Некалькі гадоў у сярэдняй школе №1 горада Дзятлава пад кіраўніцтвам педагога Ірыны Уладзіміраўны Дарафейчык вучні працуюць над праектам па выкарыстанні альтэрнатыўных крыніцаў энергіі. Работа дае плён. Не стаў выключэннем і 2016 год. Навучэнец 11 класа Максім Заблоцкі стаў прызёрам некалькіх прэстыжных навуковых конкурсаў. Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў юнага рацыяналізатара, чым школьны праект прываблівае вучоных і інжынераў.

— Максім, з чаго пачынаўся твой інтарэс да навукі і тэхнікі?

— Тэхнікай цікаўлюся з дзяцінства, з таго часу, як мне дазволілі разабраць першы магнітафон. Там я знайшоў маленькі маторчык, далучыў яго да батарэйкі — і ён запрацаваў. Пазней мы з сябрам рабілі вентылятары, збіралі ланцужкі з правадоў і далучалі святлодыёдныя лямпы. Паколькі я цікаўлюся тэхнікай, у школе мне прапанавалі паўдзельнічаць у распрацоўцы навуковага праекта.

— Што гэта за праект?

— Яго назва — “Магчымасці выкарыстання энергіі сонца і ветру для атрымання святла і цяпла”. Задача — з другасных матэрыялаў, якія ўжо не выкарыстоўваюцца, змайстраваць прыборы для выпрацоўкі электраэнергіі або назапашвання цеплавой сонечнай энергіі. Мы сабралі ротарны ветрагенератар для асвятлення дваровых пабудоваў; два калектары — для награвання вады і абагрэву памяшканняў (цяпліцаў); зараднае прыстасаванне для мабільнага тэлефона, якое здольна атрымліваць энергію ад вогнішча або з дапамогай сонечнага калектара. Нашы прыстасаванні дазваляюць атрымаць энергію альтэрнатыўным шляхам і зберагчы грошы.

— Раскажы пра конкурсы, у якіх удзельнічалі?

— Упершыню я прадстаўляў праект на конкурсе “100 ідэяў для Беларусі”, прызавога месца наша работа не заняла, але ўвайшла ў дзясятку лепшых. На конкурсе “Энергія і асяроддзе пражывання” мы сталі другімі ў вобласці, а за абласны конкурс “Таленты ХХІ стагоддзя” атрымалі дыплом трэцяй ступені.

Удалы старт дадаў упэўненасці. Падалі заяўку на ўдзел у навукова-інжынерным конкурсе навучэнцаў “Belarus Science and Engineering Fair”, які праходзіў з ініцыятывы Парка высокіх тэхналогій, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, карпарацыі Intel. У катэгорыі “Экалогія і праблемы навакольнага асяроддзя, энергазберагальныя тэхналогіі” занялі другое месца.

Літаральна праз тыдзень праходзіў 7-ы рэспубліканскі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”. Ён ладзіўся на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта для маладых рацыяналізатараў і вынаходнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Конкурс прэстыжны, і пасля перамогі на абласным этапе мы не маглі яго прапусціць. У рабоце секцый і выставаў, майстар-класах былі задзейнічаны вядомыя беларускія вучоныя, вынаходнікі, педагогі-наватары. Наш праект стаў “бронзавым” прызёрам у секцыі “Энергазберагальныя тэхналогіі”. Я атрымаў дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, памятны падарунак, пасведчанне ўдзельніка.

_MG_1023

— Якія планы надалей?

— На конкурсе “Тэхна Інтэлект” нашым праектам зацікавіўся прадстаўнік рэдакцыі часопіса “Юны вынаходнік”. Плануем звязацца з рэдакцыяй і надрукаваць тэматычны артыкул у часопісе. Таксама да мяне звяртаўся рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта радыётэхнікі і электронікі з прапановай паступаць у іх установу, але я ўжо вызначыўся з будучай прафесіяй. Збіраюся стаць курсантам Мінскай акадэміі МУС, факультэта ўнутраных войскаў.

— Як лічыш, чаму ваш праект такі паспяховы?

— Будучыня — за прыроднымі крыніцамі энергіі. Энергію сонца і ветру можна выкарыстоўваць без вялікіх грашовых затрат, не наносячы шкоды навакольнаму асяроддзю. Гэта асабліва актуальна ў ХХІ стагоддзі, калі эколагі б’юць трывогу. Многія цяпер пераходзяць на выкарыстанне альтэрнатыўнай энергіі. А ў космасе прыборы даўно працуюць, дзякуючы сонечным батарэям. Дарэчы, і на Дзятлаўшчыне з’явіліся ветрагенератары. Лічу, што ў бліжэйшы час гэты накірунак будзе развівацца.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
І традыцыя, і праверка на трываласць
Праз хрышчэнскую ваду дапамагае Гасподзь
Дзелавы панядзелак. Адвыклі людзі ад зімы

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации