Аўтамабіль у наш час ужо не раскоша, а надзейны памочнік у паўсядзённым жыцці, бо многім і па ўласных справах, і па рабоце даводзіцца пераадольваць значныя адлегласці.
Разам з тым на машыну і абсталяванне для яе аўтааматары трацяць значныя сумы грошай, таму заўжды перажываюць за захаванасць сваіх транспартных сродкаў.
Якія правілы варта выконваць, каб абараніць аўто ад угону або крадзяжу маёмасці з яго, расказала следчы раённага аддзела Следчага камітэта Вольга Жыбко:
– Нельга пакідаць свой транспартны сродак адкрытым: нават калі плануеце адысці на кароткі час, скарыстайцеся цэнтральным замком, а да гэтага праверце, ці зачынены вокны, люк, багажнік, і пастаўце машыну на сігналізацыю.
Не пакідайце ў салоне, а тым больш у замку запальвання ключы, вазьміце за правіла браць іх з сабой.
Па магчымасці стаўце машыну ў гараж ці на ахоўваемую стаянку. Пры іх адсутнасці пастарайцеся паркавацца ў добра асветленых месцах з шырокім аглядам, найлепш, дзе ёсць відэакамеры.
Не пакідайце на бачным месцы ў салоне грошы і дарагія рэчы, каб яны не прыцягнулі ўвагу злодзея.
У машыну можна ўстанавіць, напрыклад, замок-фіксатар руля ці замок на педалі, якія прадаюцца на любым маркетплэйсе. Многія аўтааматары надзейна абараняюць сваё аўто, дастаўшы з яго акумулятар: наўрад ці ўгоншчык носіць такі ж з сабой.
Калі ж угон ці крадзеж ужо адбыліся, неадкладна паведамляйце пра іх у міліцыю. Чым хутчэй вы гэта зробіце, тым больш будзе магчымасцяў знайсці злачынцу па гарачых слядах.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga