28 лютага – дзень нараджэння самабытнага беларускага мастака, члена Беларускага саюза мастакоў, ураджэнца Дзятлаўшчыны Вікенція Іванавіча Ражко (1948–2021).
Нарадзіўся будучы мастак у вёсцы Гярбелевічы Дзятлаўскага раёна, у простай сялянскай шматдзетнай сям’і, дзе быў сёмым дзіцём. Менавіта там, сярод непаўторных краявідаў роднага краю, нарадзілася яго любоў да прыроды і мара стаць мастаком. Першыя прафесійныя навыкі Вікенцій атрымаў яшчэ школьнікам у мястэчку Казлоўшчына ад таленавітага педагога Уладзіміра Жука.
З 1966 года лёс прывёў яго ў легендарны Віцебск – горад мастакоў. Скончыўшы мастацка–графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, ён меў магчымасць вучыцца майстэрству ў такіх выдатных майстроў, як А. Някрасаў (алейны жывапіс) і адзін з заснавальнікаў беларускай акварэльнай школы Ф. Гумен. Менавіта пад іх уплывам Вікенцій Іванавіч назаўжды «захварэў» акварэллю, знайшоўшы ў ёй свой галоўны спосаб выказвання.
Пасля Віцебска была праца настаўнікам у Зэльве, а з 1975 года – Ваўкавыск, які стаў для мастака другой радзімай. Тут ён працаваў у філіяле гродзенскага камбіната «Мастацтва», а пазней выкладаў у педагагічным каледжы, перадаючы любоў да прыгажосці новым пакаленням.
Вікенцій Ражко – майстар тонкага лірычнага настрою. Яго пэндзаль даваў магчымасць гледачу пачуць шолах травы, убачыць, як паветра напоўнена вільгаццю, як прабіваюцца промні сонца праз аблокі. Сярод яго найбольш вядомых твораў — «Месяц», «Марозны вечар», «Прайшоў летні дождж», «Размова», «Партрэт сястры». Шмат у чым крыніцай яго натхнення заўсёды заставалася малая радзіма – вёсцы Гярбелевічы ён прысвяціў працу «Валокі».

Яго мастацкая спадчына не абмяжоўваецца Беларуссю: творы Вікенція Ражко знайшлі свой прытулак у прыватных калекцыях Польшчы, Чэхіі, Канады і Германіі.
Для нас асабліва каштоўна, што ў фондах Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка–краязнаўчага музея захоўваецца акварэльная праца майстра. Гэта карціна «Пара летніх навальніц», напісаная ў 1982 годзе. Твор выкананы ў адной з найскладанейшых акварэльных тэхнік – «па-мокраму» Гэтая тэхніка дазваляе дасягнуць дзіўнай плыўнасці пераходаў і празрыстасці, дакладна перадаючы той напружаны стан прыроды, які папярэднічае навальніцы, калі паветра само напаўняецца вільгаццю і святлом. Вы можаце ўбачыць гэтую работу ў мастацкай міні–галерэі нашага музея.
Вікенцій Іванавіч сышоў з жыцця ў 2021–м, але пакінуў нам сваю галоўную спадчыну – уменне спыніць імгненне і падарыць яго вечнасць.
Дзятлаўскі музей
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga