Свае падарожжы па Дзятлаўшчыне прадаўжае культурна-інфармацыйны праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

На гэты раз маршрут культарганізатара Ірыны Бакшук пралёг у вёску Гярбелевічы да мясцовай старасты Марыі Плаўскай. Спецыялісты сектара ўпэўнены, што сустрэчы з паважанымі на сяле людзьмі – старастамі вёсак – дапамагаюць праз іх жыццёвыя гісторыі больш даведацца пра адметнасці населеных пунктаў і вяскоўцаў.

Як высветлілася ў час размовы, Марыя Аляксандраўна з дзяцінства цудоўна ведае, якое яно, сельскае жыццё, бо сама нарадзілася на Навагрудчыне ў вёсцы Гагарына. Пасля мясцовай васьмігодкі вучобу ў старэйшых класах прадоўжыла ў райцэнтры, затым – у Гродзенскім вучылішчы бытавога абслугоўвання. Некалькі гадоў адпрацавала па спецыяльнасці на малой радзіме ў пункце быту вёскі Каменка. З будучым мужам Станіславам Вацлававічам яе пазнаёміла дваюрадная сястра. Калі зарэгістравалі шлюб, пераехалі ў горад Слонім, аднак пасля нараджэння дачкі Вольгі вырашылі перасяліцца на пастаяннае жыхарства на Дзятлаўшчыну ў вёску Гярбелевічы. На той час гэта быў цэнтр Гярбелевіцкага сельскага савета. Менавіта тут Плаўскія выгадавалі і паставілі на ногі трох сваіх дзяцей. Цяпер старэйшая Вольга – бухгалтар у Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце, сярэдняя Таццяна жыве ў Брэсце, працуе справаводам, сын Іван пераехаў у Гродна, бабулю і дзядулю радуюць пяцёра ўнукаў.

Як лічыць Марыя Аляксандраўна, вясковае жыццё ніколі не бывае бязвоблачным і бесклапотным: дбайны і спраўны гаспадар на сяле павінен старанна працаваць. Асабліва складанымі па ўспамінах жанчыны для вяскоўцаў выдаліся 90-ыя гады мінулага стагоддзя. Яе ў той час вельмі выручыла атрыманая прафесія: сваімі рукамі жанчына шыла абноўкі сваім дзецям, часта дапамагала ў пашыве і рамонце адзення землякам. Працавала ж цэлых 16 гадоў не па спецыяльнасці – малаказборшчыцай у мясцовым калгасе.

– На прапанову збіраць малако ў насельніцтва згадзілася таму, што мусіла зарабляць грошы: мужу аднаму складана было забяспечваць сям’ю, – успамінае Марыя Плаўская. – Работа аказалася няпростай і ў фізічным, і ў маральным плане. Бывала даводзілася чуць абразы на свой адрас, хаця былі і словы шчырай удзячнасці – людзі трапляліся розныя. Усё цярпела для дабрабыту блізкіх, а праз паўтара дзесяцігоддзя мяне ў рэшце-рэшт перавялі на аператара машыннага даення, дзе адпрацавала яшчэ 12 гадоў. У 2009-ым, як былую малаказборшчыцу і чалавека, які выдатна ведае вёску і яе жыхароў, абралі старастай Гярбелевічаў.

За гады выканання даверанай грамадска адказнай справы вясковая стараста Марыя Плаўская неаднаразова была адзначана падзячнымі лістамі і ўзнагародамі, хаця сама сціпла заўважае:

– Гэта ж не мая заслуга, а ўсіх жыхароў Гярбелевічаў.

На пытанне, а што менавіта даводзіцца рабіць вясковай старасце, адказвае без доўгага роздуму і па жыццёваму проста:

– Рэагую на запыты аднавяскоўцаў, чым магу, тым дапамагаю людзям. Задавальняць іх просьбы атрымліваецца, дзякуючы старшыні Казлоўшчынскага сельсавета Вадзіму Бялятку. Ён заўсёды прыслухоўваецца да пажаданняў насельніцтва, прымае ўзважаныя рашэнні. У мяне здаралася і так, што землякі чакалі не рэальнай справы, а менавіта маральнай падтрымкі або слушнай парады. Бывала і ўначы даводзілася падымацца з ложка па тэлефонным званку, дапазна падбадзёрваць чалавека добрым словам, а як жа, такое наша жыццё!

