14 кастрычніка адзначаецца праваслаўнае свята Пакровы Прасвятой Багародзiцы. Сімвалічна, што на гэты дзень прыпадае яшчэ адно свята — Дзень маці.
Цэлы дзень адсылаюцца СМС-паведамленні, віншаванні ў сацыяльных сетках. Многія фармальна пішуць іх адзін аднаму. Калі ж задумацца — гэта вельмі важнае свята для кожнага з нас, таму што ў кожнага была мама. Калі б не яна, нікога з нас не было б на свеце.
Не прыніжаючы значнасці бацькі, зірнём праўдзе ў вочы. Менавіта маці насіла нас 9 месяцаў пад сэрцам. Менавіта яна дала нам жыццё — самае каштоўнае, што мы атрымалі. Пытанне, на якое кожны павінен адказаць сабе: “Што я зрабіў з гэтым дарам? Дзе я цяпер і з кім? Ці памятаю пра таго чалавека, праз якога прыйшоў у свет?”.
Адносіны з маці могуць быць рознымі. У казках ёсць маці і мачаха, у жыцці адна і тая жанчына можа адносіцца да свайго дзіцяці па-рознаму. З некаторымі маці можна дагаварыцца, з некаторымі — не. Адны мяняюцца, другія застаюцца ранейшымі. Адны з кожным годам становяцца лепшымі, іншыя — горшымі. Аднак менавіта гэта жанчына нарадзіла вас, якой бы яна ні была сёння, што б вы пра яе не думалі. Гэта — факт, які не змяніць.
Сустракаюцца розныя маці: добрыя і злыя, шчодрыя і скупыя на пяшчотныя словы, падтрымку.
Але ваша маці — асаблівая, бо незалежна ад таго, якой яна была (заставалася мяккай ці скіроўвала на вас увесь свой гнеў), да гэтай пары жыве ці памерла пры родах, менавіта яна стаяла паміж вашым існаваннем і неіснаванем.
Вы пасварыліся і крыўдуеце на сваю маці, не размаўляеце з ёй. Або вы любіце яе і ўжо тры разы сёння тэлефанавалі. Гэта ўсё гаворыць аб тым, што вы пра яе памятаеце, яна вам патрэбная і будзе патрэбная заўжды.
Калі ж вы заблыталіся ў складаных адносінах з бацькамі, не ведаеце, што рабіць, вазьміце сабе за правіла пятую Божую запаведзь: “Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб табе добра было, каб ты доўга пражыў на зямлі”.
В. СТУПЧЫК,
псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна