Некалькі гадоў у сярэдняй школе №1 горада Дзятлава пад кіраўніцтвам педагога Ірыны Уладзіміраўны Дарафейчык вучні працуюць над праектам па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніцаў энергіі. Работа дае плён. Не стаў выключэннем і 2016 год. Навучэнец 11 класа Максім Заблоцкі стаў прызёрам некалькіх прэстыжных навуковых конкурсаў. Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў юнага рацыяналізатара, чым школьны праект прываблівае вучоных і інжынераў.
— Максім, з чаго пачынаўся твой інтарэс да навукі і тэхнікі?
— Тэхнікай цікаўлюся з дзяцінства, з таго часу, як мне дазволілі разабраць першы магнітафон. Там я знайшоў маленькі маторчык, далучыў яго да батарэйкі — і ён запрацаваў. Пазней мы з сябрам рабілі вентылятары, збіралі ланцужкі з правадоў і далучалі святлодыёдныя лямпы. Паколькі я цікаўлюся тэхнікай, у школе мне прапанавалі паўдзельнічаць у распрацоўцы навуковага праекта.
— Што гэта за праект?
— Яго назва — «Магчымасці выкарыстання энергіі сонца і ветру для атрымання святла і цяпла». Задача — з другасных матэрыялаў, якія ўжо не выкарыстоўваюцца, змайстраваць прыборы для выпрацоўкі электраэнергіі або назапашвання цеплавой сонечнай энергіі. Мы сабралі ротарны ветрагенератар для асвятлення дваровых пабудоваў; два калектары — для награвання вады і абагрэву памяшканняў (цяпліцаў); зараднае прыстасаванне для мабільнага тэлефона, якое здольна атрымліваць энергію ад вогнішча або з дапамогай сонечнага калектара. Нашы прыстасаванні дазваляюць атрымаць энергію альтэрнатыўным шляхам і зберагчы грошы.
— Раскажы пра конкурсы, у якіх удзельнічалі?
— Упершыню я прадстаўляў праект на конкурсе «100 ідэяў для Беларусі», прызавога месца наша работа не заняла, але ўвайшла ў дзясятку лепшых. На конкурсе «Энергія і асяроддзе пражывання» мы сталі другімі ў вобласці, а за абласны конкурс «Таленты ХХІ стагоддзя» атрымалі дыплом трэцяй ступені.
Удалы старт дадаў упэўненасці. Падалі заяўку на ўдзел у навукова-інжынерным конкурсе навучэнцаў «Belarus Science and Engineering Fair», які праходзіў з ініцыятывы Парка высокіх тэхналогій, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, карпарацыі Intel. У катэгорыі «Экалогія і праблемы навакольнага асяроддзя, энергазберагальныя тэхналогіі» занялі другое месца.
Літаральна праз тыдзень праходзіў 7-ы рэспубліканскі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў «ТэхнаІнтэлект». Ён ладзіўся на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта для маладых рацыяналізатараў і вынаходнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Конкурс прэстыжны, і пасля перамогі на абласным этапе мы не маглі яго прапусціць. У рабоце секцый і выставаў, майстар-класах былі задзейнічаны вядомыя беларускія вучоныя, вынаходнікі, педагогі-наватары. Наш праект стаў «бронзавым» прызёрам у секцыі «Энергазберагальныя тэхналогіі». Я атрымаў дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, памятны падарунак, пасведчанне ўдзельніка.
— Якія планы надалей?
— На конкурсе «Тэхна Інтэлект» нашым праектам зацікавіўся прадстаўнік рэдакцыі часопіса «Юны вынаходнік». Плануем звязацца з рэдакцыяй і надрукаваць тэматычны артыкул у часопісе. Таксама да мяне звяртаўся рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта радыётэхнікі і электронікі з прапановай паступаць у іх установу, але я ўжо вызначыўся з будучай прафесіяй. Збіраюся стаць курсантам Мінскай акадэміі МУС, факультэта ўнутраных войскаў.
— Як лічыш, чаму ваш праект такі паспяховы?
— Будучыня — за прыроднымі крыніцамі энергіі. Энергію сонца і ветру можна выкарыстоўваць без вялікіх грашовых затрат, не наносячы шкоды навакольнаму асяроддзю. Гэта асабліва актуальна ў ХХІ стагоддзі, калі эколагі б’юць трывогу. Многія цяпер пераходзяць на выкарыстанне альтэрнатыўнай энергіі. А ў космасе прыборы даўно працуюць, дзякуючы сонечным батарэям. Дарэчы, і на Дзятлаўшчыне з’явіліся ветрагенератары. Лічу, што ў бліжэйшы час гэты накірунак будзе развівацца.
Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
Новые нормы закреплены в Кодексе об административных правонарушениях. В первую очередь речь идёт о борщевике…
Состояние всех пострадавших в Брянской области пациентов после первой проведенной в учреждениях здравоохранения Минска ночи…
В Беларуси скошено трав первым укосом на площади 1200 тыс. га, что составляет 85% от…
Комитетом государственного контроля Гродненской области при проверке одного из районных управлений капитального строительства, выполняющего функции…
Президент Беларуси Александр Лукашенко в ходе рабочей поездки в Узденский район Минской области ознакомится с…