На Дзятлаўшчыне праходзіць абарона бізнес-планаў.

Гэта традыцыйнае мерапрыемства ладзіцца ў першым квартале года, яго ўдзельнікі – усе суб’екты камунальнай формы ўласнасці. Асноўная мэта – падвесці вынікі за мінулы год і зразумець, як будзе складвацца сітуацыя ў 2025-м. У ліку першых на абарону бізнес-планаў 11 лютага прыйшло Дзятлаўскае РУП ЖКГ.

У цэлым, 2024 год для прадпрыемства быў паспяховы, вынікі па ўсіх напрамках дзейнасці дасягнуты добрыя.

Сваім бачаннем развіцця арганізацыі на гэты і наступныя гады падзяліўся дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк:

– Сярод асноўных сёлетніх задач, якія стаяць перад камунальнікамі раёна, – павышэнне прадукцыйнасці працы, зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю работ і паслуг, павышэнне іх якасці, павелічэнне аб’ёмаў капітальных рамонтаў і цеплавой мадэрнізацыі, рэалізацыя энерга- і рэсурсазберагальных мерапрыемстваў, удасканаленне работы з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі.

У працэсе абмеркавання было адзначана, што для дасягнення росту паказчыкаў пры планаванні работы на год трэба ўлічваць розныя аспекты дзейнасці, таму абмеркаванне работы і бізнес-плана вялося ў канструктыўным ключы. Улічваліся ўсе праблемныя пытанні, нюансы, асаблівасці арганізацыі. Абмяркоўваўся эканамічны складнік, выхад на безумоўную прыбытковую работу прадпрыемства.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі актуальная заўсёды, бо гэта неад’емная частка нашага жыцця, і важна адсочваць удасканаленні і змяненні, якія адбываюцца ў гэтым кірунку.

На Дзятлаўшчыне надаецца ўвага рамонту аб’ектаў сацыяльнай і культурнай сферы, дарог, інжынерна-транспартнай інфраструктуры, паляпшэнню эстэтычнага выгляду населеных пунктаў.

За 2024 год у раёне праведзена значная работа па комплексным добраўпарадкаванні за кошт сродкаў раённага бюджэту: адрамантаваны вуліцы ў аграгарадку Круцілавічы, гарпасёлку Наваельня, горадзе Дзятлаве, праведзена добраўпарадкаванне земляў агульнага карыстання з уладкаваннем пешаходных дарожак і аўтамабільных парковак паміж вуліцамі Леніна і Шашэйнай у Наваельні, пакладзены тратуары ў вытворчай зоне па вуліцы Навагрудскай райцэнтра, таксама ў Дзятлаве зроблены бягучы рамонт прыдамавых тэрыторый па вуліцах Кірава і Навагрудскай.

Не засталіся без увагі аб’екты інжынернай інфраструктуры: заменены сеткі водазабеспячэння па вуліцы Леніна райцэнтра, вядуцца работы па капітальным рамонце жыллёвага фонду раёна, якія фінансуюцца за кошт бюджэтных сродкаў у адпаведнасці з тытульным спісам. У 2024 годзе завершаны капрамонт жылых дамоў № 8 па вуліцы Снітко, № 11А па вуліцы Савецкай, № 30 па вуліцы Чырвонаармейскай гарпасёлка Наваельня, жылога дома № 2 у аграгарадку Гезгалы, № 11А па вуліцы Савецкай у гарпасёлку Казлоўшчына, № 7 па вуліцы Першамайскай райцэнтра. Скончаны работы ў жылых дамах № 7 па К. Цэткін, № 19 па Чапаева ў Дзятлаве. Праведзены будаўніча-мантажныя работы на станцыі абезжалезвання ў вёсцы Сачыўляны, палепшылася якасць пітной вады для насельніцтва.

На 2025 год пастаўлена задача па павышэнні якасці і ўзроўню жыцця дзятлаўчан. Будуць праведзены работы па рэканструкцыі нежылога будынка пад шматкватэрны дом па вуліцы Дзятлаўскай, 2 у Наваельні і рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі нежылога будынка пад шматкватэрны жылы дом па вуліцы Чапаева, 18А ў Дзятлаве. Будаўніцтва станцыі абезжалезвання запланавана ў вёсцы Нянадавічы. З-за фізічнага зносу сёлета мяркуецца замяніць кацёл у кацельні Цэнтральная ў Дзятлаве, а рэканструкцыя кацельні аграгарадка Жукоўшчына дасць магчымасць знізіць затраты на вытворчасць цеплаэнергіі. Прадоўжацца работы на аб’ектах вулічна-дарожнай сеткі і па капітальным рамонце жыллёвага фонду раёна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации