Гучалі цымбалы

Вучні Дзятлаўскай школы мастацтваў паспяхова паўдзельнічалі ў 4-ым рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці “ЛьВёнок”, які праходзіў у горадзе Лідзе.
Так, дуэт цымбалістак у складзе Яны Папроцкай і Караліны Капковіч заняў другое месца. Рыхтавалі дзяўчынак да музычных спаборніцтваў педагог Ірына Пятроўна Сідорчык і канцэртмайстар Наталля Мікалаеўна Клімец.
Юныя цымбалісткі адзначаны дыпломам другой ступені, памятным прызам. Журы асабліва спадабалася фантазія на яўрэйскія матывы ў выкананні Яны і Караліны.
Спявай, гітарная струна

Віншаванні з паспяховым выступленнем на конкурсе “ЛьВёнок” прымаў Уладзіслаў Хіркоўскі, вучань 6 класа Дзятлаўскай школы мастацтваў. Улад стаў лаўрэатам конкурсу, атрымаў дыплом трэцяй ступені. Яму давялося спаборнічаць у майстэрстве ігры на гітары сярод музыкантаў 12-13 гадоў. Навучае Уладзіслава выкладчык Андрэй Яўгенавіч Цыгель.
Лаўрэаты абласнога конкурсу
У Лідскім дзяржаўным музычным каледжы праходзіў абласны конкурс сярод навучэнцаў сельскіх аддзяленняў і філіялаў музычных школ. Прызёрамі сталі прадстаўнікі Дзятлаўшчыны – Алеся Шыпіла і Інэса Максімава (Хвінявічы), Наталля Варабей і Эльвіра Задзярэй (Гезгалы).
Алесю Шыпіла навучае ігры на баяне Сяргей Леанідавіч Жэлязоўскі. На конкурсе дзяўчынка заняла трэцяе месца.
У Святланы Іванаўны Бубен, педагога Хвінявіцкага аддзялення, таксама ёсць бронзавы прызёр – Інэса Максімава. Дзяўчынка навучаецца ігры на домры і мае добрыя поспехі.
Выступленне вучаніц Аксаны Васільеўны Шэінай журы таксама ацаніла высока: Наталлі Варабей прасуджана другое месца, Эльвіры Задзярэй – трэцяе.
Уклад у поспех прадстаўнікоў Дзятлаўшчыны ўнеслі і канцэртмайстры юных талентаў – Марыя Мікалаеўна Пуйта і Таццяна Віктараўна Царук.
І. ІВАНАВА
Фота аўтара