Анатоль Аляксандравіч Шаплаўскі каля 20 гадоў праслужыў у 376-м ракетным палку.

Жыць застаўся там, дзе прайшла маладосць, у пасёлку Гезгалы. Цяпер ветэрану Узброеных Сіл – амаль 77 гадоў. Ён пагадзіўся паразмаўляць пра тагачасную службу і жыццё вайсковага чалавека.

– Анатоль Аляксандравіч, чаму не сталі будаўніком ці, напрыклад, педагогам, а ўсё жыццё звязалі з вайсковай службай? Што паўплывала на ваш выбар?

– Найперш, верагодна, тое, што бацька ў час вайны ваяваў, быў у партызанах. Да перамогі не дажыў, загінуў. У мяне нават фотаздымка яго няма. Маці нас з сястрой гадавала адна. А ў нашым пасёлку Урэчча, што на Любаншчыне, пасля вайны стаяла шмат ваенных – танкісты, лётчыкі. Нам, хлапчукам, цікава было ўсё: і тэхніка, і вайскоўцы, і іх зброя. Так і прыйшло жаданне стаць вайскоўцам.

– Пасля школы – адразу ў ваеннае вучылішча?

– Не. Спачатку была служба сувязістам у марской авіяцыі Чарнаморскага флоту. У той час давялося служыць чатыры гады. Толькі пасля гэтага паступіў  і закончыў Стаўрапольскае ваеннае вучылішча сувязі. Служыць мяне, лейтэнанта, накіравалі ў Слуцк, да ракетчыкаў. А калі каля  Гезгалаў размясціліся ракетныя палкі і іх неабходна было забяспечваць сувяззю, паслалі туды начальнікам станцыі. Было гэта ў 1967-м.

– Прыехалі маладым-нежанатым?

– Маладым, праўда. Але жанатым. З жонкай, Галінай Андрэеўнай, пазнаёміліся яшчэ ў Слуцку. Прывёз яе ў Гезгалы, і вось ужо 53 гады разам.

Праца Галіне тут знайшлася – прадаўцом. Да пенсіі  працавала і нават пасля пенсіі яшчэ шэсць гадоў. На ёй, можна сказаць, быў увесь наш быт і клопаты пра дачку. Мае дзяжурствы маглі доўжыцца і па 3-4 дні, і па некалькі тыдняў. Гледзячы якая была абстаноўка.

– А якой была на той час служба сувязі? Па даўнейшых кінастужках уяўляю: сядзяць дзяўчаты ў навушніках і ў “гнёзды” ўстаўляюць штэкеры з правадамі…

– Была некалі і такая камутатарная сувязь… Калі ж тлумачыць па-простаму пра наш “вузел сувязі”, то ўявіце: тры паверхі будынка, і ўсе яны начынены тэхнікай. Мае падначаленыя, а іх 65 чалавек, абавязаны былі забяспечыць сувязь вельмі хутка, літаральна праз секунду. Напачатку служылі сувязістамі салдаты і сяржанты. Пазней – і жанчыны. Але змены ва ўсіх былі вельмі напружаныя.

– Вы служылі ў Гезгалах да самага вываду ракетных палкоў?

– Не. У 1984-м атрымаў новае назначэнне: накіравалі ў Ліду, у штаб дывізіі, памочнікам начальніка сувязі. Праз пяць гадоў надышоў час пакідаць вайсковую службу. Атрымаў адстаўку ў 1989-м, але яшчэ некалькі гадоў быў сувязістам. Потым знайшоў працу ў пазаведамаснай ахове. І толькі ў 2011 годзе, калі было пад 70 гадоў, пайшоў адпачываць.

Вядома ж,  давялося адчуць горыч развітання з сябрамі, знаёмымі, суседзямі, калі з Гезгалаў у 1996-м выводзілі нашы ракетныя палкі.  Зразумела, хтосьці заставаўся на жыццё. Але такі звыклы лад, навакольная абстаноўка мяняліся. Што ваенны гарадок пусцее – шкада было да слёз.

Але нават тады, калі ракеты пакінулі Беларусь, сувязісты ў Лідзе яшчэ некаторы час  працягвалі несці баявое дзяжурства. І вось аднойчы  мне перадаюць просьбу камандзіра дывізіі прыбыць у 12 гадзін да яго. Аказваецца,  як былому  і заслужанаму сувязісту, мне вырашылі даручыць націснуць кнопку “стоп”:  спыніць працу ўсёй апаратуры, паставіць апошнюю “кропку” ў гісторыі існавання на Беларусі ракетных войск стратэгічнага прызначэння. Гэта быў самы хвалюючы і самы памятны момант: цішыня.

– З былымі аднапалчанамі падтрымліваеце стасункі? Яны ж, пэўна, раз’ехаліся па ўсім тагачасным Савецкім Саюзе?

– Так. Нядаўна гасцяваў у нас мой цёзка  Анатоль Прэдушчанка з Украіны, з Хмяльніцкага. Цягне сяброў да мясцін, дзе столькі зведана, столькі пражыта. Прыязджаюць, пакуль яшчэ ёсць сілы. Але многіх, на жаль, ужо няма на гэтым свеце.

З тымі, хто служыў і застаўся жыць у Гезгалах, бачымся і ў гарадку, і на розных мерапрыемствах. Мясцовая ветэранская арганізацыя былых воінаў-ракетчыкаў – каля 50 чалавек. Бадай, ніводнае ваенна-спартыўнае свята не абыходзіцца без нашай прысутнасці. А яшчэ  хаджу да дачкі, Святланы Русак, у тагачасны Дом афіцэраў, цяпер  Дом культуры спяваць. Ёсць у нас вакальная група “Сустрэча”.

– На вашым парадным кіцелі – шмат медалёў. Якія з іх самыя значныя?

– Медалі  “За бездакорную службу”. Усіх трох ступеняў. А з апошніх – юбілейны медаль да 60-годдзя ракетных войск стратэгічнага прызначэння. Яго атрымаў напрыканцы мінулага года.

– Ёсць каму слухаць аповеды пра вайсковыя будні?

– А як жа!  Унук Андрэй  спачатку вучыўся ў авіяцыйным каледжы, потым закончыў Акадэмію авіяцыі.  А з унучкай Марынкай можам не толькі пагутарыць, а і паспяваць:  яна ў нас галасістая, спявала ў ансамблі “Радзімічы”. І праўнучку нам падарыла! Вось яшчэ крыху падрасце праўнучка і будзе мне “кампаньёнка” ў паходах па грыбы. Мясціны ў нас прыгожыя, шчодрыя. Ніколькі не шкадуем, што абралі на жыццё і мы з жонкай, і дачка з сям’ёй наш былы ваенны гарадок.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

administrator

Recent Posts

Люди – в приоритете

Павел Ошурик, член Постоянной комиссии Совета Республики по экономике, бюджету и финансам, начальник главного финансового…

12 часов ago

Нового помощника Президента — инспектора по Гродненской области представили в Гродненском облисполкоме

Заместитель Главы Администрации Президента Республики Беларусь Дмитрий Матусевич представил региональной вертикали Гродненского облисполкома нового помощника…

13 часов ago

Праект “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. Знаходзіць радасць у стасунках з блізкімі

Нядаўна сваё 80-годдзе адзначыла Зінаіда Перасыпкіна з вёскі Засецце. Яе наведаў творчы калектыў сектара нестацыянарнага…

13 часов ago

В хозяйствах Гродненской области завершают уборку свеклы и кукурузы на зерно

В хозяйствах Гродненщины убрали свеклу на 99,6% подлежащих уборке площадей и кукурузу на зерно на…

16 часов ago

Александр Лукашенко озвучил планируемую повестку предстоящего в декабре заседания ВНС

Президент Беларуси, Председатель Всебелорусского народного собрания Александр Лукашенко на заседании Президиума ВНС озвучил планируемую повестку…

16 часов ago

Александр Лукашенко проведет заседание Президиума Всебелорусского народного собрания

Президент Беларуси, Председатель ВНС Александр Лукашенко 24 ноября проведет заседание Президиума Всебелорусского народного собрания, сообщает…

16 часов ago