– Якія яны, вясковыя будні, што за традыцыі застаюцца ў памяці народнай? – прадаўжаем дапытвацца ў гярбелевіцкай актывісткі.

І вось ужо на твары Марыі Плаўскай “запальваецца” лагодная ўсмешка, а ў вачах зіхацяць вясёлыя агеньчыкі – становіцца зразумела, што думкамі яна вяртаецца ў гады росквіту мілага сэрцу куточка зямлі.

– Нашу вёску любяць многія, бо яна стала калыскай і бацькоўскім гняздом для дзясяткаў дастойных людзей і спецыялістаў, – пачынае пералічваць яна. – У Гярбелевічах нарадзіліся заслужаны настаўнік раёна Канстанцін Шапель, пляяда знакамітых медыкаў, якія працуюць у стацыянарах рэспублікі, іншыя вядомыя землякі. Раней Гярбелевічы былі шматлюднымі, дружнымі, вясёлымі. У час зімовых святаў, асабліва на Каляды, вяскоўцы хадзілі адзін да аднаго ў госці, прычым, лічылася, чым больш людзей, не толькі сваякоў, але і суседзяў, збярэцца за святочным сталом, тым багацейшым і спрыяльным будзе наступны год. На Шчадруху (стары Новы год) пасваволіць і пажартаваць любіла вясковая моладзь. Маглі, напрыклад, падперці каму-небудзь уваходныя дзверы, зацягнуць і схаваць санкі або зняць і занесці далей ад падворка веснічкі. Адным словам, жылі не сумавалі.

Былое адыйшло, але па-ранейшаму Плаўскія любяць збірацца вялікай сям’ёй у роднай хаце за накрытым сталом. Заўсёды жаданымі сярод страваў застаюцца простыя вясковыя дранікі і бабка, рэцэптам якой гаспадыня з задавальненнем дзеліцца з чытачамі газеты.

– Націраю бульбу на тарцы, – расказвае Марыя Аляксандраўна. – На патэльні зажарваю скваркі. Усё змешваю разам і стаўлю “парыцца” ў печ. На стол падаю са смятанай.

На заслужаным адпачынку гярбелевіцкая стараста любіць не толькі завіхацца на кухні, але і з вялікім задавальненнем глядзіць па тэлевізары музычныя праграмы, асабліва з Андрэем Малахавым.

– Мы і самі ўсе пявучыя, – тлумачыць жанчына сваё захапленне. – Напрыклад, мой брат Аляксандр Маляўка выступае ў хоры “Ветэраны ў страі”. Вельмі хочацца, каб наш род і надалей прадаўжаў жыць з песняй.

На развітанне Марыя Плаўская адзначае, што цяперашнія Гярбелевічы, на жаль, сталі малалюднымі. Тым не менш сваім землякам і іншым жыхарам Дзятлаўшчыны вясковая актывістка жадае дабра, мірнага неба над галавой, веры ў Бога, і каб уся чалавечая нянавісць ператварылася ў сяброўства і згоду.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

На Зецельскім фэсце гуляе народ…

На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…

17 минут ago

Рыхтавацца да зімы – загадзя і грунтоўна

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…

15 часов ago

Последствия выплаты заработной платы «в конверте» для нанимателей

Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму  оплаты труда, при которой часть или весь…

16 часов ago

Навучыліся аказваць неадкладную дапамогу

Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…

16 часов ago

Добрахвотнікаў стала больш

У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…

16 часов ago

Макроэкономическая стабильность и повышение качества жизни. Александр Лукашенко назвал базовые цели ЕАЭС

Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…

17 часов ago