Прайшло пасяджэнне савета аддзела адукацыі райвыканкама па падвядзенні вынікаў работы за 2024 год з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

Прысутным была прадстаўлена выстава-прэзентацыя распрацовак і дасягненняў педагогаў Дзятлаўшчыны.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская расказала, што ў сваёй падгрупе ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы ў 2024 годзе аддзел заняў трэцяе месца. Яна спынілася на выніках работы і задачах на 2025 год. Акцэнтавала ўвагу, што дзейнасць была скіравана на павышэнне якасці і даступнасці адукацыі, захаванне яе варыятыўнасці, узмацненне выхаваўчай работы, замацаванне кадравага патэнцыялу. Праведзена аптымізацыя сеткі ўстановаў дашкольнай адукацыі, што звязана са скарачэннем колькасці дзяцей, аднак дэфіцыту месцаў у дзіцячых садах і чэргаў няма, на 102,1 % выкананы паказчык ахопу, па запытах бацькоў працуюць групы скарочанага знаходжання, пашыраецца сфера дадатковых паслугаў праз работу аб’яднанняў па інтарэсах, аднак не хапае іх па фізкультурна-спартыўнай скіраванасці.    

У cістэме агульнай сярэдняй адукацыі летась па выніках выпускной кампаніі пасведчанні ўручаны 221 дзевяцікласніку (15 – з адзнакай), атэстаты атрымалі 142 адзінаццацікласнікі (асаблівага ўзору з медалямі – 18) і тры экстэрны. Былі ў раёне чатыры стобальныя вынікі за ЦТ і ЦЭ, павысілася колькасць паступленняў на педагагічныя, сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. На змене ў Нацыянальным тэхнапарку пабывалі 24 навучэнцы. Скарбонку раёна па выніках прадметных алімпіяд папоўнілі сем абласных дыпломаў і тры граматы, таксама дыплом трэцяй ступені ў адборачным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай Дзяржавы.

У сістэме дадатковай адукацыі ў абласным рэйтынгу Дзятлаўшчына знаходзіцца на другім месцы.

Спецыяльную адукацыю і карэкцыйна-педагагічную дапамогу летась атрымлівалі 429 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі функцыянуюць два класы, дашкольная група, кабінет ранняй комплекснай дапамогі, летам – аздараўленчы лагер. У раёне забяспечана даступнасць і варыятыўнасць адукацыі з улікам псіхафізічных асаблівасцяў дзяцей.

Шмат увагі надавалася ідэалагічнаму, грамадзянскаму, патрыятычнаму выхаванню, фарміраванню прававой культуры, удзелу ў творчых, спартыўных і даследчых конкурсах, адпачынку і аздараўленню школьнікаў, паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў, другаснай занятасці падлеткаў, прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Работа па ўсіх напрамках будзе прадоўжана, курс – на далейшае павышэнне яе якасці і выніковасці, стварэнне сучаснага і бяспечнага адукацыйнага асяроддзя.

Пры абмеркаванні даклада вопытам работы па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва як рэсурса павышэння якасці адукацыі падзялілася дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Алена Круглова. Аб прадуктыўных інструментах павышэння якасці работы Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі як рэгіянальнай шматфункцыянальнай установы адукацыі расказала яго дырэктар Таццяна Ваніслаўчык.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Аляксандр Бараноўскі падзякаваў педагогам раёна за плённую работу і высокую пазіцыю ў абласным рэйтынгу, пажадаў далейшых поспехаў і дасягнення пастаўленых задач.

Прыемным момантам стала падвядзенне вынікаў раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ва ўстановах адукацыі. Сярод установаў дашкольнай адукацыі лепшым стаў Гезгалаўскі дзіцячы сад, на другім месцы – Новаяльнянскі, на трэцім – дзіцячы сад № 1 горада Дзятлава. Сярод установаў адукацыі, якія рэалізуюць праграму агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі, адпаведна вызначыліся Вензавецкая, Дварэцкая, Хвінявіцкая сярэднія школы. Сярод установаў адукацыі, якія рэалізуюць праграму агульнай сярэдняй адукацыі, – Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук, сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, гімназія № 1 горада Дзятлава. Завяршылася сустрэча канцэртам ад навучэнцаў-удзельнікаў конкурсу “Прывітанне, свет!”. 

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#образование #награды #Дятловщина

#нашалепшае #нашелучшее

Похожие публикации