

7 часов ago