Раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”, прымеркаванай да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прайшоў на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы.

За званне лепшай спаборнічалі дзевяць каманд з сярэдніх школ № 1 і № 3, гімназіі № 1 горада Дзятлава, Новаяльнянскай, Казлоўшчынскай, Хвінявіцкай, Гезгалаўскай, Круцілавіцкай, Дварэцкай сярэдніх школ.

Дзяржаўны сцяг на агульным пастраенні паднялі мінулагоднія пераможцы – капітан каманды Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна.

– Ваенна-патрыятычная гульня “Арляня” пацвярджае, што на гэтай пляцоўцы сабраліся сапраўдныя патрыёты Беларусі, нездарма іспыты праходзяць напярэдадні значнай даты – 80-й гадавіны Вялікай Перамогі, – павітаў прысутных намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун. – Жадаю ўдачы, каб кожны з вас паказаў такое ж імкненне да перамогі, якое калісьці праявілі нашы продкі. З Днём Перамогі!

Метадыст раённага метадычнага кабінета Наталля Пазняк таксама пажадала навучэнцам удачы і заклікала на конкурсныя этапы, якіх сёлета было чатыры.

У аглядзе строю і песні, дзе “арляняты” дэманстравалі веданне страявых прыёмаў і каманд, лепш за ўсіх маршыравалі юнармейцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

У конкурсе стральбы па мішэні з пнеўматычнай вінтоўкі не аказалася роўных вучням сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. У індывідуальным заліку сярод хлопчыкаў самым трапным стралком стаў навучэнец гэтай установы Уладзіслаў Вянско, другі вынік у Аляксея Якаўлева (Казлоўшчына), трэці – у Мацвея Хоміча (Круцілавічы). Сярод дзяўчынак лідзіравала Лізавета Дварчанін (трэцяя школа), другая – Валерыя Турок (Наваельня), трэцяя – Вікторыя Барук (Казлоўшчына). 

Лепшы час і падрыхтоўку ў зборцы-разборцы аўтамата паказалі школьнікі з Казлоўшчыны. У індывідуальным заліку сярод хлопчыкаў перамог Іван Саўко з гэтай установы, другі – Яўген Радзюк (Дварэц), трэці – Вадзім Глубокі (Хвінявічы). Сярод дзяўчынак лепшая Дар’я Цішковіч (Гезгалы), другая – Вікторыя Барук (Казлоўшчына), трэцяя – Юлія Жыдко (першая школа).

Паласу перашкодаў за самы кароткі час з найменшымі штрафамі пераадолелі навучэнцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы, другімі былі новаяльнянцы, трэцімі – гезгальцы.

Па выніках агульнай колькасці балаў права прадстаўляць Дзятлаўшчыну на абласным этапе рэспубліканскай гульні “Арляня” заваявала каманда Казлоўшчынскай сярэдняй школы, на другім месцы мінулагоднія лідары – гезгальцы, трэцяе падзялілі каманды гімназіі № 1 горада Дзятлава, Хвінявіцкай і Круцілавіцкай сярэдніх школ.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина #образование 

Похожие публикации