Уваход Гасподні ў Іерусалім, ці Пальмавую нядзелю вернікі-каталікі сустрэлі з малітваю і Крыжовым шляхам па вуліцах райцэнтра.



Крыжовая Дарога сімвалічна ўзгадвае дарогу Езуса Хрыста на смерць. Ён пачынаўся ад касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, прыхаджане якога разам прайшлі чатырнаццаць “стацый”, якія нагадалі асноўныя моманты пакуты Хрыста.





Мужчыны, жанчыны і дзеці, прадстаўнікі розных прафесій і працоўных калектываў па чарзе неслі драўляны крыж. У ім – збаўленне людзей, цярпенне, уменне зносіць пакуты і любіць Пана Бога.

























– Сучаснаму чалавеку цяжка ўявiць, як гэта – несцi свой крыж на гару, дзе ён памрэ, праз натоўп народу, якi асуджае, здзекуецца. Сёння і мы нясём крыж нашых грахоў, праблем, сумненняў. Але гэта нашы грахi. А Хрыстос узяў чужы крыж і панёс яго дзеля збаўлення чалавецтва, – звярнуўся да ўдзельнікаў працэсіі ксёндз-пробашч касцёла Андрэй Лішко. – Сярод гэтага натоўпу мы шукаем сябе: што я прачытаю ў любячых і змучаных вачах Збаўцы? Што я яму адкажу? Ці гатовы я падставіць свае плечы, каб гэтаксама пакорна несці свой крыж?







Вернікі, стоячы на каленях, прасілі ў Пана Езуса, каб ён выратаваў людзей ад цяжкіх грахоў, пазбавіў ад прыхільнасцяў і слабасцяў. На сімвалічных прыпынках яны ўзгадалі цяжкія пакуты Сына Божага, пакланіліся яму і падзякавалі за смяротны прысуд, які Пан Езус узяў на сябе за грахі людзей.







Крыжовы шлях, які ўжо стаў прыгожай традыцыяй Дзятлава, кожны год збірае мноства ўдзельнікаў, садзейнічае таму, каб людзі маглі ўвайсці ў перажыванне святых таямніц мукі, смерці і ўваскрасення Пана Езуса, падрыхтаваліся да надыходзячых святаў.








Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае