Дзятлаўчанам была прадстаўлена калекцыя адзення і ўпрыгажэнняў тонкай ручной работы “Куцюрнае майстэрства”. Аднак над гэтай прыгожай і вытанчанай калекцыяй шчыравалі не заморскія мадэльеры-дызайнеры, а нашы айчынныя майстрыхі — жыхаркі Дзятлаўшчыны.

Паказ мадэляў ручной работы наладзілі спецыялісты і наведвальнікі аб’яднання “Нам гады не бяда” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна разам з юнымі памочнікамі — выхаванцамі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава. У ролі вядучых моднага паказу выступілі работніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі. На подыум, у які часова ператварылася частка залы Цэнтра, яны заклікалі мадэляў, якія дэманстравалі дарослае і дзіцячае адзенне. Недалёка мясцілася выстава, на якой, акрамя сукенак і кардыганаў, былі цацкі, упрыгажэнні, абрусы, пакрывалы ручной работы.

— Ідэя праекта “Куцюрнае майстэрства” ўзнікла даўно, — расказала загадчыца аддзялення Галіна Эдвардаўна Касцюк. — Сярод людзей, якія наведваюць наша аддзяленне, шмат жанчын, якія вяжуць на спіцах і кручком, вышываюць, плятуць. У нас працуюць гурткі “Рукадзельніца” і “Майстрыха” (кіраўнік Таццяна Міхайлаўна Зінкевіч). Першая выстава творчасці “У гасцях у Снежнай Каралевы” ладзілася ў час навагодніх святаў. Яшчэ тады высветлілася, што нашы майстрыхі з дапамогай спіцаў і кручка здольны ствараць сапраўдныя цуды, і гэта не толькі сурвэткі і элементы дэкору, але і адзенне. Найчасцей пра іх уменне ведаюць толькі родныя, якія або носяць гэтыя рэчы, або бачаць, як бабулі складваюць іх у шафу. Творчы патэнцыял у нашых майстрых вялікі, і яго варта дэманстраваць людзям: дзяліцца вопытам, натхняць іншых жыхарак раёна на стварэнне ўласных работ. Менавіта для гэтага мы і распрацавалі праект “Куцюрнае майстэрства”. Дарэчы, назва яго ўзнікла пад уплывам глянцавых часопісаў, дзе на фотаздымках сустракаюцца навінкі моды, у тым ліку ад куцюр. А ў нашых зямлячак, між іншым, фантазіі не менш, чым у знакамітых куцюр’е.

Паколькі пераважная большасць нашых майстрых — гэта бабулі, якія “абвязваюць” сваіх унукаў, паказаць іх вырабы ручной работы мы заклікалі юных памочнікаў з дзіцячага садка. Для малечы гэта не толькі цікавая гульня, у якой яны выканалі ролю мадэляў, вучыліся хадзіць па подыуме і не баяцца публікі, але і станоўчы вопыт узаемадзеяння са старэйшым пакаленнем.

Калекцыя спадабалася гледачам, аб чым сведчылі іх апладысменты. Кожная з майстрых прадстаўляла свой “Дом моды” (назва гучная, але і паглядзець было на што). Актывістка аб’яднання Ядвіга Міхайлаўна Гушча змагла, напрыклад, сярод іншых вырабаў прадставіць кофтачку, якую звязала яшчэ 50 гадоў таму, — такі важкі стаж у яе захаплення. Ірына Іванаўна Варабей расказала, што ўменне вязаць перадалося ёй ад маці, якая ў свой час была выдатнай майстрыхай. Раісу Уладзіміраўну Гурневіч на стварэнне новых мадэляў натхняюць дзве яе ўнучкі: бабуля стараецца стварыць нешта адметнае для кожнай з іх. Прыгожыя вытанчаныя ўборы, у тым ліку ажурнай вязкі, атрымліваюцца ў Таццяны Аляксандраўны Шафарэвіч. Яна, нягледзячы на насычаны працоўны графік (з’яўляецца ўчастковым педыятрам), знаходзіць час на сваё захапленне. Наогул, усе жанчыны-майстрыхі — гэта выдатныя гаспадыні, матулі, бабулі. Адпачываючы ад будзённых клопатаў, яны стараюцца кожную вольную хвілінку выкарыстаць для стварэння новай мадэлі. Гэта тычыцца і Алены Віктараўны Жыбко, Наталлі Рыгораўны Лазука. А вось удзельніцы раённай арганізацыі “БелТІЗ” Леакадзія Валяр’янаўна Румянцава і Гэля Браніславаўна Красоцкая былі заяўлены як “дызайнеры”, бо ствараюць не толькі адзенне. Напрыклад, Леакадзія Румянцава разам з дачкой майструюць адмысловыя калье і завушніцы, займаюцца валяннем з шэрсці.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе майстрыхі атрымалі дыпломы ўдзельнікаў праекта “Куцюрнае майстэрства” і падарункі ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа. Пачастункі і прызы былі ўручаны юным мадэлям з дзіцячага садка. Раённы савет ветэранаў вырашыў адзначыць майстрых сімвалічнымі медалямі “Супербабуля”.

Напрыканцы моднага паказу арганізатары праекта выказалі меркаванне, што пасля падобных мерапрыемстваў у грамадзян пажылога ўзросту дужэе вера ў рэалізацыю свайго творчага патэнцыялу. Варта спадзявацца, што неўзабаве з’явіцца і магчымасць прадаваць свае вырабы ручной работы. Таму праект не згортваецца: “Куцюрнае майстэрства” чакае новых ідэй.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации