Выхаванцы аздараўленчага лагера “Дружба” Таркачоўскага дзіцячага сада-пачатковай школы здзейснілі экскурсію ў гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Вучні быццам пабывалі на месцах сапраўдных былых баёў Вялікай Айчыннай вайны, убачылі бліндаж, акопы, камандна-назіральны пункт. Найбольшую цікавасць выклікала тэхніка: танк-Т-34, трактар “Сталінец”, гарматы, верталёты.
Затым дзеці наведалі Мінскі заапарк і дэльфінарый «Нэма». У заапарку вучні ўбачылі ягуара, вярблюда, арлана-Белахвоста, бурага мядзведзя, лам і іншых жывёл. У дзяцей была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гадаванцамі заапарка на своеасаблівым «сельскім двары», дзе жывуць козы, свінні і шмат іншых жывёл.
У дэльфінарыі марскія жывёлы сваім выступленнем забяспечылі ўсім вясёлы настрой і мора станоўчых эмоцый. Марскія коцікі і марскі леў у сваім выступленні пляскалі «ў ладкі», стаялі на адным ласце, лавілі абручы і танцавалі пад музыку з інструктарамі.
Шоў з дэльфінамі – гэта цудоўнае відовішча, якое захапіла не толькі дзяцей, але і дарослых. У басейне дэльфіны малявалі на палатне, танчылі танга і ламбаду, з лёгкасцю даставалі шарыкі, падвешаныя ў самага купала дэльфінарыя.
Экскурсія была пазнавальнай, насычанай па змесце і вельмі цікавай. Стомленыя, але задаволеныя, з пазітыўнымі ўражаннямі, дзеці вярнуліся дамоў з марай аб новым падарожжы па родным краі.