З 1 па 7 лістапада ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 76 паведамленняў, 10 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 25 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 41 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 40 правапарушальнікаў, узбуджана 3 крымінальныя справы.
Дапамагла злодзею замест сына
Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на невядомага, які ў нявызначаным месцы, скарыстаўшыся інтэрнэтам, узламаў акаўнт у сацыяльнай сетцы сына жыхаркі аднаго з аграгарадкоў нашага раёна. Ад імя гаспадара акаўнта злодзей папрасіў жанчыну выслаць яму грошы. Маці паспяшалася дапамагчы сыну і перавяла на карт-рахунак зламысніка 350 рублёў.
Міліцыя нагадвае жыхарам раёна, што старонкі ў сацыяльных сетках нярэдка ўзламваюць, таму, атрымаўшы просьбу аб фінансавай падтрымцы, не спяшайцеся яе выконваць, а праверце дакладнасць інфармацыі званком на мабільны ці стацыянарны тэлефон адрасата, або звяжыцеся з ім любым іншым спосабам.
Куды дзелася столькі металу?
Праваахоўнікі ўстанаўліваюць невядомых “паляўнічых на метал”, якія з чэрвеня па кастрычнік гэтага года “пагаспадарылі” ў незамкнёнай нефункцыянуючай сталовай па вуліцы Чапаева ў гарадскім пасёлку Наваельня. З будынка былі скрадзены 81 секцыя чыгунных батарэй, 10 метраў трубы, 6 металічных ваннаў, 2 варачныя катлы і металічныя вагі агульным коштам 700 рублёў.
Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці крадзяжу, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.
Хто “пачысціў” карт-рахунак?
Яшчэ адна наша зямлячка стала ахвярай інтэрнэт-махлярства. Невядомы злодзей, скарыстаўшыся сеткай інтэрнэт і даверлівасцю жанчыны, “пачысціў” яе банкаўскі карт-рахунак на 676 рублёў. Па дапамогу пацярпелая звярнулася ў міліцыю. Узбуджана крымінальная справа.
На першы раз папярэдзілі
На адной з малочнатаварных фермаў сельскагаспадарчага прадпрыемства раёна ў час рэйду міліцыі нецвярозай на працоўным месцы была затрымана жанчына-вартаўнік. Работніцы вынесена афіцыйнае папярэджанне.
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga