Новыя сябры для дзяцей і адпачынак для бацькоў – так прайшла змена ў ХІІ інтэграцыйным летніку для сем’яў, дзе гадуюцца дзеці-інваліды.

Яго арганізоўвае Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа, дзякуючы фінансавай падтрымцы ААТ “Молочный Мир”. Сёлета ў летніку, які размяшчаўся на базе аграсядзібы “Каралінскі фальварак Тызенгаўза”, адпачылі 19 сем’яў з асаблівымі дзецьмі з Гродна, Мастоўскага, Слонімскага, Бераставіцкага, Дзятлаўскага раёнаў.

Уражаннямі ад паездкі падзялілася наша зямлячка Людміла Марчанка, якая пабывала на адпачынку разам з сынам Мацвеем і дачкой Яўгеніяй.

– Гэта былі цудоўныя шэсць дзён, – ацаніла Людміла Мікалаеўна. – Мы з дзецьмі нібыта трапілі ў казку, і гэта не толькі пра прыгожую і камфортную сядзібу, што знаходзіцца недалёка ад возера Юбілейнага, але і пра адносіны паміж адпачывальнікамі, персаналам. Літаральна ў першы дзень паміж усімі, хто знаходзіўся ў летніку, наладзіліся цёплыя сяброўскія адносіны. Магчыма, так адбылося таму, што і валанцёры аб’яднання, і бацькі, якія гадуюць асаблівых дзяцей, – гэта вельмі чулыя і сардэчныя людзі, якія не адмовяць іншаму ў дапамозе. Я вельмі ўдзячна старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіне Касцюк за прапанову адпачыць, ад якой, прызнацца, спачатку нават адмаўлялася. Справа ў тым, што раней мы ніколі не адпачывалі ў санаторыі ці летніку, бо не мелі магчымасці зрабіць гэта разам, усёй сям’ёй, таму была пэўная боязь, якая тычылася бытавых пытанняў. Усе яны вырашыліся, дзякуючы ўважліваму і прафесійнаму персаналу летніка, за што я таксама вельмі ўдзячная гэтым людзям. Адпачынак аказаўся выдатным, бо ўвага надавалася як дзецям, так і дарослым – для ўсіх былі прадугледжаны цікавыя і карысныя заняткі. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі, малявалі, у час майстар-класаў рабілі пірожныя і размаляваныя пернікі, падрыхтавалі яркі канцэрт. Усё гэта дапамагло нам, бацькам, упэўніцца, якія таленавітыя нашы дзеці, нават калі яны асаблівыя.

На памяць аб паездцы ў нашай сям’і засталося шмат фотаздымкаў і відэа, а таксама найлепшыя ўражанні. Адзінае пытанне, якое гучала з вуснаў усіх без выключэння дзяцей напрыканцы змены: “Ці будзе магчымасць вярнуцца сюды ў наступным годзе?”. Дарослыя таксама пакідалі абласны цэнтр з лёгкім сумам, бо за шэсць дзён паспелі пасябраваць, заручыцца падтрымкай, прыемна адпачыць. Мы ўпэўнены, што гэты праект стварылі людзі з нераўнадушнымі, шчырымі сэрцамі.

Ірына СТЫРНІК

Фота аўтара і сям’і Марчанкаў  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации