У час анкетавання наконт выбару будучай прафесіі 39 навучэнцаў нашага раёна выказалі жаданне звязаць жыццё з прафесіямі сельскагаспадарчай галіны.

Каб школьнікі ўмацаваліся ў выбары, аддзелам адукацыі і ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама было прынята рашэнне арганізаваць для іх прафарыентацыйнае мерапрыемства на вытворчасць. Аб’ектамі для экскурсіі з пагружэннем у тэхналагічныя працэсы былі выбраны малочнатаварная ферма “Раготна” ААТ “Дварэц-Агра” і Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.

У Раготна старшакласнікаў і педагогаў сустракалі першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка, кіраўнік гаспадаркі Дзмітрый Дожын, галоўны заатэхнік фермы Віталій Бакей, заатэхнік Тамара Ёдзік.  

Перад пачаткам экскурсіі Віталій Шулейка скіраваў увагу юных гасцей на тое, што малочнатаварная ферма “Раготна” – сучасны сельскагаспадарчы аб’ект, дзе выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, што дапамагаюць жывёлаводам дасягнуць высокіх вынікаў, прычым на Дзятлаўшчыне ў такіх умовах утрымліваецца амаль 87 % дойнага статка.  

– Наша прадпрыемства адно з двух (другое знаходзіцца ў Бераставіцкім раёне), якія ўваходзяць у холдынг “Молочный Мир”, – прадоўжыў тэму Дзмітрый Дожын. – Гаспадарка вялікая: у нас два жывёлагадоўчыя комплексы, але гэты больш сучасны, другі 2011 года пабудовы, аднак і ён з’яўляецца прадпрыемствам закрытага тыпу. Комплексы – гэта своеасаблівыя “фабрыкі” па вытворчасці малака, якое затым паступае на малочны завод і перапрацоўваецца ў прадукты, якія вы набываеце ў магазінах.

У нас больш за паўтары тысячы дойнага статка, прычым утрымліваецца ўвесь шлейф: яшчэ ёсць маленькія цяляты, цёлачкі, бычкі на адкорме. На ферме “Раготна” выкарыстоўваем сучасныя метады: тут працуе малочнае таксі, самаходны кормараздатчык, падкідвальнік кармоў, многае іншае, створаны годныя бытавыя ўмовы для работнікаў, што ставіць сельскую гаспадарку на высокі ўзровень.  

У час экскурсіі школьнікі ўбачылі, як працуе ўся гэта разумная тэхніка. Напрыклад, самаходны кормараздатчык, які вельмі падобны на “лунаход”. Ён кантралюе тэхналагічныя працэсы з дапамогай манітора ў кабіне: праграма дазваляе якасна здрабніць, загрузіць патрэбную колькасць кармоў, змяшаць іх, а затым падаць на кармавы стол жывёлам. Праз пэўны час услед выходзіць яшчэ і падкідвальнік кармоў, які падсоўвае астаткі ежы бліжэй.

Жыццёвыя цыклы буйной рагатай жывёлы таксама кантралюе камп’ютарная тэхніка: на кожнай жывёліне – спецыяльныя датчыкі з поўнай інфармацыяй, што дапамагае адсочваць не толькі вытворчасць малака, але і своечасова выканаць усе іншыя важныя маніпуляцыі.  

Навучэнцы даведаліся, як утрымліваюцца дойныя і тыя каровы, якія хутка ацеляцца, з вялікай цікавасцю знаёміліся з умовамі для цялят.  

 Не менш пазнавальнай выдалася эксурсія ў Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, дзе школьнікі пабачылі ўвесь цыкл: ад паступлення малака на завод да фармавання сыроў, іх засольвання, вакумацыі, упакоўкі. З вытворчым працэсам знаёмілі дырэктар прадпрыемства Андрэй Жыдко, галоўны тэхнолаг Наталля Сёмуха, начальнікі цэхаў па вытворчасці малочнай прадукцыі Дар’я Лашчонава і Аляксей Грыб.

– Вы сёння ўпэўніліся, што і ў сельскай сферы можна працаваць у годных умовах, – падвёў вынікі сустрэчы Віталій Шулейка. – Рабочыя прафесіі запатрабаваны, а прэстыж работнікаў аграпрамысловага комплексу высокі. На Дзятлаўшчыне працуе сем прадпрыемстваў АПК. Ім патрэбны жывёлаводы, раслінаводы, бухгалтары, эканамісты, аграномы, брыгадзіры, заатэхнікі, механізатары. Тэхналогіі развіваюцца хуткімі тэмпамі: на палі ўжо выходзяць трактары са спадарожнікавым ваджэннем, палеткі апрацоўваюць з дапамогай аградронаў – усё рухаецца наперад. Я вам жадаю захаваць той запал, які цяпер маеце, атрымаць адукацыю і пабудаваць паспяховую кар’еру ў сельскай галіне. Калі будзеце любіць сваю прафесію, усё гэта дасягальна.

Напрыканцы школьнікаў запрасілі прадэгусціраваць прадукцыю пад брэндам “Молочный Мир”.

Лічбы і факты

У сельскай гаспадарцы Дзятлаўскага раёна працуюць 1544 чалавекі, у тым ліку 36 маладых спецыялістаў.

Па мэтавых дагаворах вучацца 27 будучых работнікаў, якія атрымліваюць зоаветэрынарную, агранамічную спецыяльнасці, будуць спецыялістамі па тэхнічным абслугоўванні і рамонце тэхнікі, энергетыкамі.  

Варта ведаць, што пры навучанні па мэтавым дагаворы за кошт сродкаў сельгасарганізацый штомесяц прадугледжаны выплаты ад 5 да 7 базавых велічыняў.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб даплатах асобным катэгорыям работнікаў аграпрамысловага комплексу” ўстаноўлены штомесячныя даплаты. Так, маладыя спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія прыняты на работу ў арганізацыі АПК, на працягу двух гадоў з дня заключэння працоўнага дагавора (кантракта) атрымліваюць даплату ў памеры адной базавай стаўкі за кошт уласных сродкаў арганізацыі.

Такім жа кіраўнікам і спецыялістам, якія адпрацавалі два гады па размеркаванні і прадоўжылі работу на ўмовах дагавораў і кантрактаў, на працягу наступных трох гадоў будуць даплачваць па 0,69 базавай стаўкі за кошт рэспубліканскага бюджэту і 0,81 – за кошт уласных сродкаў арганізацыі.

З маладымі спецыялістамі абавязкова заключаецца кантракт, дзе прадугледжана павышэнне аклада да 50 %. Ёсць ільгота па падаходным падатку: ім не абкладаецца стандартны падатковы вылік 860 рублёў – у выніку падатак змяншаецца на 111,8 рубля. Ільгота захоўваецца на працягу сямі гадоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации