Да Дня абаронцаў Айчыны ў нашым раёне ў тэлеграм-каналах Дзятлава АНЛАЙН і ПУЛ Дзятлаўскі быў запушчаны чэлендж “Пазнай салдата. Нашы абаронцы”. Ім зацікавілася Наталля Масляк, якая напярэдадні 23 лютага для раённай газеты расказала сямейную гісторыю пра дзядзьку свайго мужа Івана Уладзіміравіча, ураджэнца вёскі Алёхнавічы, які годна жыў і працаваў у нашым раёне, а ў маладосці не менш годна адслужыў тэрміновую службу ў савецкай арміі, быў танкістам.

Наталля Іванаўна прыйшла ў рэдакцыю не з адным фотаздымкам роднага чалавека, а прынесла яго армейскі альбом, што шмат дзесяцігоддзяў беражліва захоўваецца ў сям’і. Нават калі два гады таму яго не стала, фота засталіся. Альбом рэгулярна гартаюць, паказваюць землякам, каб не сцерлася з памяці гісторыя пра лёс чалавека-працаўніка, простага сына сваёй Айчыны, які нямала паспеў на гэтай Зямлі.

Наталля Масляк працуе выхавальніцай у дзіцячым санаторыі “Баравічок”. У калектыве яе ведаюць як захавальніцу даўніны і сямейных традыцый. У сілу прафесійнай дзейнасці Наталлі Іванаўне нярэдка даводзіцца ўдзельнічаць у падрыхтоўцы ўстановы да дзяржаўных святаў – 9 Мая, 23 лютага, іншых. Многія атрыбуты мінуўшчыны яна прыносіць з дому. Наша зямлячка беражліва захоўвае рэчы, якія дасталіся ёй ад матулі, свекрыві, сваякоў. Калі на сайце раённай газеты з’явілася інфармацыя пра чэлендж да Дня абаронцаў Айчыны, менавіта ёй патэлефанавалі калегі з прапановай прывезці ў рэдакцыю армейскі альбом Івана Масляка (сямейная рэліквія паспела паўдзельнічаць у некалькіх мерапрыемствах, што ладзілі педагогі).

Умовам чэленджу гэта не адпавядала, затое з’явілася нагода ўзгадаць жыццёвы лёс нашага земляка – самаадданага працаўніка з шырокай народнай душой.

– Іван Уладзіміравіч быў чалавекам гаваркім, адкрытым, пазітыўным, – характарызуе яго Наталля Іванаўна. – Уласнай сям’і не меў, але вельмі любіў і падтрымліваў пляменнікаў. Нам з мужам, напрыклад, дапамагаў будаваць дом. Стараўся прымаць актыўны ўдзел у жыцці ўсіх блізкіх. Родныя і сёння памятаюць яго энергічным, няўрымслівым, аматарам да жартаў і гумару і ў той жа час вельмі працавітым, дбайным гаспадаром на зямлі і ў доме. Іван Уладзіміравіч быў не толькі ўдарнікам у калгасе, але і ў хаце падтрымліваў ідэальную чысціню, ствараў утульнасць. Менавіта пра такіх кажуць “моцны гаспадар”.

Яго армейскі альбом захаваўся з часоў маладосці, калі служыў у Сібіры ў танкавых войсках. Паколькі нарадзіўся хлопец у пасляваенны час у невялікай вёсачцы Алёхнавічы з прыземістымі хаткамі, якія глядзелі на свет маленькімі акенцамі, а сама вёска тулілася сярод лесу, то армія для юнака стала падарожжам у вялікі свет. Родным і сябрам ён часта прызнаваўся, што аб службе засталіся самыя яркія ўспаміны. Пасля вясковай хаты і пасляваеннай нястачы казарма яму здавалася светлым палацам, а салдацкая ежа – смачным пачастункам. У войску ён знайшоў сапраўдных сяброў, з якімі доўгі час перапісваўся, абменьваўся фотаздымкамі. Паколькі Іван вадзіў танк і любіў спяваць, ды яшчэ і нарадзіўся 9 мая 1945 года, то потым у будні і святы часта радаваў землякоў любімай песняй “Тры танкісты”, якая асацыявалася з воінскім абавязкам, патрыятызмам, любоўю да Айчыны.

Вярнуўшыся са службы ў родныя Алёхнавічы, хлопец адразу ж пайшоў вадзіцелем у мясцовы калгас “1 Мая”, якому аддаў не адно дзесяцігоддзе жыцця. Пэўны час рабіў у гаспадарцы і на заслужаным адпачынку. Да даручаных спраў адносіўся адказна і старанна, нездарма ў скарбонцы ўзнагарод ёсць ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, пасведчанне ўдарніка камуністычнай працы, некалькі знакаў ударніка пяцігодкі, бронзавы медаль “За поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР”.
За час працоўнай дзейнасці Іван Уладзіміравіч за рулём наездзіў тысячы кіламетраў. З калгаснымі грузамі пабываў у многіх кутках Беларусі. Свой вольны час таксама стараўся прысвячаць рабоце, і не толькі на прысядзібным участку, бо, як шырокай душы чалавек, ніколі не адмаўляў у дапамозе людзям – імкнуўся быць запатрабаваным, траціў шмат сіл і энергіі на карысныя справы, каб пакінуць аб сабе добры след на Зямлі.

На пытанне, чаму палічыла для сябе важным расказаць гэту гісторыю жыхарам раёна, Наталля Іванаўна адказала так:
– Калі сын Вадзім паступіў вучыцца, яму трэба было сабраць свой радавод. Паколькі гісторыя сям’і па мацярынскай лініі была больш-менш вядомая, глыбей пачалі цікавіцца каранямі мужа. Даведаліся, што яго прадзед і прабабуля жылі ў вёсцы Дубраўка, а ў 1941 годзе пераехалі ў Алёхнавічы – гэта і выратавала сям’ю, бо ў час карнай аперацыі 1942 года “Гамбург” немцы расстралялі і спалілі ўсіх ранейшых суседзяў.

У час вывучэння гісторыі роду я неаднаразова лавіла сябе на думцы, што захаваць памяць, хто ты ёсць, адкуль твае карані, – гэта важна задача для кожнага з нас. Прывіваць цікавасць да гэтай тэмы неабходна і маладому пакаленню. Каб у сэрцах дзяцей і ўнукаў заўжды заставалася любоў да малой радзімы, таго куточка, дзе жылі продкі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае