2026 год аб’яўлены ў Беларусі Годам жанчыны. Гэта добрая нагода ўзгадаць пра тое, што побач з мужнымі ратаўнікамі па жыцці ідуць іх верныя спадарожніцы, музы, такія моцныя духам жанчыны. Напярэдадні прафесійнага свята яны расказалі пра сваіх любімых ратаўнікоў. 

Ірына Журская:

– Прафесія мужа Аляксандра, які працуе старшым інструктарам па ваджэнні пажарнай машыны – вадзіцелем ПАВЧ-1 Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, – гонар для мяне і ўсёй сям’і. Ён не проста нясе службу, а робіць гэта на “выдатна”, пастаянна ўдзельнічае ў конкурсах прафесійнага майстэрства, прадстаўляючы свой раён. У вялікай сямейнай скарбонцы ўзнагародаў ёсць яго дыпломы пераможцы і сярэбранага прызёра рэспубліканскага этапу конкурсу “Лепшы вадзіцель органаў і падраздзяленняў МНС” у намінацыі “Кіраванне спецыяльным легкавым аўтамабілем”. Упэўнена, што яго прыклад паўплываў на старэйшых дочак, якія скончылі школу з залатым медалём і цяпер атрымліваюць прафесію ва ўніверсітэце. Малодшы сын, які вучыцца ў пятым класе кажа, што хоча быць, як тата, пажарным. Я радуюся за сваю сям’ю, але і моцна хвалююся за мужа. Ужо больш за 20 гадоў ён працуе ў МНС, а я ўсё адно перажываю кожны раз, праводзячы яго на дзяжурства, бо агонь – гэта заўсёды страшна. З іншага боку, упэўнена ў яго прафесіяналізме, вопыце і разважлівасці, любові да нас, родных, дзеля якіх ён беражэ сябе. Работа вельмі няпростая і напружаная, але пазменная, таму хапае часу на выхаванне дзяцей, вядзенне гаспадаркі, сумесныя справы і падарожжы. Карыстаючыся выпадкам, віншую свайго любімага мужчыну і ўсіх ратаўнікоў з надыходзячым прафесійным святам. Жадаю сухіх рукавоў і моцнага здароўя.

Юлія Ясюкайць:

– Для краіны ён ратаўнік, супрацоўнік МНС, а для мяне – чалавек, які застаецца добрым, уважлівым, любячым у любой жыццёвай сітуацыі. Цяпер спецыфіка яго работы змянілася. Яўгеній працуе старшым інжынерам па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны. Яго работа патрабуе вялікай адказнасці, пастаяннай гатоўнасці і самааддачы. Я ганаруся тым, што мой абраннік займаецца справай, ад якой залежаць бяспека і жыццё людзей. Хачу сказаць яму дзякуй – за мужнасць, выбар гэтай прафесіі, за тое, што, нягледзячы на ​​стомленасць, ён, вяртаючыся дадому, застаецца клапатлівым мужам.

Віншую яго і ўсіх супрацоўнікаў Дзятлаўскага РАНС з надыходзячым Днём ратаўніка. Гэта прафесія – выбар смелых людзей, за якіх заўсёды перажываюць дома. Дзякуй вам за рашучасць, вытрымку і чалавечнасць. Няхай кожны ваш выезд заканчваецца паспяхова, а кожны дзень – вяртаннем да тых, хто вас любіць і чакае.

Кацярына Ляўкевіч:

– Мы прайшлі гэты шлях разам, таму асабліва ганарымся мужам, татам, начальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста “Раготна” Дзятлаўскага РАНС. Помню момант, калі мы пераехалі ў Дзятлава, і Дзмітрый стаў шукаць работу, каб дастойна забяспечыць сваю сям’ю. Служба ў МНС адпавядала яго запытам і пажаданням, аднак, каб уладкавацца ў Дзятлаўскі РАНС, трэба было вытрымаць сур’ёзны конкурс. Рада, што ўсё атрымалася, і вось ужо 15 гадоў муж ратаўнік. У нас тры дачушкі, яны вельмі ганарацца, што тата ратаўнік, расказваюць пра гэта аднакласнікам, на прафарыентацыйных мерапрыемствах або дзяржаўных святах, калі выстаўляецца пажарная тэхніка і Дзіма працуе, – яны заўсёды ў цэнтры падзей. А я радуюся, што муж выбраў свой шлях і знайшоў сябе, бачу, як ён стараецца, рэалізуецца, расце прафесійна, цяпер атрымлівае профільную адукацыю ў вышэйшай навучальнай установе, ужо здаў першую сесію. Не пакрыўлю душой, калі скажу, што радуе і практычны бок: добры заробак, дастаткова вольнага часу паміж дзяжурствамі. Але прывыкла ўжо, што часам здараецца адзначаць святы без мужа, калі ён на дзяжурстве, і адпускаць, калі экстранна выклікаюць на работу. Дома Дзмітрый – любячы муж і тата, які песціць сваіх любімых прынцэс, дапамагае мне ў хатніх клопатах, аберагае. Хачу яшчэ раз сказаць, як мы яго любім і ганарымся ім. З надыходзячым святам! Жадаю ўсім супрацоўнікам пажарнай службы раёна здароўя, менш складаных сітуацый, узаемаразумення ў калектыве і ўдачы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
У сферы адказнасці – якасць тавараў і бяспека спажыўцоў
«Встречная полоса!»

«Встречная полоса!»

12 февраля, 2026
Як захаваць мір?

Як захаваць мір?

12 февраля, 2026

Похожие публикации