У сярэдняй школе №1 горада Дзятлава ажыццяўляецца праект “Лета-2017 — час адпачынку, сацыяльна значных справаў, асабістага самаўдасканалення”. Ён уключае ў сябе мерапрыемствы па аздараўленні дзяцей і арганізацыі іх карыснай занятасці. Навучэнцы ўстановы прымаюць удзел у рэалізацыі раённага праекта “АRT-канікулы”.
У аздараўленчым летніку “Усмешка” з дзённым знаходжанем “Нясумныя канікулы на планеце адкрыццяў” (назва змены) правялі 75 навучэнцаў 6-13 гадоў. Юныя даследчыкі на працягу 18 дзён займаліся пошукамі цікавага і незвычайнага: даследавалі навакольнае асяроддзе, кнігі, спорт, сяброўства, бяспеку, уплыў сну і гульняў на настрой. Новы дзень — новая тэма, новае адкрыццё. Штораніцы атрады атрымлівалі заданні, працавалі над імі, запісвалі свае высновы на папяровых кляновых лістках. Напрыканцы змены на планеце адкрыццяў “вырасла” цэлае дрэва. З запісаў вынікала, што адпачынак пакінуў у дзяцей найлепшыя ўражанні. Гэта парадавала педагогаў, якія праз гульнёвыя віды дзейнасці імкнуліся выхаваць у навучэнцаў культуру здаровага ладу жыцця (гульня-падарожжа “Сцежка здароўя”, спартыўныя турніры, гульнявыя пляцоўкі), духоўна-маральныя якасці (гульнявая праграма “Дарогай дзяцінства”, гульня-дыскусія “Людзі існуюць адзін для аднаго”), экалагічную культуру (экатурнір “У свеце жывёлін”, экавіктарына “Мой край”), творчыя таленты (конкурс рыфмаплётаў, інтэлектуальная гульня “Шчаслівы выпадак”), бяспечныя паводзіны (турнір “Нашы сябры — дарожныя знакі”, спаборніцтвы “Эстафета зялёнага агеньчыка”). Дзеці і педагогі ладзілі працоўныя дэсанты, экспедыцыі ад помніка да помніка, экскурсы ў гісторыю, экскурсіі ў школьныя музеі, паходы, прагулкі.
Карысная працоўная занятасць навучэнцаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава была рэалізавана ў летніку працы і адпачынку “Сяброўства”. Відавой праполкай і добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі займаліся 18 падлеткаў ва ўзросце 14-16 гадоў. Праца спалучалася з актыўным адпачынкам, культурна-забаўляльнымі і спартыўна-аздараўленчымі мерапрыемствамі. Навучэнцы паўдзельнічалі ў акцыях “Разам за бяспеку і правапарадак”, “Лета і кніга”, “Добрае Сэрца” — ветэранам”, конкурсе міні-праектаў “Школьны двор маёй мары”, творчых заданнях, спартыўных гульнях, паходах выхаднога дня.
Рэалізацыя праекта “Лета-2017” прадаўжаецца: на працягу канікулаў не спыняюць работу школьныя спартыўныя пляцоўкі, якія з задавальненнем наведваюць юныя жыхары мікрараёна і іх бацькі. Удзельнікі часовай працоўнай брыгады навучэнцаў займаюцца рамонтам школьнай мэблі, працуюць у школьнай бібліятэцы, на прышкольным участку. Навучэнцы 5-8 класаў праходзяць працоўную практыку. На працягу канікулаў школьнікі ўдзельнічаюць у рабоце 9 цімураўскіх і аднаго валанцёрскага атрада. Члены піянерскай дружыны ўдзельнічалі ў святочных мерапрыемствах да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Г. СКРАБЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 г. Дзятлава